Літва папрасіла спыніць БелАЭС – фіксіруюцца забруджванне, выкід радыёнуклідаў

Літоўская дзяржаўная інспекцыя па бяспецы атамнай энергетыкі (ДІБАЭ) паведаіла, што ў мінулы чацвер накіравала ліст у Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі з заклікам спыніць эксплуатацыю і пуск 1 і 2 энергаблокаў Беларускай АЭС у Астраўцы – піша Delfi.

Электрастанцыю просяць не эксплуатаваць да таго часу, пакуль не будуць вырашаны ўсе пытанні ядзернай бяспекі. “Большасць пытанняў забеспячэння ядзернай бяспекі да гэтага часу не вырашана. ДІБАЭ нагадала, што ўсё яшчэ чакаюць адказаў на пастаўленыя пытанні бяспекі, звязаныя з выбарам і ацэнкай пляцоўкі, устойлівасцю пэўнага крытычнага для бяспекі абсталявання Беларускай АЭС да сейсмічных з’яў і наступстваў авіякатастрофы буйнога камерцыйнага самалёта, выкананнем рэкамендацый па стрэс-тэстах, імавернаснай ацэнкай бяспекі, ацэнкай пажарнай рызыкі і іншыя пытанні бяспекі” – гаворыцца ў паведамленні ДІБАЭ.

Сцвярджаецца, што ДІБАЭ просіць беларускія органы патлумачыць апублікаваную інфармацыю аб тым, што контур ахаладжэння рэактара 2-га энергаблока станцыі быў забруджаны арганічнымі рэчывамі, а другаснага цыркуляцыйнага контуру 1-га энергаблока – радыёнуклідамі. Інспекцыя таксама запытала растлумачэнні па недахопах мацавання корпуса рэактара, а таксама па выяўленых дэфектах і незавершаных работах.

Копіі ліста былі накіраваныя ў Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), Еўрапейскую камісію, Еўрапейскую групу па наглядзе ў сферы ядзернай бяспекі і Асацыяцыю заходнееўрапейскіх органаў рэгулявання ядзернай бяспекі. 

Згодна з праграмай паэтапнага энергапуску, 13 мая да сеткі ўпершыню быў падключаны другі энергаблок Беларускай АЭС у Астраўцы – ён паставіў у аб’яднаную энергасістэму краіны першыя кілават-гадзіны электраэнергіі.

Фота: Delfi

«Лічым неабходным». Мінкульт узяўся дзяліць беларускіх дзеячаў на сваіх і чужых

Міністэрства культуры патрабуе ад выканаўчай улады на месцах папярэдне ўзгадняць, чыймі імёнамі тыя збіраюцца называць установы культуры. Адпаведны дакумент ведамства разаслала аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму. Зварот да чыноўнікаў складзены на рускай мове, датаваны 2 жніўня і падпісаны міністрам культуры Анатолем Маркевічам.

«У мэтах прыняцця ўзгодненых, абгрунтаваных рашэнняў аб прысваенні ўстановам культуры імёнаў выбітных дзеячаў, знаных людзей, Міністэрства культуры лічыць неабходным пры папярэднім разглядзе пытання накіроўваць на ўзгадненне адпаведныя прапановы ў Міністэрства культуры» – гаворыцца ў дакуменце.

Дакумент быў дасланы чытачом аднаму з інтэрнэт-выданняў. Атрымаць каментар аб яго сапраўднасці і падставах для з’яўлення ў Міністэрстве не ўдалося. Адсутнічае ён і на сайце ведамства.

Зварот Мінкульту да чыноўнікаў выканкамаў выдадзены на фоне падзеяў, звязаных з намерамі надаць бібліятэцы ў Астраўцы імя Адама Мальдзіса. Мясцовы райвыканкам 24 чэрвеня пастанавіў назваць установу культуры ў гонар выбітнага дзеяча навукі і культуры. Потым у справу ўмяшаліся ідэолагі з Гродненскага аблвыканкаму. 29 чэрвеня Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы пастанавіла рашэнне райвыканкаму прыпыніць.

Адам Мальдзіс нарадзіўся ў Астраўцы. Ён аўтарытэтны навуковец, грамадскі і культурны дзеяч. У гістарычнай аповесці «Восень пасярод вясны», напісанай у 1984 годзе ён на аснове адной з легендаў Астравеччыны, звёў разам паўстанца Каліноўскага, літаратара Сыракомлю, актрысу Хэлену Маеўскую-Кіркор і іншых герояў беларуска-польска-літоўскай гісторыі.

У 1991-2005 гадах Адам Мальдзіс узначальваў Міжнародную асацыяцыю беларусістаў, ля вытокаў якой таксама стаяў.

Памёр сёлета на 89 годзе жыцця.

Фота з адкрытых крыніцаў у інтэрнэце