Дзень у гісторыі. 12 сакавіка. Канец савецка-фінскай вайны. Азарыцкія лагеры смерці. «Салідарныя з Беларуссю». Пашырэнне НАТА. Нарадзіўся П. Лепяшынскі

1851 год. Памёр Ян Баршчэўскі (1794-1851).

Беларускі і польскі літаратар, выдавец, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

Вядомы за свой найбуйнейшы твор «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», паводле якога на “Беларусьфільме” зняты фільм В. Туравым.

Аўтар вершаў на беларускай мове, паэм, балад, аповесцей, «Нарыса паўночнай Беларусі». Яго вершы «Дзеванька», «Гарэліца» пакладзены на музыку А. Абрамовічам.

Скончыў Полацкі езуіцкі калегіум. Падарожнічаў па наваколлях возера Нешчарда, па Беларусі, у тым ліку па  Мсціслаўшчыне. Збіраў беларускі фальклор, апісваў курганы і гарадзішчы.

Выкладаў на Беларусі, у Пецярбургу. Выконваючы даручэнні марскога ведамства, пабываў у Францыі, Вялікабрытаніі і Фінляндыі. Сябраваў з А. Міцкевічам, Т. Шаўчэнкам, Г. Шапялевічам.

Займаўся выданнем штогадовага альманаха «Niezabudka» (1840-1844).

Па запрашэнні польскага пісьменніка Г. Жавускага пераехаў у г. Чуднаў на Валыні. Пасяліўся ў доме графіні Ю. Жавускай, дзе таксама жыў мастак-графік Напалеон Орда. Ва Украіне збіраў матэрыялы пра археалагічныя аб’екты, падарожнічаў.

Памёр ад сухотаў. Пахаваны ў Чуднаве.

У красавіку 2019 года ў Чудніве была ідэнтыфікаваная магільная пліта Я. Баршчэўскага, яна месцілася на адным з прыватных падворкаў, куды была калісьці перанесеная з разрабаваных за савецкім часам каталіцкіх могілак. На надмагіллі надпіс па-польску: «Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей. Пісьменнік натхненняў і пачуцця. Жыў годна 70 гадоў».

У гонар пісьменніка пастаўлены помнікі на беразе возера Нешчарда, у Чуднаве.

Тытульны ліст кнігі «Шляхціц Завальня». Мастак Рудольф Жукоўскі

1868 год. У в. Студзянец сённяшняга Клімавіцкага раёна нарадзіўся Панцеляймон Лепяшынскі (1868-1944).

Выхаванец магілёўскай гімназіі. Прафесійны рэвалюцыянер, доктар гістарычных навук. Паплечнік У. Леніна. Стваральнік Ліцвінавіцкай школы-камуны.

Працаваў у наркамасветы, Маскоўскім універсітэце і Камуністычнай Акадэміі, дырэктарам гістарычнага музея, Музея рэвалюцыі ў Маскве. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камісіі па распрацоўцы гісторыі РКП(б).

Аўтар драм, рамана, аповесці, апавяданняў, успамінаў, навуковых прац па гісторыі, народнай асветы, пра А. Грыбаедава, М. Салтыкова-Шчадрына і іншых.

Памёр 30 верасня 1944 года.

У Беларусі існуе Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Лепяшынскага за лепшы публіцыстычны твор.

Яго імя носіць вуліца ў Магілёве. У Чэрыкаве таксама ёсць вуліца Лепяшынскага, але ў гонар его брата – Мадэста, стваральніка Леменскай школы-камуны каля Чэрыкава.

У 1986 годзе зняты мастацкі фільм «Нетерпение души» аб стварэнні Ліцвінавіцкай школы-камуны, дзе ў ролі Лепяшынскага зняўся В. Ціханаў. У аграгарадку Ліцвінавічы Кармянскага раёна працуе мемарыяльны музей П. Лепяшынскага.

1871 год. У Парыжы памёр Леанард Ходзька (1800-1871).

Беларускі і польскі гісторык, публіцыст, выдавец.

Сябра таварыства філарэтаў, паплечнік А. Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана, быў сакратаром кампазітара М. Агінскага.

З 1822 года на эміграцыі, жыў у Парыжы.

Аўтар паэм, біяграфіі Т. Касцюшкі, «Папулярнай гісторыі Польшчы», выдаў зборнікі твораў А. Міцкевіча, І. Красінскага, мемуары М. Агінскага, працы па гісторыі, геаграфіі, статыстыцы, у тым ліку «Польшча», у якой шмат матэрыялаў пра Беларусь.

Сабраў 125 тамоў дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі, Украіны.

1922 год. Памёр пры загадкавых абставінах Кузьма Цярэшчанка (1888-1922).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Скончыў Маскоўскі сельскагаспадарчы інстытут. У час вучобы ў Маскве актыўны ўдзельнік беларускага студэнцкага гуртка.

Старшыня Пскоўскай беларускай рады, дэлегат з’езда беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску і Усебеларускага з’езда ў Мінску, член Віленскай беларускай рады.

У 1919 годзе быў камісарам Міністэрства беларускіх спраў Літоўскай тарыбы ў Беластоку, Гродне, міністр унутраных спраў БНР.

З восені 1919 года старшыня Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску, адзін з кіраўнікоў Цэнтральнага Беларускага саюза сельскай гаспадаркі. Член Найвышэйшай Рады БНР.

Працаваў на адказных пасадах у Цэнтральным Беларускім саюзе сельскай гаспадаркі.

1932 год. Заснавана Краснапольская раённая газета “Чырвоны сцяг. Краснаполле».

З моманту заснавання называлася “Чырвоны сцяг”, затым – “Голас Краснапольшчыны”.

Перыядычнасць выхаду: серада, субота. За час выдання выйшла 10784 нумары.

1940 год. Падпісанне мірнага дагавору паміж СССР і Фінляндыяй. Канец савецка-фінскай вайны (30 лістапада 1939 – 12 сакавіка 1940).  

Вайна фармальна не аб’яўлялася, але СССР афіцыйна разарваў дыпламатычныя адносіны з Фінляндыяй.

Прычынай для вайны быў названы інцыдэнт артылерыйскага абстрэлу тэрыторыі СССР.  Праз шмат гадоў М. Хрушчоў пісаў, што гэты абстрэл быў арганізаваны савецкім камандармам 1-га рангу Р. Куліком.

Стратэгічнае становішча СССР па выніках вайны пагоршылася: быў падарваны яго міжнародны аўтарытэт, Ліга Нацый выключыла яго са сваіх членаў, Фінляндыя адышла ад палітыкі нейтралітэту і зблізілася з Германіяй.

У захопніцкай, вельмі непапулярнай у народзе  вайне СССР паказаў сваю слабасць: 131 476 забітымі і згінуўшымі без весткі (страты фінаў – 22 830), 200 000 параненых, 51 000 захварэўшых. Страты 406 самалётаў супраць 62 фінскіх, 653 танкаў супраць 50 фінскіх.

За баявыя подзвігі ў савецка-фінляндскай вайне 20 беларусам і ўраджэнцам Беларусі было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, у тым ліку В. Кучараваму з Чэрыкава, І. Саламонікаву з-пад Магілёва, А. Целешаву з-пад Чавус. 

1944 год. Нямецкімі захопнікамі створаны тры Азарыцкія лагеры смерці ў Даманавіцкім (зараз Калінкавіцкі) раёне ў якасці жывой заслоны на шляху наступу Чырвонай арміі.

Створаны па загаду камандзіра 9-й арміі Ё. Гарпэ. У лагеры прыгналі каля 50 000 жыхароў Гомельскай, Магілёўскай і Палескай абласцей БССР, Смаленскай і Арлоўскай РСФСР.

Папярэдне ў лагеры завезлі хворых на сыпны тыф, каб сарваць наступ Чырвонай арміі за кошт эпідэміі сярод вайскоўцаў.

19 сакавіка 1944 года наступаючыя часткі Чырвонай арміі знайшлі гэтыя лагеры на балотах. Подступы да іх былі замінаваныя. Ніякіх пабудоваў, нават лёгкага тыпу, на тэрыторыі лагераў не было. Зняволеныя размяшчаліся на зямлі. Ім было забаронена разводзіць вогнішчы, збіраць галлё для падсцілкі.

З  трох лягераў вызвалілі 33 480 чалавек, з іх 15 960 (48 %) дзяцей да 13 гадоў і 13 072 (39 %) жанчынаў, 4 448 (13 %) старых.

У 1965 годзе на месцы лагераў узвялі мемарыяльны комплекс, у 2004 годзе ў Азарычах адчынілі Музей памяці.

2006 год. На Замкавай плошчы ў Варшаве прайшоў першы канцэрт пад лозунгам «Салідарныя з Беларуссю».

Праведзены напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

“Салідарныя з Беларуссю” – серыя канцэртаў, праведзеных польскай грамадскай арганізацыяй Ініцыятыва «Вольная Беларусь» у Варшаве на Замкавай плошчы. На канцэртах выступалі польскія і беларускія музыкі Л. Вольскі, Зм. Вайцюшкевіч, А. Кулінковіч, Руся і іншыя.

Другі канцэрт быў праведзены 25 сакавіка 2007, трэці – 30 сакавіка 2008 года.

1988 год. Нарадзілася Марына Літвінчук (Паўтаран).

Беларуская вяслярка на байдарцы. Трохразовая чэмпіёнка свету, шасьціразовая чэмпіёнка Еўропы, двухразовы бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў (2012, 2016).

Чэмпіёнка Еўропы 2011 году ў гонцы-адзіночцы на 5000 м, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы.

1999 год. У блок НАТА ўступілі Чэхія, Польшча і Венгрыя.

Гэта было 4-е пашырэнне ваенна-палітычнай арганізацыі краін Паўночнай Амерыкі і Еўропы, створанай на падставе Паўночнаатлантычнага дагавора ад 4 красавіка 1949 года. І першы выпадак уступлення былых сацыялістычных краін, былых членаў Варшаўскай дамовы 1955-1991 гадоў.

У 2004 годзе да НАТА далучыліся Балгарыя, Эстонія, Латвія, Літва, Румынія, Славакія, Славенія, у 2009 годзе – Албанія, Харватыя, у 2017 – Чарнагорыя, у 2020 – Паўночная Македонія.

Перамовы аб магчымым далучэнні вядуцца з Грузіяй, Сербіяй, Босніяй і Герцэгавінай, Украінай. Імкнецца ў НАТА і Малдова.

18 мая 2022 года прадстаўнікі Фінляндыі і Швецыі перадалі ў штаб-кватэру НАТА афіцыйныя заяўкі на далучэнне да Альянсу.

Беларусь удзельнічае ў Савеце еўраатлантычнага партнёрства з 1992 года, у праграме «Партнёрства дзеля міру» – з 1995 года. Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры НАТА адкрыта ў 1998 годзе. 

Адносіны Беларусі з НАТА застаюцца складанымі. Першае сур’ёзнае абвастрэнне адбылося пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Наступны віток супрацьстаяння адбыўся ў 2020-2021 гадах на фоне беларускіх пратэстаў, інцыдэнта з самалётам Ryanair і інструменталізацыі нелегальных мігрантаў на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой.

У сувязі з уварваннем Расіі ва Украіну ў 2022 годзе, у Беларусі нечакана заявілі аб гатоўнасці супрацоўнічаць з НАТА.