Па Індэксе чалавечага развіцця Беларусь 60-я, ваюючая Украіна – 77-я

Паводле апублікаванага рэйтынгу індэксу чалавечага развіцця (ІЧР) на 2023 год, Беларусь заняла 60 радок. Гэта рэзкае падзенне: у 2014, 2021 гадах была 53-й, у 2020 – 50-й са 191 краіны. 

Развіццё чалавека ў самым агульным разуменні – гэта здольнасць чалавека, па-першае, доўга жыць, па-другое, далучацца да культурных здабыткаў чалавецтва, па-трэцяе, набываць неабходныя сродкі для выжывання.

Для параўнання: Эстонія – 31, Польшча – 34, Літва – 36, Латвія – 39, Расія – 51, Казахстан – 56, Україна – 77 (у 2010 годзе- 69, у 2020 – 74), Малдова – 81, Арменія – 85.

Індэкс чалавечага развіцця  разлічваецца  для супастаўлення краін па сацыяльна-эканамічным развіцці. 

Аб’яднаны Індэкс для кожнай краіны разлічваецца па наступных паказчыках: сярэдняя працягласць жыцця людзей (ацэньвае даўгалецце), сярэдняя колькасць гадоў, выдаткаваных на навучанне (характарыстыкі пісьменнасці насельніцтва). Сярэдні даход на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці (адлюстроўвае ўзровень матэрыяльнага забеспячэння людзей).

Топ-10 краін з самым высокім індэксам чалавечага развіцця:

  1. Швейцарыя — 0,962
  2. Нарвегія — 0,961
  3. Ісландыя — 0,959
  4. Ганконг (Кітай) — 0,952
  5. Аўстралія — 0,951
  6. Данія — 0,948
  7. Швецыя — 0,947
  8. Ірландыя — 0,945
  9. Германія — 0,942
  10. Нідэрланды — 0,941

ІЧР большасці развітых краін складае 0,8 і вышэй. У гэтых краінах стабільныя ўрады, шырока распаўсюджаная даступная адукацыя і медыцынскае абслугоўванне, высокая чаканая працягласць і якасць жыцця, а таксама растучая магутная эканоміка.

«Нізкі ўзровень чалавечага развіцця» – узровень ніжэй за 0,55. У такіх краінах грамадства сутыкаецца з нестабільнымі ўрадамі, шырока распаўсюджанай галечай, адсутнасцю доступу да медыцынскага абслугоўвання і дрэннай адукацыяй. Акрамя таго, у гэтых краінах нізкі даход і нізкая чаканая працягласць жыцця ў спалучэнні з высокім узроўнем нараджальнасці.

Топ-10 краін з самым нізкім індэксам чалавечага развіцця:

  1. Паўднёвы Судан — 0,385
  2. Чад — 0,394
  3. Нігер — 0,400
  4. Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка — 0,404
  5. Бурундзі — 0,426
  6. Малі — 0,428
  7. Мазамбік — 0,446
  8. Буркіна-Фасо — 0,449
  9. Емен — 0,455
  10. Гвінея — 0,465.

Фота з адкрытых крыніц, мае ілюстрацыйны характар.

Кампаніі беларусаў у Літве выраслі за год у тры разы

Зараз у Літве больш за 50 000 беларусаў. Літва ўваходзіць у ТОП-3 самых папулярных лакацый для беларускіх айцішнікаў.
За мінулы год штат ІТ-кампаній з беларускімі каранямі, якія зарэгістраваны ў Літве, вырас больш як у 3 разы, паведамляе devby.io .

Сёння ў суседняй краіне зарэгістравана 30 кампаній з беларускімі каранямі. У іх занята больш за 4 700 супрацоўнікаў, а яшчэ год назад іх было менш за 1 500.

Самы вялікі штат у EPAM. За год адбыўся рост супрацоўнікаў у 450%. Асабліва інтэнсіўна каманда расла ў чэрвені-ліпені 2022 года – на 750 чалавек за два месяцы.
EPAM працуе ў Вільні і Каўнасе. Зараз адкрыта яшчэ больш за 100 вакансій на працу.

За 1-3 кварталы 2022 года EPAM увайшоў у ТОП-3 ІТ-бізнэсаў у Літве па суме выплачаных падаткаў – больш за 6 000 000 еўра.

Каманда літоўскага офіса Wargaming за мінулы вырасла на 250% да 988 спецыялістаў. Асабліва інтэнсіўны рост адбыўся пасля нападу Расіі на Ўкраіну – у красавіку-жніўні, з 450 да 900 спецыялістаў, за кошт супрацоўнікаў мінскага офіса, пасля таго як кампанія закрыла бізнес у Беларусі.

У офіс патрабуецца яшчэ 50 спецыялістаў. Wargaming таксама у тройцы лідараў па суме выплачаных падаткаў: за 3 кварталы 5 200 000 еўра.

Штат распрацоўшчыка гульняў Melsoft з красавіка 2022 года вырас у 4,3 раза да 320 супрацоўнікаў.

Вытворца лічбавай оптыкі Yukon Advanced Optics Worldwide павялічыў свой штат у Літве да 275 чалавек і увайшоў у ТОП-5 па колькасці супрацоўнікаў сярод кампаній з беларускімі каранямі.

Распрацоўшчык дадатку для жаночага здароўя Flo (Flo Health) павялічыў за год свой штат у Вільні і Каўнасе з 70 чалавек да 245 супрацоўнікаў (400%).

Значны рост штатаў паказалі і такія кампаніі з беларускімі каранямі, як ITAG LT, Softeq Development (у 5 разоў), Coherent Solutions (у 3 разы), Gurtam (у 2,5 разы), EIS Group Lietuva (130%) і іншыя.

Усе тыя сумы, якія ў выглядзе падаткаў кампаніі з беларускімі каранямі пералічваюць у літоўскі бюджэт, адпаведна не атрымлівае беларускі бюджэт, а значную частку ганарараў і заробкаў супрацоўнікі пакідаюць у літоўскіх гандлёвых сетках.