Міжнародны дзень талерантнасці.
Абвешчаны ў “Дэкларацыі прынцыпаў цярпімасці” ЮНЕСКА на 28-й Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА (1995).
Пад цярпімасцю (талерантнасцю) у Дэкларацыі разумеецца “павага, прыняцце і правільнае разуменне багатай разнастайнасці культур нашага свету, нашых форм самавыяўлення і спосабаў праяў чалавечай індывідуальнасці”.
Дэкларацыя абвяшчае “прызнанне таго, што людзі па сваёй прыродзе адрозніваюцца па вонкавым выглядзе, становішчы, гаворцы, паводзінам і каштоўнасцям і валодаюць правам жыць у свеце і захоўваць сваю індывідуальнасць”.
Дэкларацыя разглядае пагрозы чалавецтву, якія нясе нецярпімасць, прапануе метады і праграмы барацьбы з нецярпімасцю.
Часта беларусы блытаюць талерантнасць з саступкай, угодніцтвам, паблажкай, адмовай ад сваіх перакананняў або прыняццем іншага светапогляду.
Генеральны сакратар ААН Кофі Анан сцвярджаў: „Талерантнасць не варта блытаць ні з пасіўнасцю, ні з пагадненнем ці абыякавасцю. Гэта актыўнае, станоўчае і адказнае стаўленне да чалавечай разнастайнасці.“
1384 год. Ядвіга Анжуйская каранавана на каралеву Польшчы.
Каталіцкая святая.
Абрана пасля смерці бацькі – караля венгерскага і польскага Людовіка Венгерскага. Каралева ў 1384-1399 гадах.
У 1385 заключыла Крэўскую унію, у 1386 годзе выйшла замуж за Ягайлу. Атрымала ад яго ў падарунак Магілёў.
У 1397 годзе фундавала ў Пражскім універсітэце асобны калегіум для судэнтаў з ВКЛ («speciale collegium pro Lythwanorum nacione»). У тэстаменце запісала ўласныя сродкі на аднаўленне Кракаўскай акадэміі.
Памерла ў 1399 годзе падчас родаў, не пакінуўшы Ягайлу нашчадкаў.
Доўгі час неафіцыйна ўшаноўвалася ў Польшчы як святая. Афіцыйна беатыфікавана Каталіцкім Касцёлам ў 1986 годзе, кананізавана ў 1997 года. Дзень памяці –17 ліпеня.
1673 год. Нарадзіўся Аляксандр Меншыкаў.
Расійскі дзяржаўны і ваенны дзеяч, генералісімус. Сын дробнага літоўскага шляхцiча.
Паплечнік Пятра І, пасля яго смерці ў 1725-1728 – фактычны кіраўнік Расіі. Князь і адзіны рускі герцаг, князь Рымскай імперыі.
Першы генерал-губернатар Пецярбурга (1703-1727), кіраваў будаўніцтвам горада, Кранштата.
У 1705 годзе разам з Пятром І удзельнічаў у забойстве святароў у полацкім Сафійскім саборы. Пасля знішчэння ў агні Магілёва, удзельнічаў у бітве пад Лясной (1708). Удзельнік рабавання і руйнавання многіх беларускіх гарадоў і мястэчак.
1898 год. Нарадзіўся Вінцэнт Гадлеўскі.
Беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, публіцыст.
Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1916 годзе. Служыў вікарыем пры кафедральным касцёле ў Мінску. Браў удзел у дзейнасці беларускіх культурна-адраджэнскіх, рэлігійных і палітычных арганізацый.
Член Беларускага нацыянальнага камітэта, удзельнік Усебеларускага з’езда. Член Рады БНР.
У 1920-я гады шырока займаўся нацыянальна-рэлігійнай і культурна-асветнай дзейнасцю на Віленшчыне, за якую арыштоўваўся польскімі ўладамі, быў асуджаны на 2 гады турмы.
Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні (1928).
Пераклаў на беларускую мову Новы запавет. Заснаваў газету «Беларускі фронт».
Падчас нямецкай акупацыі быў галоўным школьным інспектарам, кіраваў працай па падрыхтоўцы праграм навучання для беларускіх пачатковых школ, адначасова быў сябрам Цэнтралі Беларускай народнай самапомачы. Правіў службу ў Чырвоным касцёле ў Мінску.
За крытыку нямецкай палітыкі ў дачыненні беларускага народа быў арыштаваны нямецкай паліцыяй у Мінску 24 снежня 1942 года. У снежні 1942 года загінуў у канцлагеры Трасцянец.
1905 год. Нарадзіўся Ян Скрыган. Беларускі пісьменнік, паэт, публіцыст і крытык. Заслужаны работнік культуры.
Член літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Літаратурна-мастацкая камуна».
У 1929 годзе займаўся калектывізацыяй на Магілёўшчыне.
У 1936 годзе арыштаваны НКУС і асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі з высылкай у Сібір. У чэрвені 1949 года зноў арыштаваны і высланы ў Сібір.
Пасля рэабілітацыі ў 1954 годзе вярнуўся ў Мінск.
Адзін з першапраходцаў беларускага нарыса як новага літаратурнага жанру.
Аўтар вершаў, зборнікаў нарысаў, кніг апавяданняў, аповесцей, успамінаў, партрэтаў, нататак і артыкулаў па праблемах літаратурнага майстэрства і культуры мовы.
Пераклаў на беларускую мову рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, эстонскіх пісьменнікаў.
Памёр 18 верасня 1992 года ў Мінску.
1923 год. Нарадзіўся Мікалай Крукоўскі.
Беларускі эстэтык, філосаф, культуролаг. Доктар філасофскіх, кандыдат філалагічных навук, прафесар.
Партызан брыгады К. Заслонава.
Працаваў у БДУ і ўніверсітэце культуры, Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Францыска Скарыны.
Аўтар артыкулаў, манаграфій па праблемах філасофіі, тэарэтычнай эстэтыкі, культуралогіі, станаўлення нацыянальнай самасвядомасці, узаемаадносін культуры і суверэнітэту народа.
Лічыў, што культура ўяўляе сабой складаную і ў той жа час вельмі цэласную сістэму з выразнай іерархічнай будовай, у структуру якой уваходзяць матэрыяльная культура, мастацкая культура і культура духоўная.
У 2017 годзе выдадзены Збор твораў у 5 тамах.
Памёр 30 верасня 2013 года ў Мінску.
1945 год. Створана Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (UNESCO — United Nations Educational, Scientific and Cultural Organization).
Яе асноўнымі мэтамі з’яўляюцца садзейнічанне ўмацаванню міру і бяспекі за кошт пашырэння супрацоўніцтва дзяржаў і народаў у галіне адукацыі, навукі і культуры; забеспячэнне справядлівасці і захавання законнасці, усеагульнай павагі правоў і асноўных свабод чалавека, абвешчаных у Статуце ААН для ўсіх народаў, без адрознення расы, полу, мовы або рэлігіі.
Штаб-кватэра размяшчаецца ў Парыжы.
Зараз у арганізацыі 195 дзяржаў-членаў і 8 членаў-супрацоўнікаў. 182 дзяржавы-ўдзельніцы маюць пастаянныя прадстаўніцтвы пры арганізацыі, дзе таксама знаходзяцца 4 пастаянныя назіральнікі і 9 наглядальных місій міжурадавых арганізацый.
У склад арганізацыі ўваходзіць больш за 60 бюро і падраздзяленняў, размешчаных у розных частках свету.
1953 год. У Бабруйску нарадзіўся Аляксандр Пракапенка.
Беларускі футбаліст, паўабаронца. Майстар спорту міжнароднага класа.
Лепшыя гады футбольнай кар’еры прайшлі ў складзе «Дынама» (Мінск, 1972-1983).
Чэмпіён СССР (1982). Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў (1980).
Гуляў так жа за «Дняпро» (Магілёў), «Нефтчы» (Баку).
У чэмпіянатах СССР (вышэйшая ліга) правёў 168 матчаў, забіў 52 гола, у тым ліку за «Дынама» (Мінск)— 163 матча, 51 гол.
“Народны” футбаліст, герой шматлікіх футбольных анекдотаў.
Памёр раптоўна 29 сакавіка 1989 года. Пахаваны на могілках у в. Такары Бабруйскага раёна.
У 2015 годзе ў Бабруйску адкрыты стадыён імя А. Пракапенкі.
1957 год. Памёр Янка Чарапук.
Дзеяч БНР, беларускай эміграцыі ў ЗША.
Меў псеўданім Янка Змагар. Стваральнік пецярбургскай культурна-асветнай арганізацыі «Вольныя беларусы», сакратар пецярбургскага прадстаўніцтва Цэнтральнай украінскай рады, супрацоўнік Міністэрства замежных спраў УНР, член Беларускай рады на Украіне. Член Рады БНР.
3 1922 года актыўны дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША.
Падтрымліваў цесныя сувязі з В. Ластоўскім, К. Душэўскім, Т. Грыбам.
Адзін з арганізатараў Беларуска-Амерыканскай нацыянальнай рады.
1982 год. памёр Андрэй Макаёнак.
Беларускі драматург. Народны пісьменнік.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за п’есу «Лявоніха на арбіце», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1974) за п’есы «Трыбунал» і «Таблетку пад язык».
Працаваў на камсамольскай і партыйнай рабоце, у тым ліку загадчыкам парткабінета Магілёўскага чыгуначнага вузла (1945-1946), у часопісах «Вожык», «Нёман».
Аўтар гумарэсак, фельетонаў, нарысаў, шматлікіх п’ес, у якіх бескампрамісна крытыкуюцца заганныя метады кіраўніцтва савецкай гаспадаркай, паказуха, фармалізм, казённае адміністраванне. Яго творы ставіліся на сцэнах беларускіх тэатраў.
Аўтар кінааповесці «Твой хлеб», сцэнарыяў фільмаў «Шчасце трэба берагчы», «Кандрат Крапіва», «Рагаты бастыён», «Пасля кірмашу».
Пераклаў на беларускую мову п’есы Л. Зорына, Н. Думбадзэ і Р. Лордкіпанідзэ, К. Сіманава і іншых.
Выдадзены яго Выбраныя творы ў 2-х і 5 тамах.
Імя драматурга носіць вуліца ў Мінску, Гродзенская цэнтральная гарадская бібліятэка і Журавіцкая СШ Рагачоўскага раёна, у якой створаны музей драматурга.
2021 год. Ад наступстваў COVID-19 памёр Мікола Шабовіч.
Беларускі паэт, перакладчык, філолаг і педагог. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт.
Працаваў ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, нацыянальным тэхнічным універсітэце, у Мінскім абласным драматычным тэатры ў Маладзечне.
Даследаваў аказіянальную лексіку ў мастацкіх тэкстах.
Аўтар сямі зборнікаў вершаў, кніг гумару, перакладаў.
На яго вершы напісана больш як 180 песень, якія выконвалі І. Дарафеева, А. Гайдук, А. Цівуноў, Дз. Мінько, Т. Валахановіч і іншыя.
30 песень на вершы Шабовіча напісаў магілёўскі кампазітар Мікола Яцкоў.
Аўтар слоў гімна БДПУ імя Максіма Танка. Спрыяў развіццю маладых беларускіх паэтаў і празаікаў – удзельнікаў літаратурнай суполкі «Крокі».
Буйнейшы забудоўшчык у Магілёўскім рэгіёне, абласное упраўленне капітальнага будаўніцтва сістэматычна парушала заканадаўства аб дзяржаўных закупках…
Депутат Олег Дьяченко во время приема граждан в Осиповичах внезапно собрал вокруг себя много людей…
Адразу два чалавекі сталі ахвярамі пажараў у Клічаўскім раёне 21 кастрычніка. Раніцай каля 5 гадзін…
Члены пролукашенковской партии «Белая Русь» будут пачками повышать квалификацию в Могилеве. Кривая благосостояния народа растет,…
Кіраўніцтва Горацкага райвыканкама правяло ўрачысты прыём для шматдзетных маці блізнятак, двайнятак і трайнятак. Жанчыны былі…
Кватэра засталася ёй у спадчыну ад бацькі, які прапаў без вестак. У былой палітзняволенай, што…