Пік сонечнай актыўнасці прыйдзецца на канец года

Здароўе некаторых людзей можа пагоршыцца ў канцы 2023 – пачатку 2024 года, што будзе звязана з успышкамі на Сонцы і магнітнымі бурамі – такі прагноз зрабіў галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута касмічных даследаванняў Расійскай акадэміі навук Сяргей Багачоў, паведамляе радыё Sputnik. 

Актыўнасць Сонца павялічваецца і змяншаецца ў вызначаным рытме, адзін поўны цыкл займае 11 гадоў, гэтыя змены адбываюцца рэгулярна і іх лёгка прагназаваць. Максімальных значэнняў сонечная актыўнасць дасягне ў канцы 2023 – пачатку 2024 года, будзе шмат выбліскаў і магнітных бур.

– Гэта характэрная асаблівасць Сонца, як пульс у чалавека. Калі пульс знікае ці дае збой, гэта больш небяспечна, чым калі ён працуе стабільна. Баяцца трэба не максімумаў, а нейкіх збояў… Большасць навукоўцаў прагназуюць, што максімум у 2023–2024 гадах будзе даволі слабым, ніжэйшым за сярэдняе гістарычнае значэнне. – кажа С. Багачоў.

Больш пільна да свайго здароўя варта паставіцца ў перыяд піка сонечнай актыўнасці людзям з адчувальнай скурай і тым, хто рэагуе на магнітныя буры. У іх магчыма некаторае пагаршэнне самаадчування.

Цыклічнае павышэнне актыўнасці Сонца – гэта норма, а не анамалія, супакойвае вучоны.

На пачатку 2023 года ў некалькіх рэгіёнах на Поўначы Еўропы была бачная чарада паўночных ззянняў. Гэта адбылося з-за магутных выбліскаў на Сонцы. Пік сонечнай актыўнасці быў у ноч на 17 лютага, а магнітная бура, якая рушыла за ім, бушавала яшчэ некалькі дзён.

Фота  NASA