Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Сцяпан Талкачоў

Асуджаны на 2,5 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

Нагодай для пакарання стаў каментар «па справе Зельцара».

Паводле праваабаронцаў, Талкачова абвінавацілі ў «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы». Сваёй віны ён не прызнаў.

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры. Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.

За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

Мікалай Галаўкоў

Асуджаны на тры гады.

Паводле праваабаронцаў нагодай для крымінальнага пераследу быў той жа каментар «па справе Зельцара». Галаўкова асудзілі «за абразу прадстаўніка ўлады, Лукашэнкі і дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». 

Захар Сабін

Затрыманы.

Праваабаронцы дапускаюць, што нагодаю для зняволення гітарыста рок-гурта Detroit hills маглі стаць рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў.

Андрэй Цімафеенка

Адбыў зняволенне.

Паводле праваабаронцаў, 48-гадовага жыхара Віцебску асудзілі на два гады калоніі «за гвалт над супрацоўнікам міліцыі». Ён “перашкаджаў міліцыянту выконваць службовыя абавязкі і правакаваў яго на ўжыванне фізічнай сілы”.

Праваабарончай супольнасцю прызнаны палітзняволеным.