Мікалаеў: здраднік арыштаваны на нарадзе ў мэра. Асуджана чарговая калабарантка

У Мікалаеве Служба Бяспекі Украіны арыштавала здрадніка, расійскага шпіёна публічна, каб усе яго бачылі. 

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

21 кастрычніка падчас сустрэчы з мэрам Мікалаева быў затрыманы расійскі агент – кіраўнік камунальнага прадпрыемства «Мікалаеўская рытуальная служба».

Чыноўнік перадаваў акупантам персанальныя дадзеныя вайскоўцаў Узброеных Сіл Украіны і інфармаваў расійцаў аб працы аб’ектаў крытычнай інфраструктуры ў Мікалаеве.

Акрамя таго, здраднік збіраў разведдадзеныя аб размяшчэнні і маршрутах перамяшчэння падраздзяленняў узброеных сіл на тэрыторыі Мікалаеўскай вобласці, а таксама распавядаў ворагу аб сітуацыі з інфраструктурай Мікалаева. 

Таксама ў яго задачы ўваходзіла арганізаваць магутную агентурную прарасійскую сетку на тэрыторыі Мікалаеўшчыны.

Пазней пра падрабязнасці затрымання распавёў мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч. Аказваецца, СБУ папярэдзіла яго аб маючым адбыцца затрыманні і было вырашана публічна арыштаваць, каб усе бачылі здрадніка.

У гэты ж дзень у Мікалаеве абралі меру стрымання 49-гадовай жанчыне, якая падазраецца ў распаўсюджванні інфармацыі аб дыслакацыі падраздзяленняў ВСУ і апраўдванні ўзброенай агрэсіі Расіі, пра што паведамілі ў Цэнтральным раённым судзе горада.

Жанчына далучылася да некалькіх тэлеграм-каналаў, выкарыстоўваючы псеўданім, які павінен быў схаваць яе пол і ўзрост. Пры гэтым яна дакладна ведала, што названыя каналы выкарыстоўваюцца спецслужбамі Расіі для збору інфармацыі аб размяшчэнні ўзброеных фарміраванняў Украіны.

У далейшым яна неаднаразова публікавала там інфармацыю аб перамяшчэнні падраздзяленняў ВСУ ў Мікалаеве і Мікалаеўскай вобласці, у тым ліку, далучаючы да паведамленняў адпаведныя фотаматэрыялы. Акрамя таго, падчас зносін у названых каналах, яна апраўдвала ўзброеную агрэсію Расіі, выказвала надзею на хуткую акупацыю Мікалаева.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

фота: lenta.ua