Навіны

Туркменскія студэнты ў Беларусі аказаліся масава ўцягнутымі ў кантрабанду людзей – СМІ

Туркменскае выданне turkmen.news сцвярджае, што студэнты з Туркменістана ўцягнутыя ў пераправу выхадцаў з Сярэдняй Азіі ў краіны Еўрасаюзу і мігранцкі крызіс на мяжы. Адзін з затрыманых і дэпартаваных туркменаў вучыўся ў сельгасакадэміі ў Горках.

Дзесяткі маладых хлопцаў і дзяўчат з Туркменістана за грошы незаконна пераводзяць у Польшчу жыхароў краін Блізкага Усходу – піша выданне. Студэнтаў ловяць беларускія памежнікі, іх штрафуюць і дэпартуюць на радзіму, а некаторыя атрымліваюць турэмныя тэрміны. Сітуацыя аказалася настолькі сур’ёзнай, што намеснік міністра адукацыі Беларусі разаслаў у ВНУ ліст з патрабаваннем сачыць за навучэнцамі з Туркменістана. Копія ліста патрапіла ў распараджэнне turkmen.news.

Фота: turkmen.news

Дакумент, падпісаны намеснікам міністра Аляксандрам Бахановічам, паступіў у беларускія ВНУ ў верасні. У ім гаворыцца аб шматлікіх выпадках затрымання студэнтаў і выпускнікоў з Туркменістана ў межах памежнай паласы, у тым ліку ў той час, калі ў ВНУ праходзяць заняткі. Бахановіч патрабуе, каб кіраўніцтва ВНУ не дапускала пропускі заняткаў і ўзмацніла прафілактычную працу з замежнымі студэнтамі.

Паводле інфармацыі крыніцы turkmen.news у кіраўніцтве адной з ВНУ Беларусі, туркменскія студэнты ўцягнуты ў дзейнасць міжнароднай мафіі. Праз Беларусь у Польшчу, а потым у заходнюю Еўропу незаконна трапляюць грамадзяне Ірака, Лівіі, Йемена, Егіпта, Сірыі, Афганістана і іншых краін. Іх праваднікамі праз мяжу і з’яўляюцца туркменскія студэнты.

Яны на машыне давозяць групы замежнікаў да мяжы з Польшчай. Гэтая краіна Еўразвяза ў апошні час моцна ўмацавала сваю мяжу, пабудаваўшы сцяну, аднак кантрабандысты робяць пад ёй падкопы. Туркмены пераводзяць нелегальных мігрантаў на польскі бок і саджаюць іх у машыну саўдзельнікаў. Потым яны фатаграфуюць сваіх падапечных у доказ выкананай працы, вяртаюцца ў Мінск ці Брэст і атрымліваюць 3-4 тысячы долараў. Грошы за працу ім выплачвае нейкі грамадзянін, этнічны курд – сцвярджае выданне.

«Туркменскія студэнты аказваюцца ўцягнутымі ў гэта не ад безвыходнасці – падкрэслівае крыніца turkmen.news – Працы ў Беларусі шмат, яны могуць уладкавацца ў кафэ або таксістамі. Але іх прываблівае менавіта магчымасць зарабіць хутка і адразу шмат. Некаторыя студэнты гуляюць у азартныя гульні і маюць буйныя даўгі».

У звароце Бахановіча прыводзяцца прыклады затрыманняў і крымінальных спраў. У сакавіку 2023 года пры незаконным пераводзе праз мяжу васьмярых грамадзян Індыі быў затрыманы грамадзянін Туркменістана, студэнт чацвёртага курса Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута (МГЭІ) Наўруз Рэджэпаў. У ліпені яго прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі. У маі пры арганізацыі нелегальнай міграцыі дзесяцёх егіпцян былі злоўлены яшчэ двое студэнтаў той жа ВНУ – Керым Аламаў і Сапагельды Аладжанаў. У жніўні ім далі па 4,5 гады пазбаўлення волі.

Таксама ў звароце намесніка міністра адукацыі пералічваюцца грамадзяне Туркменістана, якіх пасля затрымання на мяжы аштрафавалі і дэпартавалі ў адміністрацыйным парадку. Сярод іх – студэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках Палван Анамаў. Адзначым, што ў спісе затрыманых і дэпартаваных студэнтаў адсутнічаюць студэнты ці выпускнікі Беларуска-Расійскага універсітэта, дзе навучаюцца вялікія групы туркмен.

Turkmen.news  падкрэслівае, што большасць туркменскіх студэнтаў усё ж працуюць у Беларусі і іншых краінах больш-менш легальна. Яны не могуць не працаваць, бо ўлады Туркменістана рэзка абмяжоўваюць аб’ём грошай, якія бацькі маюць права канвертаваць для адпраўкі дзецям за мяжу. Часта маладыя людзі і дзяўчаты вымушаны згаджацца на брудную і цяжкую працу.

Фота: gstu.by

Апошнія навіны

Альтэрнатыўная ноч музеяў – завітайце ў магілёўскія дворыкі (шмат фота)

18 траўня адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. Прымеркавана да гэтай даты, музеі ўсяго свету праводзяць адну…

18 мая, 2024

У Магілёве гарэў інтэрнат “Зеніта”, спрацаваў апавяшчальнік

17 траўня ў Магілёве адбыўся пажар у адным з пакояў інтэрната на вуліцы Кедравай. Там…

18 мая, 2024

Пад Бабруйскам зноў будуць шукаць метэарыт – самы яркі за гісторыю назіранняў

Першая экспедыцыя супрацоўнікаў Мінскага планетарыя завяршылася няўдала. Навукоўцы прайшлі 45 кіламетраў, пошукі працягваліся пяць дзён,…

18 мая, 2024

Смяротны сінтэз – жыхарка Магілёва памерла ад атручэння незамярзайкай

Канцэнтрацыя этыленгліколю ў арганізме аказалася ў два разы вышэйшай за смяротную дозу.  Пра гібель 50-гадовай…

17 мая, 2024

На Магілёўшчыне шукаюць родных Паўла Усава

Касцюковіцкая раённая газета абвясціла пошук родных старшага лейтэнанта Паўла Андрэевіча Усава, што нарадзіўся ў вёсцы…

17 мая, 2024

У Магілёве пабудуюць падземны пераход на Пушкінскай. Схема руху транспарту будзе мудрагелістая

На ўсё лета і пачатак восені закрываецца Пушкінскі праспект у Магілёве – насупраць гандлёвага цэнтра…

17 мая, 2024