Завяршаецца рэстаўрацыя Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля

Святочнае адкрыццё адрэстаўраванага палаца ў Жылічах адбудзецца ў наступным 2023 годзе.

За 13 гадоў аднаўленне помніка архітэктуры праходзіла з рознай ступенню актыўнасці. Імпульс працам надало ўключэнне аб’екта ў інвестыцыйную праграму Магілёўшчыны. Пра ход рэстаўрацыі палацава-паркавага ансамблю ў Жылічах, узведзенага ў пачатку ХІХ стагоддзя, Магілёў.media пісалі ў чэрвені. 

Зараз будаўнічыя арганізацыі завяршаюць працы па аднаўленні зімняга саду, які зруйнавалі нямецкія захопнікі ў 1944 годзе. Праведзена рэстаўрацыя ляпнога дэкору парадных залаў палаца, кафляных печаў, камінаў з мармуру, мастацкага паркету. Пафарбаваны фасады палаца, вядзецца добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

Рэстаўратары аздабляюць інтэр’еры заляў. Яны імкнуцца з максімальнай дакладнасцю, па захаваўшыхся фотаздымках, перадаць дух XIX стагоддзя. 

Нягледзячы на рэстаўрацыйныя работы, колькасць ахвочых аглядзець адну з цікавостак Магілёўшчыны не змяншаецца.

Палацава-паркавы ансамбль у Жылічах – гісторыка-культурныя каштоўнасць міжнароднага ўзроўню. Яго ўзяўся ўзводзіць адзін з найбагацейшых людзей Бабруйшчыны таго часу Ігнат Булгак, а працягнуў яго сын Эдгар. Комплекс неаднаразова перабудоўваўся, але захоўваючы адзіны класічны стыль.

За савецкім часам у ім месціўся дзіцячы дом, агранамічная школа. У вайну гітлераўцы разгарнулі тут шпіталь. З 1950-га года ў палацы працаваў сельскагаспадарчы тэхнікум (зараз аграрны каледж). 

У цэлым будынак, перажыўшы дзве вайны, застаўся ў добрым стане.