Навіны

Невясёлы фельетон з жыцця. Як імкліва даражэюць паслугі цырульні і як рэагуюць на іронію цырульніцы

Мужчынскія стрыжкі за апошнія 30 гадоў падаражэлі ў Магілёве, параўноўваючы з прадуктамі харчавання і гарэлкай у 5-30 разоў, а жаночыя ў 8-50 разоў.

Пад пытаннем «чаму няма зніжак для лысых», разважае адзін з наведнікаў цырульні.

Ён піша, што на Магілёўшчыне з пачаткам вайны ва Ўкраіне падаражэлі паслугі цырульнікаў. Паводле яго ў Магілёве цяпер простая стрыжка роўная кошту двум бутэлькам гарэлкі ці пяці дзясяткам яек.

У савецкі час звычайныя стрыжкі абыходзіліся ў 30 і 50 капеек. Бутэльку гарэлкі тады прадавалі за 4 рублі 12 капеек.

Мой адносна немалады ўзрост і юнацкая звычка стрыгчыся па крайняй неабходнасці, прывяла да таго, што я апошні раз пастрыгаў свае ўжо негустыя валасы яшчэ «да вайны». Але космы на патыліцы і чароўны выспятак ад жонкі прымусілі мяне наведаць цырульню.

Установа сустрэла пустэчай і маладой цырульніцай, якая з радасцю прапанавала свае прафесійныя паслугі. Кошт самай простай стрыжкі пад насадку мяне збянтэжыў – 13 рублёў, а з пенсіянераў у спецыяльны дзень – 8 рублёў.

«А мо так і трэба», – падумаў быў я і не паспеўшы асэнсаваць значнасць сумы сеў у крэсла.

Ужо седзячы пачаў падлічваць і разважаць. У савецкі час былі звычайныя стрыжкі за 30 і 50 капеек. А мадэльная стрыжка ў салоне каштавала рубель. Бутэлька гарэлкі тады прадавалася за 4 рублі 12 капеек.

Выходзіць, што за бутэльку мужчына мог 4 разы пастрыгчыся ў салоне прыгажосці і 10 разоў у звычайнай цырульні! Гэта не дзіўна, бо ў СССР усе паслугі абыходзіліся нядорага, бо за працу людзям савецкая ўлада плаціла няшмат.

З надыходам рынкавых адносін паслугі падаражэлі, і кошт гарэлкі і мадэльнай стрыжкі зраўняўся: 1 бутэлька = 1 стрыжка. Такія суадносіны і захоўваліся шмат гадоў. Сёлета, аднак, нешта змянілася. Цяпер я змог пастрыгчыся рэальна за 2 бутэлькі.

«Лысая ж галава менш па плошчы. Яе лягчэй стрыгчы…»

«Паслухайце, – вырашыў пагутарыць з цырульніцай, – дзясятак яек у СССР каштаваў каля рубля. За мадэльную стрыжку таксама плацілі рубель. Стрыжка была роўнай дзясятку яек. Чаму ж цяпер стрыжка падаражэла і за яе кошт я мог бы набыць 5 дзясяткаў?»

«Не ведаю», – адказала цырульніца.

«Можа вам цяпер добры заробак плацяць, таму так дорага? Ну, тысячу ж вы зарабляеце?», – працягнуў я.

«Ды, што вы? Менш!» – адрэагавала маладзіца, але не стала выдаваць службовую таямніцу пра заробак.

«Чаму ж кошт стрыжкі так вырас?» – не сунімаўся я.

«Я не ведаю. Гаспадыня арыентуецца на кошты ў іншых цырульнях», – адзначыла суразмоўніца.

«А ці ёсць у вас зніжкі для лысых?» – вырашыў пажартаваць я, каб неяк пераключыцца.

«Не! Гаспадыня не прадугледзела», – сур’ёзна заўважыла цырульніца.

«Так, у нас не Адэса», – канстатаваў сам сабе.

«Што вы кажаце?», – незразумела майстрыца.

«Лысая ж галава менш па плошчы. Яе лягчэй стрыгчы. Значыць трэба і менш браць з кліентаў», – удакладніў я.

«Не знаю…», – сумелася суразмоўніца.

«Вы ж рэкламай «Для лысых – зніжкі!» прыцягнулі б кліентаў», – не сунімаўся іранізаваць я.

«Мы не падумалі…», – падсумавала яна.

У савецкі час жанчыны маглі пастрыгчыся за 1 рубель, а цяпер ім трэба выкласці 8 рублёў.

Пасля аплаты 13 рублёў я адчуў сябе падманутым і, каб супакоіцца, пайшоў у салон прыгажосці. Там мяне радасна сустрэлі дзве работніцы на прыёме з яшчэ больш бліскучымі нацягнутымі на твары доўгімі практыкаваннямі ўсмешкамі.

Ацаніўшы мой знешні выгляд адразу замест доўгіх размоў назвалі верхнюю столь стрыжкі – 27 рублёў. Мне палягчала, бо я ж пастрыгчыся за 13.

Пазней аказалася, што пад насадку ў салоне можна пастрыгчыся і за 21 рубель. Сярэднім заробкам цырульніцы ў 1000 рублёў у салоне прыгажосці пахваліліся, а жарт пра зніжкі для лысых чамусьці не ацанілі і тутака.

Знайсці больш менш прыемныя кошты мне ўсё ж удалося. У цырульні, якая займала тое ж памяшканне яшчэ ў савецкі час, прапанавалі стрыжку «пад нуль» за 5 руб, пад насадку – за 8, а пад нажніцы – за 11-12.

Пазней жонка падказала яшчэ і цырульню на Ленінскай каля гандлёвага цэнтру «Алісы», дзе можна пастрыгчыся за 8 рублёў у дзень пенсіянера.

Яшчэ даражэй абыходзіцца стрыжка жанчынам. У савецкі час яны маглі пастрыгчыся за 1 рубель, а цяпер ім трэба заплаціць ад 8 рублёў. Для пенсіянерак у асобных цырульнях да 50 рублёў і нават яшчэ больш у салонах.

Падсумоўваючы атрымоўваецца, што мужчынскія стрыжкі рэтраспектыўна падаражэлі за апошнія 30 гадоў у Магілёве, параўноўваючы з прадуктамі харчавання і гарэлкай у 5-30 разоў, а жаночыя ў 8-50 разоў.

А за лысых крыўдна. З іх рэальна бяруць зашмат. У іх жа валасоў значна менш.

 

Апошнія навіны

Бабруйскі пенсіянер патануў у гаражнай яме

Яма для агляду аўтамабіля ў гаражы бабруйскага пенсінера па 4-тым Чарапічным завулку ў Бабруйску мае…

15 мая, 2024

Прэпарат для зніжэння вагі стаў прарывам у медыцыне – ён зніжае рызыку інсультаў на 20%

Семаглутыд – прэпарат для зніжэння вагі і барацьбы з дыябетам – дэманструе выдатныя вынікі па…

14 мая, 2024

18 000 куранятак скраў з Шклоўскай птушкафабрыкі супрацоўнік прадпрыемства

39-гадовы інжынер птушкафабрыкі ў Шклове на працягу некалькіх месяцаў выкрадаў з інкубатарнай сутачных куранятак-бройлераў і…

14 мая, 2024

Частку Бабруйскай крэпасці прадаюць за адну базавую

Двухпавярховы склад з часткай абарончага вала Бабруйскай крэпасці выстаўлены на аўкцыён. Пасля продажу двух складоў…

14 мая, 2024

Дзевяцігадовы хлопчык атрымаў апёкі 10% цела – ўспыхнула бутэлька з бензінам

Падчас спальвання смецця жыхаром вёскі Лубнішча Магілёўскага раёна пацярпеў яго сын 2015 года нараджэння. Як…

14 мая, 2024

Магілёвец атрымаў два гады калоніі за слова “лукож.пый”

Магілёўскі прадпрымальнік Павел Макаранка атрымаў два гады зняволення па артыкуле за абразу Лукашэнкі – паведамляе…

13 мая, 2024