Гарады-пабрацімы: навіны

За час вайны Мікалаеў без абстрэлаў пражыў 19 дзён. У Латвіі бюджэт недалічваецца 48 мільёнаў еўра праз кантрабанду цыгарэт. 70 супрацоўнікаў расійскай амбасады пакінулі Балгарыю

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна

Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр Мікалаева заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай. Магілёў. media працягне сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Палова вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


Існуе пагроза паўторнага наступу расійскіх войск на Мікалаеў.

«Пагроза ёсць заўсёды, але мы гатовыя. Я вам так скажу – яны баяцца на нас нападаць», – заяўляе кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім. Ягонае меркаванне падае выданне «Главком».

Віталій Кім даводзіць, што ўзброеным сілам Украіны ўдалося адбіць праціўніка на адлегласць, з якой яго артылерыя ня можа дабіць да гораду. Таму выкарыстоўваюцца  ракеты.

За час поўнамасштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, Мікалаеў без абстрэлаў пражыў 19 дзён. З пачатку ўварвання з-за абстрэлаў загінулі 120 чалавек і больш за паўтысячы атрымалі раненні.

images.unian.net

Мэр Аляксандр Сянкевіч кажа, што ў апошнія дні горад атакуюць 10-12 ракетамі за суткі. Лінія фронту знаходзіцца за 20 – 30 кіламетраў ад Мікалаева.

З гораду з’ехала каля паловы насельніцтва – каля 230 – 250 тысяч жыхароў. Пасля кожнага масіраванага абстрэлу горад пакідае за тыдзень да 200 жыхароў, цытуе Сянкевіча выданне Корабелов.инфо.

2 ліпеня расійскія войскі абстралялі восем паселішчаў у Мікалаеўскай вобласці. Пацярпелі чатыры чалавекі.

static.espreso.tv

Паводле старшыні Мікалаеўскага аблсавету Ганны Замазеевай у абласных шпіталях перабываюць 259 пацярпелых ад атак расіян. Яшчэ 59 – атрымліваюць дапамогу амбулаторна.

У Мікалаеўскім заапарку ў двух пар лебедзяў-шыпуноў нарадзілася пяць птушанятаў.

niknews.mk.ua

Пра папаўненне яго супрацоўнікі наважыліся паведаміць цяпер, хоць птушанятам ужо два месяцы. Яны яшчэ маюць шэрае пухнатае апярэнне і ўвесь час трымаюцца матуляў, піша выданне «Мікалеўскія навіны».

Заапарк прыфрантавога гораду прымае наведнікаў і ў ваенны час. Ён папоўніўся гадаванцамі жыхароў гораду, якія вымушаныя былі пакінуць яго.


Даўгаўпілс, Латвія

Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгале, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.


У 2020 годзе колькасць кантрабандных цыгарэт на латвійскім рынку рэзка вырасла, а летась знізілася на 2,9%. У 2021 годзе нелегальныя цыгарэты склалі 16,2% ад агульнага рынку цыгарэт.

Паводле Delfi год таму прыкладна 76% кантрабандных цыгарэтаў аказаліся «белай кантрабандай» – гэта тавар, які легальна вырабляюць у іншых краінах, пераважна ў Беларусі, і затым нелегальна ўвозяць у Латвію.

Паводле прыкладных падлікаў з-за неаплачаных падаткаў за кантрабандныя цыгарэты гадавыя страты бюджэту Латвіі складаюць прыкладна 48 мільёнаў еўра.

Галоўная прычына патоку кантрабандных цыгарэт – значная розніца ў цэнах на цыгарэты. У Латвіі цана пачкі цыгарэт у сярэднім складае 3,67 еўра. У Беларусі ж – 0,54 еўра.

g1.delphi.lv

Кантрабандай беларускіх цыгарэтаў сталі прамышляць расіяне.

У Даўгаўпілсе супрацоўнікі Дзяржаўнай пагранічнай службы спынілі легкавік, якім кіраваў грамадзянін Расіі. У багажніку ляжала 10 000 цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі, піша выданне Delfi.

У адносінах да затрыманага распачаты крымінальны працэс за незаконны выраб, захоўванне, перамяшчэнне або рэалізацыю тытунёвых вырабаў у буйных памерах.

Даўгаўпілс вычарпаў усе свае магчымасці ў размяшчэнні бежанцаў з Украіны.

У горадзе размешчаны 532 ваенных бежанцы з Украіны і прымаць новых няма рэсурсаў, піша «Наша газета».

Па словах кіраўнікоў самакіравання, свабодных месцаў для рассялення ўкраінскіх бежанцаў у Даўгаўпілсе больш няма.

Прапанаваны Асацыяцыяй буйных гарадоў варыянт аб рассяленні ўкраінцаў у спартыўных залах думай Даўгаўпілса не разглядаецца, паколькі такія памяшканні не прыдатныя для пражывання вялікай колькасці людзей.

Кампенсацыю выдаткаў на ўтрыманне бежанцаў самакіраванне атрымлівае ад дзяржавы з затрымкай у паўтара-два месяцы. У выніку мясцовая ўлада вымушана аплачваць пражыванне і харчаванне бежанцаў, выкарыстоўваючы свае рэзервовыя фонды.

img.gorod.lv

4 чэрвеня ў Латвіі адзначаецца Дзень памяці ахвяр генацыду яўрэйскага народу. На дамах вывешаны дзяржаўныя флагі ў жалобным афармленні.

Так краіна ўспамінае масавыя пагромы 1941 года і смуткуе па яўрэях, якія загінулі ў Халакост, нагадвае газета «Наш горад».


Габрава, Балгарія

Найдаўнейшы пабрацім Магілёва. Дамова аб супрацоўніцтве была падпісана ў 1988 годзе. У 200-ым былі адноўленыя пабрацімскія сувязі. У Магілёве праспект названы Габраўскім. Адзін з рэстаранаў называецца Габрава. Габрава месціцца ў цэнтры краіны. Насельніцтва-55 тысяч чалавек. Ён лічыцца балгарскай сталіцай гумару. Ёсць у ім Дом гумару і сатыры. Ладзяцца фестывалі гумару.


70 супрацоўнікаў расійскай амбасады, якіх Балгарыя прызнала персонамі нон-грата, пакінулі краіну.

Іх вывезлі двума расійскімі самалётамі, паведамляе выданне «БНР новини».

Прадстаўнікоў расійскай дыпламатычнай місіі звінавацілі ў супрацоўніцтве са спецслужбамі сваёй краіны. Балгарскія ўлады заяўляюць, што працу ў амбасадзе яны выкарыстоўвалі для прыкрыцця шпіёнскай дзейнасці.

static.bnr.bg

З патрабаваннем пакінуць Балгарыю выступіў прэм’ер-міністр Кірыл Петкаў, які амаль адразу сышоў у адстаўку і цяпер зноў прэтэндуе на гэтую пасаду.

Амбасадар Расіі ў Балгарыі Элеанора Мітрафанава на высылку сваіх калегаў адрэагавала пагрозай аб закрыцці ўсёй дыпламатычнай місіі. Яна выставіла ўльтыматум, каб урад скасаваў сваё рашэнне. Калі ён таго не зрабіў, заявіла, што звярнулася ў Міністэрства замежных спраў Расіі з прапановаю закрыць амбасаду. На гэты момант невядома, якое рашэнне прыняў расійскі бок.

Расійскі ўрадовец Філіп Васкрасенскі, які таксама пакінуў Балгарыю, заявіў мясцовым журналістам, што ніхто з высланых дыпламатаў або расійскіх чыноўнікаў не працаваў супраць інтарэсаў Балгарыі.

Ён настойвае, што «ніхто не можа сапсаваць расійска-балгарскіх адносінаў». Па ягоных словах Балгарыю пакінулі 180 чалавек.

Габрава сутыкнулася з нашэсцем ліс. 

Асабліва дастаецца гарадскім мясцінам побач з лесам.

img4.goodfon.com

Зверы засяляюць нежылыя сядзібы і ствараюць у іх сабе жытло. Паводле эколагаў, лісы падабаюць гарадское асяроддзе, бо ў ім лягчэй знайсці спажыву. 

Яны без цяжкасцяў прыстасоўваюцца да жыцця ў ім і становяцца больш прыязнымі да людзей, піша інтэрнэт-рэсурс Gabrovonews.

Чытачы выдання прапануюць абвясціць лясных насельнікаў габраўцамі.


Клайпеда, Літва

8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.


У Літве 10% людзей, якія жывуць у галечы, працуюць на поўную стаўку.

Згодна са статыстыкай, колькасць бедных людзей у Літве зменшылася на 0,9%, а ўзровень абсалютнай беднасці складае 1,2%, піша выданне Delfi.

У 2021 г. каля 560 000 жыхароў краіны жылі за рысай беднасці. Зарплаты ў Літве растуць, пенсіі павышаюць, уклады ў жыхароў у банках вялізныя, а ўзровень беднасці застаецца высокім.

У краіне знізілася сацыяльная няроўнасць, адносная і абсалютная беднасць. Узровень беднасці цяпер складае 600 еўра. Ва ўмовах абсалютнай беднасці ў 2020 г. жылі 3, 9% чалавек. Зменшыць колькасьць людзей, якія жывуць ў беднасці перашкаджае інфляцыя, якая расце.


Каменскае, Украіна

Пабрацім Бабруйску ад 2000 году. Горад абласнога падпарадкавання ў Днепрапятроўскай вобласці. Насельніцтва 250 тысяч чалавек. Паселішчы Днепрапятроўшчыны расейцы абстрэльваюць, але разбурэнняў такіх, як у прыфрантавых гарадах няма. Мясцовыя прадпрыемствы працуюць. Да вайны культурны абмен між гарадамі пабрацімамі бабруйскія чыноўнікі лічылі актыўным.


Пракурор Каменскай акруговай пракуратуры скончыла жыццё самагубствам.

На гарадскім сайце 5692 адзначана, што жанчына скінулася з акна шматпавярхоўкі. Яе цела знайшлі мінакі, якія выклікалі паліцыю на месца трагедыі.

 

Апошнія навіны

Магілёўскае упраўленне капітальнага будаўніцтва злавілі на маніпуляцыях пры закупках

Буйнейшы забудоўшчык у Магілёўскім рэгіёне, абласное упраўленне капітальнага будаўніцтва сістэматычна парушала заканадаўства аб дзяржаўных закупках…

22 кастрычніка, 2024

Магия черная и белая – как депутат Дьяченко принимал граждан в Осиповичах

Депутат Олег Дьяченко во время приема граждан в Осиповичах внезапно собрал вокруг себя много людей…

22 кастрычніка, 2024

Два пенсіянеры за адзін дзень загінулі на пажарах у Клічаўскім раёне

Адразу два чалавекі сталі ахвярамі пажараў у Клічаўскім раёне 21 кастрычніка. Раніцай каля 5 гадзін…

22 кастрычніка, 2024

В Могилеве заработала партийная школа, где готовят фальсификаторов выборов

Члены пролукашенковской партии «Белая Русь» будут пачками повышать квалификацию в Могилеве. Кривая благосостояния народа растет,…

21 кастрычніка, 2024

У “цёплай і душэўнай абстаноўцы”, але з пустымі кубкамі віншавалі ў Горках з Днём маці

Кіраўніцтва Горацкага райвыканкама правяло ўрачысты прыём для шматдзетных маці блізнятак, двайнятак і трайнятак. Жанчыны былі…

15 кастрычніка, 2024

У Магілёве апячаталі кватэру былой палітзняволенай Анастасіі Булыбенка

Кватэра засталася ёй у спадчыну ад бацькі, які прапаў без вестак. У былой палітзняволенай, што…

14 кастрычніка, 2024