Хто з Магілёўшчыны трапіў пад новыя санкцыі ЕС – расказваем

16 снежня Рада Еўрапейскага Саюза ўвяла новыя санкцыі супраць беларускіх арганізацый і фізічных асобаў, што садзейнічаюць абыходу раней уведзеных санкцый, фабрыкуюць палітычныя прысуды і адказваюць за катаванне і нечалавечае абыходжанне палітзняволеных. У агульны спіс увайшлі 26 фізічных асоб і дзве юрыдычныя. Цалкам гэты спіс можна знайсці тут.

Адзінай асобай з Магілёўшчыны, што трапіла пад новыя санкцыі, з’яўляецца Сяргей Петраковіч, начальнік калоніі №9 у Горках (на фота). Вядома, што ён асабіста адказвае за бесчалавечае абыходжанне, здзекі і катаванні над палітычнымі вязнямі. Так, па яго загадзе каля 10 разоў саджалі ў ШІЗА палітзняволенага Міхаіла Жамчужнага. Па сведчанні апошняга, аднойчы ў горацкай калоніі яго спрабавалі забіць – пісалі mogilev.media.

“Асноўная мэта нашай установы – не пакаранне асуджаных, а менавіта выпраўленне. Мы робім усё, каб крымінальнае мінулае засталося ў мінулым. У чалавека павінны быць перспектывы, новыя гарызонты…” – так распавядае пра сваю працу Сяргей Петраковіч у інтэрв’ю мясцовай прэсе.

Фота: luka.zone

Адна прапагандыстка і тры суддзі – вось хто з Магілёўшчыны трапіў пад новыя санкцыі ЕС

Сёння Рада Еўрапейскага Саюза абвясціла пра новы пакет персанальных санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў “за іх ролю ў існуючых унутраных рэпрэсіях і парушэннях правоў чалавека ў Беларусі”. Усяго пад санкцыі трапілі 28 чалавек. Чатыры з іх прадстаўляюць Магілёўшчыну, альбо паходзяць з нашага рэгіёна.

Самай высокапастаўленай ураджэнкай Магілёва ў спісе з’яўляецца генеральны дырэктар БелТА Ірына Акуловіч. Яна пачынала працаваць у рэгіянальнай журналістыцы, а на пасаду кіраўніка самай буйной дзяржаўнай інфармацыйнай агенцыі краіны была пераведзеная з Магілёўскага абласнога тэлебачання, дзе таксама займала пасаду дырэктара.

Акулович под санкциями

Таксама ў санкцыйны спіс трапілі тры суддзі з Магілёўшчыны. Гэта суддзі Магілёўскага абласнога суда Ігар Шведаў і Ігар Зямцоў, а таксама суддзя суда Бабруйскага раёна і г. Бабруйска Антон Дудаль.

“Сённяшні спіс уключае розных прадстаўнікоў судовай сістэмы, а менавіта пракурораў і шматлікіх суддзяў, якія выносілі палітычна матываваныя рашэнні, у тым ліку ў дачыненні да грамадзянаў, якія выступалі супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 г., ці проста выказвалі ўласнае меркаванне супраць рэжыма Лукашэнкі.  – гаворыцца ў заяве Рады ЕС – Нарэшце, у спіс уключана таксама група доўгатэрміновых прыхільнікаў Лукашэнкі, якія атрымоўвалі выгоды ад рэжыма.”

Агулам абмежавальныя меры ЕС у дачыненні Беларусі прымяняюцца цяпер да 261 асобы і 37 юрыдычных асоб.

Фота: consilium.europa.eu