У праваслаўных вернікаў пачаўся Вялікі пост

У 2023 годзе Вялікі пост у праваслаўных доўжыцца з 27 лютага па 15 красавіка.

Пост доўжыцца 40 дзён, а пасля яго адзначаецца Страсны тыдзень, які завяршаецца Вялікднем 16 красавіка. 

Структура Вялікага паста пабудавана так, што кожны яго тыдзень мае свой духоўны сэнс, сваю духоўную скіраванасць – адзначае протаіерэй Аляксей Умінскі. Чалавек, які прысвячае свой час і сілы ад пачатку да канца вялікапоснага перыяду, як па лесвіцы духоўнага ўзыходжання прыступка за прыступкай набліжаецца да таямніцы Вялікадня Хрыстовага.

Згодна з прынятым правілам, у першы і ў апошні дзень паста праваслаўным хрысціянам рэкамендуецца ўвогуле адмовіцца ад ежы. У астатнія дні царква рэкамендуе прытрымлівацца ўмеранасці ў ежы – пад забарону трапляюць мяса, рыба, яйкі і малочныя прадукты. Рыбу дазвалаецца ўжываць у Вялікі пост 2023 года толькі аднойчы – 9 красавіка. Разам з тым, паводле царкоўных правілаў, цяжарныя жанчыны, людзі якія хварэюць, занятыя цяжкай працай, вандроўнікі, а таксама людзі вельмі сталага веку гэтыя правілы могуць не выконваць.

Святары асабліва адзначаюць, што Вялікі пост, як і любы іншы – час не толькі ўстрымання ад ежы, але і духоўнай працы. Святары падкрэсліваюць, што сапраўдны пост – гэта калі чалавек “аддаляецца ад зла, пустаслоўя і іншых цялесных грахоў”.

Фота з адкрытых крыніц.

“Шырокая”, “вясёлая” і “простая” Масленіца пройдуць на выходных ва ўсіх гарадах і райцэнтрах Магілёўшчыны

У суботу-нядзелю магілёўцы маюць шырокую магчымасць адпачыць і дакрануцца да даўнейшага ладу жыцця нашых продкаў. Расклад масленічных святкаванняў і прадугледжаныя забавы разнастайныя, хаця канва свята паўсюль традыцыйная.

Масленіцу ў 2023 годзе адзначаюць з 20 па 26 лютага. Першыя тры дні (панядзелак, аўторак, серада) часцяком называюцца “Вузкай масленіцай”. Астатнія дні на тыдні (з чацвярга па нядзелю) – гэта “Шырокая масленіца”. Асноўныя ўрачыстасці і кульмінацыя свята звычайна адбываюцца ў апошнія дні тыдня. 

25 лютага. Магілёў. 

Урачыстасці разгарнуцца ў Пячэрским лесапарку 25 лютага (у суботу). З 12 да 16 гадзін магілёўцы развітаюцца з зімой і пачнуць рыхтавацца да сустрэчы вясны. Святочны настрой будзе створаны танцамі, флэш-мобамі, спаборніцтвамі, спартыўнымі і тэматычнымі забавамі: ледзяным слупам, боем на баклушах, гуканнем вясны і г.д. 

Госці свята пазнаёмяцца з традыцыйнымі святочнымі песнямі, танцамі і гульнямі. Будзе арганізаваны гандаль. Па традыцыі, святочныя мерапрыемствы скончацца спальваннем пудзіла зімы.

Рух у раёне Пячэрскага лесапарку будзе абмежаваны. Паркоўка дарожнага транспарту на вуліцы Клайпедская будзе абмежаваная з 8,00 да 17.00, а рух транспартных сродкаў на той жа вуліцы будзе заблакаваны з 11.00 да 17.00.

Крычаў

У суботу 25 лютага з 11 да 14.00 у экагарадку пройдзе адно з самых любімых народных святаў. Жыхароў раёна запрашаюць прыняць удзел у конкурсе бліноў і масленічных пудзіл, дэгустацыі кулінарных прадуктаў, гульнях і забавах. 

Шклоў

Шклоў будзе адзначаць “Вясёлую масленіцу” каля раённага Дома культуры. Пачатак мерапрыемства 25 лютага ў 10.00.

Глуск

Глушчан і іх гасцей у суботу 25 лютага запрашае “Шырокая Масленіца”. Бліны абяцаюць на любы густ. Самыя спрытныя і смелыя госці свята атрымаюць магчымасць здабыць сабе прыз з масленічнага слупа, самыя моцныя і дужыя – перамагчы ў перацягванні каната. Арганізатары гарантуюць шмат весялосці, прыгажосці, смеху, песень і падарункаў. Пачатак у суботу на бульвары Грахоўскага а 11-й раніцы.

Асіповічы

Тут таксама а 11-й распачнецца свята “Шырокая масленіца” каля мясцовага гісторыка-краязнаўчага музею (вул. Інтэрнацыянальная).

26 лютага. Бабруйск. 

У Дараваную нядзелю, у апошні дзень Масленічнага тыдня вырашылі святкаваць у другім горадзе вобласці. “Масленіца” пачнецца ў гарадскім парку культуры і адпачынку ў Бабруйску 26 лютага а 12-й. У праграме традыцыйныя мерапрыемствы: слуп з пеўнем і падарункамі, спальванне пудзіла зімы, тэатралізаванае прадстаўленне, канцэртная праграма, забавы і спорт.

І безумоўна ў шырокім асартыменце будуць прадстаўлены бліны з рознымі начыннямі, гарбатай і іншымі прысмакамі.

Падобныя святкаванні масленіцы пройдуць і ў іншых райцэнтрах вобласці. Сачыце за праграмамі. 

Адразу пасля Масленіцы ў панядзелак 27 лютага праваслаўныя вернікі пачынаюць вялікі пост, які будзе доўжыцца да 15 красавіка. 16 красавіка праваслаўныя будуць адзначаць Вялікдзень.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.