У крамах Чэрыкава акцыя – за знойдзены пакупніком пратэрмінаваны прадукт свежы дадуць бясплатна

На Чэрыкаўшчыне ўведзена праграма “Спажывецкі кантроль”. Асноўны яе прынцып: калі ты знайшоў у краме няякасны тавар – атрымай бясплатна добры.

У гэты праект уключыліся амаль з дзясятак крамаў чэрыкаўскага спажывецкага таварыства. Мэта такой праграмы – выключыць выпадкі рэалізацыі тавараў са скончаным тэрмінам захоўвання. Кіраўнікі чэрыкаўскіх магазінаў адзначаюць, што прадаўцы самі ўзмацнілі кантроль над захаваннем тэхналогіі захоўвання і рэалізацыі прадуктаў харчавання. Натуральна, што такі падыход пойдзе на карысць як пакупнікам, так і іміджу гандлёвых аб’ектаў – паведамляе раённая газета “Веснік Чэрыкаўшчыны”.

У сваю чаргу ў аддзеле эканомікі Чэрыкаўскага райвыканкама тлумачаць, што праграма “Спажывецкі кантроль” – гэта нават не акцыя, а гандлёвая палітыка, і заклікаюць далучацца да яе ўладальнікаў іншых гандлёвых аб’ектаў.

Фота ілюстрацыйнае