Дзень у гісторыі. 20 красавіка. Выгнанне С. Собаля з Масквы. Музей старажытнасцяў. Разгон “афганцамі” Гукання вясны. Загінуў літаратар С. Палуян.

Акуліна (народны каляндар). 

Усходнія славяне лічылі, што ў гэты дзень прачынаюцца русалкі, з вады яны паднімаюцца зірнуць на белае святло і просяць у людзей палатна – атуліць голае цела. Яшчэ да зары некаторыя сялянкі прыносілі паношаную чыстую кашулю, ручнік ці кавалак палатніны, бо верылі, што гэты клопат адгукнецца дабром: русалкі засцерагуць ад глыбокай вады і іх, і мужа, і дзяцей.

Дзень кітайскай мовы ў ААН.

Кітайская мова была прызнана афіцыйнай мовай ААН у 1946 годзе, у 1973 годзе яна была ўключана ў лік шасці працоўных моў ААН. У свеце, паводле статыстыкі, на кітайскай гавораць 1,3 мільярды чалавек.

Дата святкавання абрана не выпадкова. Па легендзе, стваральнікам кітайскага пісьменства лічыцца прыдворны гістарыёграф Цан Цзэ і менавіта ў гэты дзень, які супадае з пачаткам сезона “гуюй” (“дождж проса”), нябесныя сілы аддзячылі Цан Цзэ за стварэнне кітайскага пісьменства, паслаўшы жыхарам Паднябеснай дождж з хлебных зерняў, які выратаваў многіх людзей ад голаду.

Пісьмовая кітайская мова лічыцца адной з самых складаных у свеце, у ёй выкарыстоўваецца каля 80 000 іерогліфаў. Пры гэтым у паўсядзённым жыцці кітайцы звычайна карыстаюцца 2000–5000 іерогліфаў.

1626 год. Вечарам загарэўся Магілёў.

Згарэлі цэнтр разам з недабудаванай ратушай, умацаванні Бліжняга Вала.

1639 год. Магілёўскі друкар Спірыдон Собаль быў выгнаны з Маскоўскай дзяржавы.

У 1637–1639 гадах Собаль займаўся асветніцкай дзейнасцю, прадаў маскоўскаму выдаўцу Бурцаву-Пратапопаву шрыфты, планаваў адкрыццё друкарні і школы друкароў.

1660 год. Нарадзіўся Крыштоф Завіша (1660–1721).

Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст. Ваявода менскі, староста менскі і чачэрскі.

Навучаўся ў Віленскай акадэміі, потым у Кракаве.

Браў актыўны ўдзел у палітычным жыцці: некалькі разоў абіраўся дэпутатам на соймы, маршалак.

Адзін з асноўных фундатараў капліцы Святога Феліцыяна ў касцёле Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі пры калегіуме езуітаў у Мінску.

Аўтар пераробкі італьянскага раману «Любасць бяз зменаў», шэрагу прамоваў на соймах, сабраных ягонай дачкой Барбарай Радзівіл у кнізе «Водгук прыемных мелодыяў» і іншых.

Найбольш значнае з літаратурнай спадчыны К. С. Завішы – яго мемуары, у якіх апісваюцца палітычныя падзеі і шляхецкі побыт Рэчы Паспалітай XVII–XVIII стагоддзяў.

1855 год. Яўстах Тышкевіч заклаў Музей старажытнасцяў у будынку бібліятэкі Віленскага ўніверсітэту.

Музейныя прадметы былі сістэматызаваны паводле калекцыйнага прынцыпу, што адпавядала дасягненням экспазіцыйнай практыкі тагачаснай Еўропы. На момант адкрыцця экспазіцыя выглядала наступным чынам: калекцыя манет і медалёў, гравюр, геаграфічных карт і атласаў, карцін, партрэтаў і скульптур, дыпломаў, рукапісаў, аўтографаў гістарычных дзеячаў; мемарыяльная калекцыя, у складзе якой меліся скарбы мясцовых шляхецкіх родаў; археалагічная калекцыя; бібліятэка.

1895 год. Нарадзіўся Ежы Петэрбурскі (1895–1979).

Польскі, беларускі дырыжор і кампазітар. Вядомы як аўтар музыкі танга “Стомленае сонца” і вальса “Сіняя хустачка”.

Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі, Венскай акадэміі музыкі. Імрэ Кальман высока цаніў яго талент. Працаваў у аркестры варшаўскага тэатра-кабарэ «Qui Pro Quo».

Аўтар аперэт, музыкі да многіх польскіх кінафільмаў 1930-х гадоў, песень. Найбольшую вядомасць Петэрбурскаму прынеслі яго танга. Сярод самых знакамітых танга «Апошняя нядзеля».

У верасні 1939 года атрымаў савецкае грамадзянства і ўзначаліў Дзяржаўны джаз-аркестр БССР. Для свайго калектыву напісаў вальс «Сіняя хустачка». У 1942 годзе ўступіў у польскую армію Андэрса.

Пасля вайны з’ехаў у Лацінскую Амерыку, з 1949 па 1967 жыў у Аргентыне і працаваў у Teatro El Nacional у Буэнас-Айрэсе капельмайстрам. Разам з паэтам А. Шэвахам напісаў вядомую калыханку на ідышы, якая ўваходзіла ў рэпертуар Сары Горбі. У 1967 годзе вярнуўся ў Польшчу.

Памёр 7 кастрычніка 1979 года. Пахаваны на варшаўскіх могілках Старыя Павонзкі.

1906 год. Адна з першых сцэнічных пастановак на беларускай мове адбылася ў маёнтку Пятроўшчына (цяпер у межах Мінска).

Арганізатары А. Бурбіс, А. Уласаў, С. Кукель і іншыя. Была пастаўлена камедыя М. Крапіўніцкага «Па рэвізіі». 

“Па рэвізіі” – аднаактавая п’еса-вадэвіль, напісаная Маркам Крапіўніцкім у 1882 годзе, апублікаваная ў 1885, папулярная ў беларускіх тэатрах пачатку XX стагоддзя. 

Сцэну абсталявалі на падворку. Прысутнічала больш за 300 гледачоў. Прадстаўленне ішло ў музычным суправаджэнні цымбалаў, скрыпак і бубнаў. Прагучалі таксама вершы Янкі Купалы ў выкананні Бурбіса.

Марк Крапіўніцкі

1910 год. Загінуў Сяргей Палуян (1890–1910).

Беларускі публіцыст, празаік, літаратуразнавец, адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай грамады.

Аўтар апавяданняў, вершаваных і драматычных твораў, рэцэнзій, першага ў беларускай крытыцы агляднага артыкула «Беларуская літаратура ў 1909 г.», першага гістарычнага нарыса новай беларускай літаратуры «Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках».

Даследаваў украінскую культуру і літаратуру, беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі.

Адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы і культуры.

Сябраваў з Янкам Купалам, Якубам Коласам, М. Багдановічам, Цішкам Гартным, Ядвігіным Ш. і іншымі.

Скончыў жыццё самагубствам у 1910 годзе, у 20 гадовым узросце.

Памяці Сяргея Палуяна Янка Купала прысвяціў паэму «Курган» і верш, Максім Багдановіч —зборнік  «Вянок»  і верш, Ядвігін Ш. — верш у прозе «Раны».

1918 год. “Менскае беларускае прадстаўніцтва” дамаглося згоды германскага камандавання на стварэнне груп беларускіх саветнікаў пры акупацыйнай адміністрацыі – губернскіх і павятовых камендантаў.

Раман Скірмунт – лідар прадстаўніцтва.

1939 год. На другі дзень пасля ўхвалення ЦК ВКП(б) і Саўнаркамам СССР пераноса сталіцы з Мінска,  ЦК КП(б)Б вызначыла тэрмін пераноса сталіцы ў Магілёў –  лістапад 1939 года.

Мары магілёўцаў не ажыццявіліся. Планы пераносу былі скасаваны пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 года. 

1957 год. Нарадзілася Людка Сільнова.

Беларуская паэтэса. Скончыла БДУ.

Працавала на Маладзечанскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, БДУ, ва ўстановах асветы Уздзенскага раёна і Мінска, у Нацыянальнай бібліятэцы.

Вершы паэтэсы перакладзены на польскую, украінскую, славацкую мовы. Аўтар 6 кніг і зборнікаў паэзіі.

1960 год. Створана першае ў БССР Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале з Пятром Шасцярыкавым.

1986 год. У Мінску на Траецкім прадмесці некалькі дзясяткаў удзельнікаў Афганскай вайны, нацкаваных камсамолам і КДБ, напалі на падлеткаў, што святкавалі Гуканне вясны.

Фота з адкрытых крыніц.