Рыбак праваліўся пад лёд і патануў пад Кіраўскам

Цела бабруйчаніна было знойдзена ў 200 метрах ад берага – паведамляе прэс-служба МНС. Ратавальнікаў запрасілі мясцовыя жыхары, якія заўважылі, што на лёдзе возера Кісцені каля аграгарадка Барчыцы Кіраўскага раёна валяюцца рыбалоўныя снасці, рэчы, ёсць палонка, але ніводнага рыбака не бачна. Супрацоўнікі ратавальнай службы выявілі цела 69-гадовага жыхара Бабруйска ў вадзе.

Фота: МНС

Зноў тонкі лёд – пад Чэрыкавам патануў рыбак

Жыхара вёскі Гронаў Чэрыкаўскага раёна знайшлі толькі на другія суткі. 26 лістапада ён перастаў выходзіць на сувязь, назаўтра яго прыйшоў праведаць усхваляваны брат – паведамляе cherikovnews.by. Брат знайшоў дом гаспадара пустым, а з хаты па непачышчанаму снегу ланцужок слядоў вёў да ракі Сож, што цячэ за агародам.

Ратавальнікі былі выкліканыя бліжэй да вечара 27 лістапада. Яны выявілі на тонкім лёдзе ракі два праломы, рыбацкі стульчык і снасці. Раніцай 28 лістапада каманда вадалазаў знайшла цела пенсіянера. Адзначаецца, што ён вёў здаровы лад жыцця, алкаголем не злоўжываў. Трагедыя адбылася з-за неабачлівасці рыбака – лёд быў моцны з аднаго берага затона, але тонкі на другім.