З’явіўся першы афіцыйны каментарый пра забойства спецназам КДБ замежніка ў Гродна

На другія суткі пасля страляніны ў Гродна, калі афіцыйным інфармацыйным агенцтвам БелТА было абвешчана пра знішчэнне чалавека, які рыхтаваў тэрарыстычную атаку, паявіўся першы публічны каментарый падзеі. Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з сілавікамі даў наступную характарыстыку: “Спецслужбы спрацавалі бліскуча. Канфіскаваны цэлы арсенал зброі і выбухоўкі, які прызначаўся для
“гучных” тэрактаў у дачыненні да грамадзян і службовых асоб дзяржаўных органаў.” – піша яго прэс-служба.

Іншых каментарыяў і падрабязнасцяў здарэння няма ўжо другія суткі. Некаторыя СМІ паведамляюць, што паводле іх інфармацыі забіты чалавек быў грамадзянінам адной з краін ЕС, але пацвярджэнняў альбо абвяржэнняў гэтага няма.

“У Гродна КДБ ліквідаваў замежніка, які аказаў узброены супраціў” – БелТА

У Гродна падчас аказання ўзброенага супраціўлення спецпадраздзяленню КДБ ліквідаваны замежны грамадзянін – піша БелТА са спасылкай на Камітэт дзяржбяспекі.

“Падчас правядзення спецыяльных мерапрыемстваў па спыненні дзейнасці асоб, якія праніклі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з мэтай здзяйснення тэрарыстычнай акцыі, 19 сакавіка 2023 года ў Гродне на вул. Курчатава ліквідаваны замежны грамадзянін Л. Указаная асоба з выкарыстаннем аўтаматычнай зброі і шляхам падрыву баявых гранат аказала ўзброенае супраціўленне байцам спецпадраздзялення КДБ, група “А”. – гаворыцца ў паведамленні.

У гарадзенскіх сацыяльных сетках паведамляецца, што выбухі і страляніну чулі на вуліцы Курчатава, 5. Каля дома былі заўважаныя каля 10 супрацоўнікаў спецслужб.