Дзень у гісторыі. 19 лістапада. Сусветны дзень прыбіральні. Заснаваны Тэўтонскі ордэн. Паводка ў Галандыі забрала 100 000 жыццяў. «Дынама» Мінск – чэмпіён

Сусветны дзень жаночага прадпрымальніцтва (World Women’s Entrepreneurship Day) адзначаюць у 144 краінах.

Гендарная роўнасць і пашырэнне правоў жанчыны прызнаны крытычна важнымі аспектамі ўстойлівага развіцця. 

Сёння сярэдні жаночы бізнес адстае па памеры і дынаміцы росту ў параўнанні з канкурэнтамі-мужчынамі. Жанчыны ў Беларусі атрымліваюць у сярэднім на 25 % менш, чым мужчыны. Імавернасць адмовы ў выдачы крэдыту на развіццё бізнесу для жанчын на 55 % вышэйшая, чым для мужчын.

У Беларусі ў асноўным жанчыны адказваюць за выкананне розных хатніх абавязкаў. Каля 40 % жанчын і толькі 9 % мужчын, якія вядуць бізнес, выконваюць амаль усю працу па доме. 37 % жанчын і толькі 0,74 % мужчын гавораць, што догляд дзяцей з’яўляецца іх абавязкам. Падобныя лічбы і ў адказах на пытанне «Хто застаецца дома, калі дзеці хварэюць?» – 32 % жанчын і толькі 1 % мужчын.

Міжнародны мужчынскі дзень (International Men’s Day, з 1999 года). 

Адзначаецца ў Аўстраліі, некаторых краінах Карыбскага басейна, Паўночнай Амерыкі, Азіі, Еўропы і ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Мэта дня – прыцягнення ўвагі да гендарнай дыскрымінацыі і да праблемы няроўнасці полаў. Арганізатарамі свята робіцца ўпор на захаванне здароўя хлопчыкаў і мужчын, і на падкрэсленне пазітыўнага ўплыву мужчын на сям’ю і выхаванне дзяцей. Гаворачы ад імя ЮНЕСКА, Інгеборг Брэйнес, дырэктар па сувязях з грамадскасцю Бюро ЮНЕСКА ў Жэневе адзначыла: «Гэта выдатная ідэя, якая дазволіць палепшыць гендарны баланс».

Сусветны дзень прыбіральні (з 2002 года). 

Абвешчаны ў 2001 годзе ў Сінгапуры, які славіцца бездакорнай чысцінёй прыхожых месцаў, на І Міжнароднай канферэнцыі па праблемах прыбіральняў.

Устаноўлены для стымулявання дзеянняў па пераадоленні глабальнага крызісу ў галіне санітарыі. Ва ўсім свеце больш за 4,2 мільярда чалавек жывуць без “бяспечнай кіраванай санітарыі”.

Цікавыя факты: 

Першая сядзячая прыбіральня прыналежыла шумерскай царыцы і была створана ў 2600 годзе да н.э.

Каля 5000 гадоў назад у індыйскім горадзе Махенджа-Дара існавала агульнагарадская сістэма каналізацыі, а 2-3-х павярховыя дамы ўтрымоўвалі памяшканні для адводу сцёкавых вод і каналізацыйныя збудаванні – з ваннамі і прыбіральнямі.

Родапачынальнікам грамадскіх прыбіральняў лічыцца Старажытны Рым.

“Грошы не пахнуць”. У часы праўлення рымскага імператара Веспасіана была ўведзена культура прыбіральняў і прынята рашэнне спаганяць плату ў бюджэт з гэтых устаноў.

Згодна з даследаваннямі, на працягу жыцця кожны чалавек праводзіць на ўнітазе ад некалькіх месяцаў да 3-х гадоў. У сярэднім чалавек ходзіць у прыбіральню 2500 разоў у год. Акрамя таго, жанчыны ходзяць у прыбіральню часцей за мужчын.

tunnel.ru

  1190 год. Заснаваны Ордэн тэўтонскіх рыцараў шпіталя Святой Марыі ў Палесціне. Тэўтонскі (Нямецкі, Прускі) ордэн.

У браты залічваліся толькі немцы. 

Ажыццяўляў у ХІІІ-ХV стагоддзях палітыку папскай экспансіі і феадальнай агрэсіі ў Прыбалтыцы.  

У Прыбалтыцы ўтварылася буйная феадальная ваенна-каланізацыйная дзяржава Тэўтонскага ордэна, якая перакрыла выхад да Балтыйскага мора Польшчы, Літве, Масковіі. Апорнымі пунктамі крыжакоў у захопленых землях сталі ўмацаваныя замкі. 

Пагроза з боку ордэна зблізіла Польшчу і Вялікае княства Літоўскае і ў Грунвальдскай бітве 1410 года крыжакі пацярпелі вырашальнае паражэнне. 

У 1466 годзе Тэўтонскі ордэн прызнаў сябе васалам Польшчы і вярнуў ёй Усходняе Памор’е. 

У 1525 годзе вялікі магістр А. Брандэнбургскі правёў секулярызацыю ўладанняў Тэўтонскага ордэна ў Прыбалтыцы, і яны ператварыліся ў герцагства Прусію. 

У 1809 годзе Напалеон скасаваў ордэн. Адноўлены ў 1834 годзе ў Аўстрыі ў якасці каталіцкага шляхецкага саюза. 

Пасля 1918 года і да гэтага часу існуе толькі святарская галіна ордэна, ператвораная Піем XI у духоўны ордэн з рэзідэнцыяй у Вене. Таксама Тэўтонскі ордэн працягвае існаваць у рамках пратэстантызму ў Утрэхце.

tunnel.ru

1421 год. Галандыю напаткала найбуйнейшая за пяць стагоддзяў катастрафічная паводка. 100 тысяч чалавек патанулі. 

Паводка была выклікана штармавым “прылівам Святой Лізаветы” (у дзень памяці Лізаветы Цюрынгскай). На паўднёвы захад ад Дордрэхта гнаныя лютым заходнім ветрам воды Паўночнага мора сутыкнуліся з сустрэчнымі водамі рэк Мааса і Ваала, якія падняліся ад дажджоў. Уся сістэма дамбаў была разбурана, і ў адзін дзень у гэтым надзвычай густанаселеным рэгіёне пад вадой апынуліся 72 пасяленні.

Нямногіх пакінутых у жывых, у тым ліку, па легендзе, аднаго немаўля ў зыбцы, вынесла на невялікі кавалак сушы, які назвалі Кіндэрдам (“Дзіцячая дамба”). Калі вада сышла, на месцы пасяленняў і палёў застаўся “архіпелаг” парослых трыснягом багністых астраўкоў, які названы Бейсбосх (“Трысняговы лес”).

На фота карціна Лоўрэнс Альма-Тадэма. Паводка ў Бісбасе ў 1421 годзе, 19 лістапада. Другая паводка Святой Лізаветы ў Нідэрландах. 

tunnel.ru

1557 год. Памерла Бона Сфорца. Каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта I Старога, маці Жыгімонта II Аўгуста.

Імкнулася ўзмацніць палітычную ўладу і эканамічную моц манархіі, абараняла дзяржаўныя землі ад незаконнага прысваення феадаламі.

Правяла эканамічную рэформу Валочная памера (1557) на прынцыпах інтэнсіўнага вядзення гаспадаркі, з выкарыстаннем меліярацыі, палепшанага севазварота, з унармаваным падаткаабкладаннем.

Паспрыяла пашырэнню найноўшых заходнееўрапейскіх кулінарных, культурных, тэхнічных дасягненняў, спажывецкіх прыхільнасцяў эпохі Рэнесансу ў Польшчы і ВКЛ. 

З яе дзейнасцю звязваюць з’яўленне або пашырэнне ў меню арыстакратыі экзатычнай усходняй садавіны – апельсінаў, лімонаў, гранатаў, фігаў, прыпраў – шафрану, фенхелю, імбіру, цынамону, цукру, а таксама аліўкаў,  разынак, мігдалаў, марцыпанаў, рысу і іншых. 

Найбольш яскравым новаўвядзеннем эпохі Боны лічыцца салата і іншая агародніна, а таксама ўвядзенне ў карыстанне відэльцаў.

Яе імем была названа цэнтральная плошча мястэчка Моталь (зараз – плошча Леніна).

На выяве: Бона Сфорца пэндзля Банавентуры Дамброўскага, 1840-я гады.

wikimedia.org

1640 год. Памёр Крыштаф Радзівіл. Грамадскі і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Гетман польны літоўскі, кашталян і ваявода віленскі, вялікі гетман літоўскі.

Прыхільнік кальвінізму,  здольны ваенаначальнік.

Удзельнічаў у войнах са Швецыяй, Расіяй (1609 – 1619), у шведаў адваяваў некалькі страчаных раней крэпасцяў. У 1622 годзе адбіў пераважаючае па колькасці шведскае войска, якім камандаваў шведскі кароль Густаў Адольф.

Вызначыўся ў вайне з Расіяй (1632—1634) за Смаленск. На чале аслабленай літоўскай арміі, здолеў трымаць некалькі месяцаў у аблозе Смаленск і дачакацца польскай дапамогі на чале з Уладзіславам IV. Прымаў удзел ва ўзяцці горада, затым узначаліў смелы рэйд у глыб расійскай тэрыторыі.

Абаронца інтарэсаў кальвіністаў у краіне.

1784 год. Нарадзіўся Міхал Баброўскі. 

Славіст і ўсходазнавец, філосаф, святар. Доктар багаслоўя. Член Археалагічнай акадэміі ў Рыме, прафесар Віленскага ўніверсітэта.

Валодаў беларускай мовай. Спрыяў узнікненню беларусазнаўства, першы беларускі скарыназнавец.

Даследчык старажытных славянскіх рукапісаў і старадрукаваных кірылічных выданняў.

Разам  з Ігнатам Даніловічам лічыцца адным з першых творцаў «беларускага нацыянальнага адраджэння» альбо «беларускай нацыянальнай ідэі».

Памёр 3 кастрычніка1848 года.

wikimedia.org

 1881 год. Нарадзіўся Уладзімір Марзон

Беларускі хірург, прафесар. Заслужаны ўрач.

Працаваў земскім урачом Бабруйскага павета, хірургам Глускай, Бабруйскай бальніц.

У Бабруйску дасюль бальніцу завуць «марзонаўкай».

Загадчык кафедры хірургіі і кансультант Магілёўскай абласной бальніцы, загадчык кафедры Віцебскага медінстытута, Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў.

Навуковыя працы прысвечаны ўдасканаленню аператыўных метадаў лячэння гінекалагічных і ўралагічных хвароб.

Памёр 6 верасня 1954 года.

1908 год. Нарадзіўся Мікола Засім. 

Беларускі паэт.

Удзельнік  рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны — партызан, інструктар Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта. 

Пасля вайны працаваў у Пружанскім райвыканкаме, у брэсцкай абласной газеце «Заря», у раённай газеце «Заря над Бугом», кіраваў абласным літаб’яднаннем.

Аўтар вершаў, пяці зборнікаў паэзіі, паэм.

Памёр  19 жніўня 1957 года.

1930 год. Нарадзіўся Рэм Салавухін. 

Беларускі савецкі фізік, прафесар БДУ. Член-карэспандэнт АН СССР і Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, акадэмік АН БССР. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Лаўрэат Ленінскай прэміі.

У 1976-1987 гадах працаваў дырэктарам Інстытута цепла- і масаабмену імя А. Лыкава Акадэміі навук БССР, адначасова прафесарам і загадчыкам кафедрай БДУ.

Даследаваў кінэтыку ўдарных хваляў. Атрымаў важныя вынікі ў распрацоўцы і вывучэнні газадынамічных лазерных сістэм, вывучаў працэсы пераходу гарэння ў дэтанацыю.

Прапанаваў метады вымярэння ціску, шчыльнасці, тэмпературы і іншых параметраў працэсаў ва ўдарных хвалях.

Памёр 6 студзеня 1988 года.

wikimedia.org

 1933 год. Нарадзіўся Лары Кінг. Амерыканскі тэлежурналіст, вядомы па ток-шоу «Larry King Live» (1985-2010).

Бацька Лары – Джэні і Эдзі Зэйгер,эмігранты з Беларусі: бацька з Мінска, маці з Пінска.

За сваю кар’еру правёў больш за 50 000 інтэрв’ю з палітыкамі, спартсменамі, артыстамі і іншымі знакамітымі людзьмі. Лаўрэат прэміі «Эмі», двухразовы лаўрэат прэміі «Пібадзі» і дзесяціразовы прызёр прэміі «Cable ACE».

У ліпені 2010 года Кінг абвясціў аб добраахвотным скорым закрыцці свайго шоу. Апошні выпуск выйшаў 16 снежня 2010 года. Госцем праграмы стаў Арнольд Шварцэнэгер.

1956 год. Нарадзіўся Сяргей Бандарэнка. Беларускі скульптар.

У 16-гадовым ўзросце яго скульптурныя работы былі прадстаўлены ў японскім Сапара на Сусветнай выстаўцы ЭКСПА (1972).

Ганаровы член Кітайскай акадэміі мастацтваў, яго працы ўключаны ў каталог 500 лепшых кітайскіх мастакоў.

Працуе ў станковай скульптуры. У сваёй творчасці звяртаецца да шматлікіх жанраў, але сапраўднай любоўю з’яўляюцца коні.

Найбольш значныя творы: стэла «Трыумф», Алея алімпійскай славы («Мінск-Арэна»), «Цыркавая танцоўшчыца на кані», «Клоўн з барабанам» (Беларускі дзяржаўны цырк), рэльеф «Песня пра зубра» (Нацыянальная бібліятэка), помнік Альгерду.

Працы мастака выстаўляліся ў многіх краінах Еўропы, Азіі, у ЗША. Яго скульптуры знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага, Магілёўскага мастацкіх музеяў, галерэях Масквы, Санкт-Пецярбурга, Гале, Гамбурга, Дортмунда, Мінеапаліса і прыватных зборах шэрага краін Еўропы, Азіі і Амерыкі.

15 жніўня 2020 года адмовіўся ад спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў знак пратэсту супраць жорсткага здушэння мірнага выступлення беларусаў пасля фальсіфікацыі выбараў 2020 года.

wikimedia.org

 1982 год. Каманда «Дынама» (Мінск) стала чэмпіёнам СССР па футболу. 

Адзін з самых тытулаваных клубаў Беларусі. 

Каманда створана ў 1927 годзе. 

Гуляла ў вышэйшай лізе чэмпіянату СССР. 

З 1992 года мінскае «Дынама» выступае ў Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. 

Самыя вядомыя гульцы: Сяргей Алейнікаў, Анатоль Байдачны, Валянцін Бялькевіч, Сяргей Гурэнка, Андрэй Зыгмантовіч, Георгій Кандрацьеў, Юрый Курненін, Эдуард Малафееў, Міхаіл Мустыгін, Аляксандр Пракапенка, Андрэй Разін.

2008 год. Памёр Алег Лойка. 

Беларускі паэт, пісьменнік і літаратуразнавец. Член-карэспандэнт акадэміі навук Беларусі. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Стылістычную адметнасць лекцый А. Лойкі адзначалі студэнты БДУ, Варшаўскага, Іенскага універсітэтаў.

Аўтар дапаможнікаў «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд», «Старабеларуская літаратура». Адзін са складальнікаў хрэстаматыі для ВНУ «Беларуская літаратура XIX стагоддзя».

Пад яго кіраўніцтвам абаронена 15 дысертацый.

Аўтар больш як 450 навуковых публікацый, у тым ліку шасці манаграфій, якія прысвечаны творчасці Якуба Коласа, А.Міцкевіча, М. Багдановіча, паэзіі пачатку XX стагоддзя:

Аўтар вершаў, зборнікаў паэзіі, аповесцей, раманаў, эсэ – усяго  100 кніг.

Аўтар сцэнарыя дакументальнага фільма «Максім Багдановіч» (1990).

Перакладчык на беларускую мову П. Верлена, І. Гётэ, Ф. Шылера, асобных твораў рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, польскіх і іншых паэтаў.

Дзень у гісторыі. 10 кастрычніка. Сталін перадаў Літве беларускую Вільню. Нараджэнне “рускай” водкі, гісторыкаў Міхаіла Без-Карніловіча, Кастуся Тарасава, Валеря Галубовіча і «паэта з рысамі рыцара» Леаніда Дранько-Майсюка

 Сусветны дзень псіхічнага здароўя (World Mental Health Day, з 1992 года). Псіхічнае здароўе з’яўляецца неад’емнай часткай і найважнейшым кампанентам здароўя. 

Яно вызначаецца як стан дабрабыту, пры якім кожны чалавек можа рэалізаваць свае здольнасці і ўласны патэнцыял, супрацьстаяць звычайным жыццёвым стрэсам, прадуктыўна і плённа працаваць і ўносіць уклад у жыццё сваёй супольнасці. 

У гэтым пазітыўным сэнсе псіхічнае здароўе з’яўляецца асновай дабрабыту кожнага чалавека і эфектыўнага функцыянавання ўсёй супольнасці.

У свеце больш за 450 мільёнаў чалавек пакутуюць на псіхічныя захворванні. 

Кожны сёмы – дакучлівы параноік / умераны шызафрэнік, альбо схільны дэпрэсіям і алкагалізму, розным фобіям.

1503 год. Манахі маскоўскага Крамля ўпершыню атрымалі “рускую” водку. Яе выкарыстоўвалі як антысептычны сродак.

Тэрмін «водка» уваходзіць шырока ў мову з 1533 года ў адносінах да лекавай спіртавой настойкі са збожжа. 

На землях ВКЛ першыя моцныя алкагольныя рэктыфікаваныя напоі называліся хлебнае віно, акавіта (з 1398), гаржалка (gorzałka, 1528-1532), віні крамаці (“паленае віно”,  1537 год).

1702 год. Капітуляцыяй абаронцаў горада скончылася аблога Быхава казакамі і войскам ВКЛ.

Гераічны старабыхаўскі гарнізон мусіў здацца на ганаровых умовах і прысягнуць каралю Аўгусту II. 

Усе абаронцы амнісціраваліся. Мяшчанам пакідаліся ўсе вольнасці і прывілеі.

Аблога цягнулася з 29 жніўня да 10 кастрычніка 1702 года. 

Прычына аблогі ў тым, што ўладальнік Быхава К. Сапега падтрымліваў шведскага караля Карла XII і быў супраць хаўруса Рэчы Паспалітай з Пятром І.

1783 год. Пайшоў з жыцця Людвік Грынцэвіч. 

Вялікалітоўскі архітэктар эпохі позняга барока, манах-дамініканец.

Злучыў традыцыі архітэктуры барока з элементамі мясцовай архітэктуры. 

Пабудаваў шэраг храмаў, у тым ліку  касцёл і дамініканскі кляштар Святога Юрыя каля в. Валынцы (зараз Верхнядзвінскі раён), спраектаваў фасад віленскага касцёла Узнясення Гасподняга.

У 1749 годзе апублікаваў неаднаразова перавыдаваны малітоўны даведнік па Жэмайцкай Кальварыі.

1794 год. У баі пад Мацяёвіцамі быў цяжка паранены і трапіў ў расійскі палон Тадэвуш Касцюшка.

На наступны дзень Т. Касцюшку, пад імем Шыманскага, праз Кіеў, Чарнігаў, Магілёў, Шклоў, Віцебск і Ноўгарад адправілі ў Санкт-Пецярбург.

Начальнікам узброеных сіл 12 кастрычніка 1794 года Найвышэйшая Рада прызначыла Тамаша Ваўжэцкага.

1796 год. Нарадзіўся Міхаіл Без-Карніловіч.

Беларускі гісторык, краязнавец, этнограф, вайсковы тапограф, статыстык, генерал-маёр. 

Брат дзекабрыста Аляксандра Карніловіча.

Карніловіч стаў Без-Карніловічам у выніку бюракратычнай памылкі.

Праводзіў тапаграфічнае і ваенна-статыстычнае вывучэнне Мінскай, Віцебскай і іншых губерняў, Беластоцкай акругі. 

Збіраў звесткі аб беларускіх старажытнасцях.

Аўтар ваенна-статыстычнага агляду Віцебскай губерніі, кнігі «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі…» (1855).

Тэрыторыю Беларусі абмяжоўваў Віцебскай i Магілёўскай губернямі, астатнія землі называў Літвой. 

Беларусамі лічыў нашчадкаў крывічоў, гаварыў пра беларусаў як пра асобны народ. 

1867 год. Памёр Ігнат Легатовіч

Беларускі і польскі паэт, педагог. 

Вёў педагагічную дзейнасць у Лепелі, Полацку, Вількаміры, Мінску. Блізкі сябар Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіч.

Бібліёграф, выдавец гісторыка-літаратурных помнікаў, перакладчык, збіральнік афарызмаў. Меў багаты кнігазбор з унікальнымі выданнямі.

Аўтар навуковай працы «Даследаванне пра лісты» (1817), кніг на польскай мове «Эпіграмы» (Вільня, 1848), дыдактычных двухрадковых максімаў «Алафтэгмы» (Вільня, 1854), павучальных кніг для дзяцей і юнацтва.  

1938 год. Памёр у ГУЛАГу Адам Бабарэка

Беларускі пісьменнік і крытык, паэт, філосаф.

Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша». Працаваў у БДУ, Інстытуце беларускай культуры.

Аўтар кнігі прозы, літатурна-крытычных прац, распрацоўваў  метадалагічныя пытанні літаратуразнаўства і эстэтыкі.

Даследаваў гісторыю беларускай літаратуры, творчасць Я. Коласа, М. Багдановіча, У. Дубоўкі, М. Чарота, З. Бядулі і іншых.

Рэпрэсаваны НКУС у 1930 годзе па справе «Саюза вызвалення Беларусі».

На фота А. Бабарэка сядзіць 2-гі злева

1939 год. Вільня і частка Віленскай вобласці БССР перададзены Літве. 

Сталінам перададзена Літве 6909 км² з 490 тысячамі жыхароў.

У склад БССР тэрыторыя ўваходзіла з 24 верасня 1939 года. 

Арганізоўваліся  беларускія школы, установы, выходзіла газета “Вiленская праўда”. Абмяркоўваліся планы аб переносе сталіцы БССР з Мінска ў Вільню.

Пасля далучэння Літоўскай ССР да СССР у кастрычніку 1940 года ад БССР дадаткова перададзена Літве тэрыторыя ў 2637 км².

1940 год. Нарадзіўся Кастусь Тарасаў. 

Беларускі пісьменнік, гісторык, дзеяч нацыянальна-дэмакратычнага руху.

Працаваў у  геалагічнай экспедыцыі, у выдавецтвах, часопісах, газетах, на кінастудыі «Беларусьфільм».

Аўтар кніг аповесцяў, эсэ, раманаў на гістарычныя тэмы, пра Грунвальдскую бітву, Рагнеду, Міндоўга. 

Па матывах яго аповесці  «Чорны шлях» драматург Аляксей Дудараў напісаў п’есу «Ядвіга» (Купалаўскі тэатр, рэжысёр Валер Раеўскі).

Узнагароджаны Прэміямі Міністэрства абароны СССР за раман «Пагоня на Грунвальд» (1988), «Залаты апостраф» журнала «Дзеяслоў» (2007), імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру (2010).

Памёр 20 сакавіка 2010 года.

 1943 год. У Магілёве нарадзіўся Валеры Галубовіч. 

Беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук, прафесар.

Даследчык гісторыі гаспадаркі ў IX-XIII стагоддзях, БССР у 1940-1980-я, гісторыі развіцця ў Беларусі эканамічнай навукі і адукацыі.

Пад яго кіраўніцтвам упершыню для студэнтаў эканамічных спецыяльнасцяў распрацаваны курсы «Эканамічная гісторыя Беларусі», «Эканамічная гісторыя Беларусі і замежных краін».

Сябар рэдакцыйнай калегіі “Беларускага гістарычнага часопіса”.

1957 год. Нарадзіўся Леанід Дранько-Майсюк. 

Беларускі паэт. Аўтар 16 кніг. 

Асобныя яго вершы пакладзены на музыку. Уладзімір Караткевіч называў яго  «паэтам з рысамі рыцара». 

Па словах Уладзіміра Някляева, ўяўленні пра рыцарства Дранько-Майсюка «злучаны з яго стаўленнем да жанчыны, да сяброў, да паэзіі, да Беларусі і ўсяму крэўнаму, беларускаму».