У глыбінцы абнаўляюць базы «дармаедаў». Як праходзяць пасяджэнні камісіяў паказваюць фотаздымкі

На такіх камісіях людзі вымушаныя тлумачыць з чаго жывуць, каб не плаціць 100 працэнтаў камуналкі. Іх чыноўнікі настойліва заклікаюць афіцыйна працаўладкавацца.

У Мсціславе камісія па каардынацыі працы ў садзейнічанні занятасці насельніцтва пачала аналізаваць базу дадзеных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, за трэці квартал 2022 года.

«Набліжаецца ацяпляльны перыяд. Жыхары раёну, не занятыя ў эканоміцы, будуць абавязаны аплачваць паслугі з кампенсацыяй затрат на гарачае водазабеспячэнне, цеплазабеспячэнне, газазабеспячэнне ў поўным аб’ёме. У сярэднім плата за гарачую ваду, ацяпленне, газ, вырасце прыкладна ў пяць разоў, – тлумачыць мясцоваму інтэрнэт-рэсурс Mstlife старшыня Мсціслаўскага райсавету і кіраўніца камісіі Алена Клеянкова.

Як вынікае з публікацыі раёнкі, камісія займаецца спраўджаннем спісаў, каб пазбегнуць памылак у неабгрунтаваным уключэнні жыхароў раёну ў базу дадзеных незанятага ў эканоміцы насельніцтва. Адзначаецца, што беспрацоўным прапанаваныя варыянты працы і яны накіраваны да наймальнікаў.

У Мсціслаўскім раёне няма буйных прадпрыемстваў. Мясцовая эканоміка трымаецца на працы сельгаспрадпрыемстваў, камунальных арганізацыяў ды прыватным бізнесе. Людзі радуюцца заробку ў 700 рублёў на рукі. Многія выязджаюць зарабляць у суседнюю Расію.

Дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» нормы якога вызначалі, хто працаўладкаваны, а хто не, быў прыняты ў 2015 годзе. Лукашэнка запатрабаваў ад ураду «неадкладна паставіць на ўлік дармаедаў і прымусіць іх працаваць». У 2017 годзе «дэкрэт аб дармаедах» выклікаў масавыя пратэсты. Закон падправілі і змянілі назву: «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». Цяпер замест штрафаў прапануецца працаўладкаванне, а калі гэта не спрацоўвае, то «беспрацоўнага» страшаць 100 працэнтнай аплатай камунальных паслугаў.