Былы міліцыянер з Берасця, які ў свой час скончыў Магілёўскі вышэйшы каледж МУС, блогер і вандроўнік Руслан Сахарчук асуджаны па абвінавачванні ў «распальванне варожасці».
Як даведалася “Наша ніва”, Сахарчуку 48 гадоў. Пасля заканчэння вучобы ў Магілёве ён вярнуўся ў Берасце, дзе працаваў у Ленінскім РАУС і даслужыўся да звання капітана. У 2008 годзе ён быў звольнены з органаў унутраных спраў за ўчынкі, якія “дыскрэдытуюць гонар міліцыянера” — фармулёўка, што звычайна хавае пад сабой як дысцыплінарныя парушэнні, так і палітычныя матывы.
Пасля звальнення Сахарчук доўгі час не з’яўляўся ў публічнай прасторы, пакуль нечакана не аб’явіўся… у Афрыцы. Апошнія два гады ён жыў і працаваў у Кеніі, адкуль вёў аўтарскі YouTube-канал From Africa to Belarus. У сваіх відэа ён распавядаў пра афрыканскі побыт, сацыяльныя звычаі, асабісты досвед, а таксама нярэдка крытыкаваў сітуацыю ў Беларусі. Менавіта гэтыя выказванні, паводле ўсіх прыкмет, і сталі падставай для ягонага пераследу.
Толькі нядаўна стала вядома, што Сахарчука судзілі ў Берасцейскім абласным судзе. Яго прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь — «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці». Гэты артыкул часта выкарыстоўваецца ў дачыненні да палітычных блогераў, аналітыкаў і нават простых карыстальнікаў сацсетак, чые выказванні не супадаюць з пазіцыяй улады.
У спісе «экстрэмістаў» на сайце МУС побач з прозвішчам Сахарчука пазначана: «адбывае пакаранне». Аднак, паводле інфармацыі ад назіральнікаў, ён пакуль знаходзіцца на волі — хутчэй за ўсё, на “хіміі” з адтэрміноўкай да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яго відэа ў YouTubе і дагэтуль абнаўляюцца.
Фота з адкрытых крыніц