1 лістапада. Дзень у гісторыі. Сусветны дзень вегана. Дзень Усіх Святых. Лісабонскі землятрус забраў 100 000 жыццяў. Абвешчаны Грынвіцкі нулявы мерыдыян. Стварэнне Еўрапейскага саюза

 Сусветны дзень вегана (з 1994 года). Слова веган было ўтворана Дональдам Уотсанам у 1944 годзе з першых і апошніх літар ангельскага слова “vegetarian”.

Веганізм (веганства) – лад жыцця, які характарызуецца, у прыватнасці, строгай адмовай ад мяса. Веганы сілкуюцца і карыстаюцца толькі расліннымі прадуктамі. 

Дзень Усіх Святых (каталіцкай канфесіі) мае самы высокі ранг урачыстасці. Яно ўваходзіць у лік так званых «абавязковых дзён», калі ўсе вернікі павінны наведваць імшу. У шэрагу краін свету гэта афіцыйны выхадны на агульнадзяржаўным узроўні.

У Праваслаўнай Царкве Дзень Усіх Святых (Нядзелю Усіх Святых) святкуюць у першую нядзелю пасля Пяцідзесятніцы, гэта значыць у восьмую нядзелю пасля Вялікадня.

1755 год. Адбыўся Лісабонскія землятрус з наступным за ім цунамі. Загінула  100 000 чалавек. 

Землятрус ператварыў у руіны сталіцу Партугаліі. 

Гэты першы вывучаны навукай землятрус паслужыў штуршком да зараджэння наукі сейсмалогіі. 

Магнітуда землятрусу каля 8,7 выклікала вялізныя расколіны ў зямлі, шырынёй па 5 метраў. 

Праз некалькі хвілін пасля землятрусу вялізнае цунамі накрыла горад, ірванула ўверх па цячэнні ракі Тэжу. За ім рушылі ўслед яшчэ дзве хвалі. 

Раёны горада, не закранутыя цунамі, былі знішчаны пажарамі. Згарэла каралеўская бібліятэка з 70 тысячамі ўнікальных тамоў, сотні твораў мастацтва, у тым ліку рэдкія карціны Рубенса, Тыцыяна і Караджа, каралеўскія архівы з апісаннямі падарожжаў Васка да Гамы і іншых падарожнікаў.

1868 год. Нарадзіўся Зміцер Даўгяла. 

Беларускі гісторык, архівіст.

Працаваў у Віцебскім, Віленскім архівах старажытных актавых кніг, загадчыкам Магілёўскага архіва (1921–1925), дырэктарам бібліятэкі Акадэміі навук БССР.

Рэдактар «Запісак Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства». Супрацоўнік Інбелкульта, дацэнт БДУ.

Удзельнік выдання «Гісторыка-юрыдычных матэрыялаў», «Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі», «Археалагічнага зборніка дакументаў», «Гісторыі Беларусі ў дакументах і матэрыялах».

Аўтар прац па гісторыі беларускіх гарадоў і мястэчак.

У 1937 годзе арыштаваны, высланы ў Казахстан, памёр у 1942 годзе.

1873 год. Нарадзіўся Іван Замоцін

Беларускі літаратуразнаўца. Акадэмік Акадэміі навук БССР, член-карэспандэнт АН СССР. Доктар філалагічных навук.

Адзін з пачынальнікаў беларускага літаратуразнаўства XX стагоддзя. Першы загадчык кафедры беларускай літаратуры і этналогіі БДУ. Дырэктар Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР.

Складальнік і рэдактар выданняў М.Багдановіча, Алеся Гаруна, Паўлюка Труса, Цёткі і іншых.

Арыштаваны ДПУ БССР у 1938 годзе, асуджаны да зняволення ў лагерах. 

Памёр 25 траўня 1942 года ў турэмным шпіталі ў г. Горкі.

1884 год. Абвешчаны Грынвіцкі нулявы мерыдыян. 

Галоўны мерыдыян нулявой даўгаты – уяўная лінія, якая злучае паўночны і паўднёвы полюсы зямнога шара. 

Праведзена праз двор Грынвіцкай Каралеўскай Абсерваторыі. Умоўна падзяляе зямны шар на ўсходняе і заходняе паўшар’е.

Мерыдыян пазначаны ў Грынвічы металічнай пласцінай.

У 1884 годзе быў устаноўлены і час па Грынвічы – стандартны англійскі час, які прымяняецца ў астраноміі як сусветны час.

1888 год. Памёр Мікалай Пржавальскі

Падарожнік, географ, кліматолаг, першы комплексны даследчык Цэнтральнай Азіі, асветнік, ганаровы член Пецярбургскай Акадэміі навук, генерал-маёр.

Належаў да беларускага шляхецкага роду Перавальскіх, герба Лук. 

Ажыццявіў вялікія экспедыцыі: Усурыйскую, Мангольскую, Лабнорскую, Джунгарскую, Тыбецкія. Адкрыў цэлы шэраг новых форм жывёл, у тым ліку дзікага вярблюда, каня Пржэвальскага.

Пахаваны паводле ўласнага запавету на беразе возера Ісык-Куль, Кыргызстан.

1888 год. Нарадзіўся Блаславёны Міхал Сапоцька

Каталіцкі святар, заснавальнік Кангрэгацыі Сясцёр Міласэрнасці Ісуса Хрыста.

У Вільні служыў вайсковым капеланам і садзейнічаў адбудове касцёла св. Ігнацыя, быў духоўным айцом Мітрапалітальнай духоўнай семінарыі, прафесарам Віленскага ўніверсітэта, духоўнай семінарыі ў Беластоку, рэктарам касцёла Арханёла Міхаіла.

Аўтар духоўнага «Дзённіка» сястры Фаустыны.

Беатыфікаваны у 2008 годзе.

1893 год. Памёр Ян Матэйка

Польскі мастак.

Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы з вачамі, стаў знакамітым мастаком, дырэктарам Кракаўскай Акадэміі мастацтваў.

Найвядомейшыя палотны: “Рэйтан”, “Люблінская унія”, “Стэфан Баторый пад Псковам”, “Бітва пад Грунвальдам”, “Ян III Сабескі пад Венай”, “Касцюшка пад Рацлавіцамі”.

1895 год. Нарадзіўся Уладзімір Крыловіч

Беларускі акцёр, адзін з заснавальнікаў беларускага савецкага тэатра. Заслужаны артыст БССР.

Працаваў у купалаўскім тэатры. Лепшыя ролі: Крыніцкі («Паўлінка» Я. Купалы), Машэка, Кастусь Каліноўскі  і іншыя.

Здымаўся ў кіно, у тым ліку ў фільме «Двойчы народжаны» рэжысёра Э. Аршанскага.

Памёр 23 кастрычніка 1937 года.

1912 год. Нарадзіўся Янка Золак

Беларускі паэт, выдавец, грамадскі дзеяч.

З 1944 года на эміграцыі. Заснавальнік Беларускага культурна-мастацкага і навуковага таварыства ў ЗША, сузаснавальнік і галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка». Выдавец беларускай літаратуры і насценных беларускіх календароў.

Аўтар вялікай колькасці вершаў, апавяданняў, казак. 

Некалькі разоў на пачатку 1990-х прыязджаў на Беларусь, тут у 1996 годзе выйшаў яго паэтычны зборнік «Вятрыска з радзімай краіны».

У 1979-1981 гг. выйшлі два тамы яго «Твораў».

Аўтар успамінаў «Мая сустрэча з Якубам Коласам у 30-я гады», крытычных артыкулаў пра творчасць Масея Сяднёва, Міхася Кавыля, Уладзіміра Клішэвіча, даследавання «На 500-годдзе з дня нараджэння Міколы Гусоўскага» і іншых.

 1933 год. Нарадзіўся Вячаслаў Адамчык

Беларускі пісьменнік, перакладчык, кінасцэнарыст.

Працаваў у рэакцыях многіх газет, часопісаў, у Дзяржаўным выдавецтве БССР, на кінастудыі «Беларусьфільм».

Аўтар вершаў, зборнікаў прозы, раманаў, паводле некаторых з іх зняты мастацкія фільмы, пастаўлены тэлеспектаклі.

Напісаў сцэнарыі да дакументальных фільмаў «Іван Мележ», «Валянцін Таўлай», «Дзядзька Якуб» і іншых.

Перакладчык балгарскіх народных казак, паасобных твораў М. Прышвіна, С. Залыгіна і іншых.

Памёр у 2001 годзе.

 1937 год. Расстраляны НКУС Філарэт (Фёдар Раменскі)

Беларускі праваслаўны дзеяч.

Працаваў ў многіх мінскіх навучальных установах.

У 1921 годзе пастрыжаны ў манашаскі сан з імем Філарэт і рукапаложаны ў іераманаха. 

Старшыня з’езду прадстаўнікоў духавенства і вернікаў Беларускай праваслаўнай епархіі 1927 года, на якім было абвешчана аб стварэнні аўтакефаліі Беларускай царквы. Служыў у бабруйскім Мікалаеўскім саборы, у саборах Мінска.

Пасля закрыцця вясной 1937 года ў Мінску апошняга каталіцкага храма дазволіў вернікам-каталікам маліцца ў царкве Св. Марыі Магдаліны.

Арыштаваны 28 ліпеня 1937 года, асуджаны за «антысавецкую дзейнасць» і расстраляны.

1984 год. Памёр Пётр Сергіевіч

Беларускі жывапісец, графік, мастак-манументаліст. Заслужаны дзеяч мастацтваў Літвы.

Працаваў захавальнікам фондаў у Беларускім музеі ў Вільні, выкладчыкам кафедры малюнку і жывапісу ў Віленскім інстытуце прыгожых мастацтваў.

Аўтар жывапісных партрэтаў: «Усяслаў Полацкі», «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года», «К. Каліноўскі і В. Урублеўскі на аглядзе паўстанцаў», «Скарына ў друкарні», «Скарына ў рабочым кабінеце» і іншых.

Значнае месца ў творчасці мастака займалі тэмы: тіворчасці Купалы («А хто там ідзе?», «Званар», «Гусляр» і іншыя), жыцця сялян Заходняй Беларусі, Другой сусветнай вайны, хвараства прыроды Беларусі.

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы захоўваецца 14 карцін мастака.

1993 год. Стварэнне Еўрапейскага саюза паводле Маастрыхскай дамовы 1992 года. 

Еўрасаюз, ЕС  — эканамічнае, палітычнае і ваеннае аб’яднанне 27 еўрапейскіх дзяржаў. Тры краіны-суседкі Беларусі (з пяці) Латвія, Літва, Польшча – члены ЕС.