Помнік Ларысе Геніуш у Зэльве ўсё ж знеслі – патаемна, ноччу

У Зэльве ўсё ж дэмантавалі помнік Ларысе Геніюш, які стаяў пры мясцовай царкве Святой Жываначальнай Тройцы з 2003 года  – паведаміў унук паэткі грамадзянін Польшчы Міхась Геніюш. Ён паказаў фота таго месца, дзе стаяў помнік.

Толькі ўранні mogilev.media паведамляў, што помнік прыбіраць не будуць, паколькі дэмантаж не адпавядае заканадаўству.

Але помнік знік. “Гэта зрабілі ўночы паціху, каб ніхто не бачыў, не ведаў, каб людзі абудзіліся зранку і заўважылі, што помніка няма. Гэта вельмі дзіўная справа і нечаканая” – кажа Міхась Геніюш. 

Дэталі знікнення дагэтуль не вядомы. Прычына знікнення помніка да канца незразумелая.  Устаноўку помніка 20 гадоў назад дабраславіў мітрапаліт Філарэт. Савецкія ўлады друкавалі вершы Л. Геніюш, выдавалі кніжкі, ёй плацілі за гэта ганарары. Ларыса Геніюш была нават у Саюзе пісьменнікаў. Напярэдадні Зэльвенскі райвыканкам адмовіўся дэмантаваць помнік, чаго патрабавала прарасійская актывістка і «інфаказачка» Вольга Бондарава. 

Унук заявіў, што не будзе звяртацца ў беларускія праваахоўныя органы, каб тыя разабраліся ў знікненні помніку ягонай бабулі: «Прабачце, але не буду… Ехаць у Беларусь я не збіраюся, бо гэта можа быць для мяне нават небяспечна».

Калі нехта з Беларусі захоча змагацца за вяртанне помніка, то Міхась Геніюш падтрымае гэтую ініцыятыву, але сам не будзе яе пачынаць, бо не бачыць у гэтым сэнсу.

Ён думае, што больш эфекту выйдзе, калі вяртаннем помніка зоймецца царква, бо бюст стаяў на яе тэрыторыі.

Жыхары Зэльвы будуюць розныя версіі, але самыя папулярныя: нехта з грамадзян забраў да сябе, каб захаваць помнік, альбо што гэта зрабіла сама блогерка В. Бондарава. 

Фота з адкрытых крыніц