Дзень у гісторыі. 8 снежня. Жыгімонт Стары абраны каралём польскім. Забойства Джона Ленана. Скасаванне СССР, утварэнне СНД

Міжнародны дзень мастака (International Artist Day, з 2007 года). 

Устаноўлены па ініцыятыве Міжнароднай Асацыяцыі “Мастацтва народаў свету”.

Гэта не адзіная дата, што звязана з прафесіяй мастака. Некаторыя творчыя аб’яднанні прапануюць правядзенне свята 25 кастрычніка, у дзень нараджэння Пабла Пікаса.

Прафесіі мастака тысячы гадоў – яшчэ старажытныя людзі стваралі карціны наскальнага жывапісу, выявы, якія прадстаўлялі сабой адлюстраванне іх бытнасці і паўсядзённага існавання.

Дзень мастака – гэта свята не толькі прафесіяналаў і аматараў жывапісу. Творчасць захоўвае ў чалавеку магчымасць радавацца свету і любіць яго.

Знаёмства з выяўленчым мастацтвам дазваляе не толькі пашырыць свае веды і кругагляд, але і далучыцца да гэтага цудоўнага свету. Бо, усе мы калісьці спрабавалі свае сілы, узяўшы ўпершыню ў рукі аловак і пэндзлі…

Дзень мастака

 

1154 год. Расціслаў Мсціславіч стаў вялікім князем кіеўскім. 

Князь смаленскі (1125-1159), вялікі князь кіеўскі (1154, 1159-1167), заснавальнік дынастыі смаленскіх князёў.

У гады яго княжання Смаленскае княства дасягнула росквіту і ахапіла тэрыторыі Верхняга Падняпроўя і Верхняга Паволжа, заснаваны Мсціслаў, Смаленская епархія (1136), да якой адносіліся Копысь, Лучын, Басея, Мірачыцы, Вітрына, Прупой, Крэчут.

Памёр у 1167 годзе. Пахаваны ў Кіеве ў Фёдараўскім манастыры.

За міралюбнасць, імкненне вырашаць спрэчкі мірным шляхам і дапамогу царкве атрымаў мянушку Набожны. Прылічаны да ўгоднікаў божых і ўваходзіць у Сабор беларускіх святых. Дзень святкавання памяці Расціслава Мсціславіча 14 (27) сакавіка.

 

1432 год. Ашмянская бітва паміж войскамі вялікіх князёў Свідрыгайлы Альгердавіча і Жыгімонта Кейстутавіча. 

Першая буйная бітва феадальнай вайны ў ВКЛ.

Войска Свідрыгайлы, у тым ліку значная дапамога з Цверы, выйшла з Ашмян і неўзабаве спаткала сілы Жыгімонта Кейстутавіча, якія складаліся з літоўцаў, жамойтаў і палякаў Драгічынскай зямлі. 

Да абодвух бакоў маглі падыйсці падмацаванні ад саюзнікаў, аднак яны не сталі гэтага чакаць. Бітва працягвалася да ночы. Колькасная перавага была на баку Свідрыгайлы, і спачатку ён браў верх і тры мілі гнаў праціўніка. 

Жыгімонт, аднак, здолеў пераламіць ход бітвы і змусіў Свідрыгайлу ўцякаць. У палон патрапілі многія значныя прыхільнікі Свідрыгайлы, у тым ліку князі Юрый Лугвеневіч, Федка Адынцэвіч, Мітка Зубравіцкі, Васіль Красны, баяры Юрый Гедыгольд, Юшка Гойцавіч.

Свідрыгайла страціў 10 000 забітымі і 4 000 палоннымі.

Фота: Свідрыгайла Альгердавіч, Вялікі князь Літоўскі

 

1506 год. Жыгімонт Стары абраны каралём польскім. 

Жыгімонт І (1467-1548) – пяты сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы. Да гэтага 20 кастрычніка 1506 года быў абраны на велікакняжацкі сталец. 

Імнуўся ўмацаваць дзяржаву. Пры ім быў уведзены Статут Вялікага Княства Літоўскага (1529), распаўсюдзілася Рэфармацыя,  што садзейнічала далейшаму ўздыму гуманізму і адукацыі.

Вёў абарончыя войны супраць Маскоўскай дзяржавы. Пры ім да Польшчы была далучана Мазовія.

Вядомы як мецэнат. Падтрымаў першадрукара Францыска Скарыну.

 

1914 год. Нарадзіўся Часлаў Сіповіч. 

Грэка-каталіцкі біскуп, актыўны дзеяч беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі. Доктар тэалогіі.

У Брытаніі выступаў з рэфератамі гісторыка-культуралагічнага характару на курсах беларусазнаўства. Заснавальнік Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны.

Член рэдкалегіі навуковага часопіса «The Journal of Byelorussian Studies».

Генерал ордэна айцоў марыянаў у Рыме. Ганаровы віцэ-прэзідэнт Таварыства Яна Златавуста ў Лондане.

Член Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.

Памёр   4 кастрычніка 1981 года.

 

1922 год. Выданне Леапольдам Родзевічам у Вільні першага нумару газеты «Наша будучыня». 

Беларуская газета, выдавалася з 8 снежня 1922 да 14 студзеня 1923 года партыяй беларускіх эсэраў. Выйшла 9 нумароў, з якіх 2 былі сканфіскаваны. 

Рэдактар-выдаўцом з’яўляўся А. Амельяновіч. 

У выданні друкаваліся артыкулы і творы І. Канчэўскага, Л. Родзевіча, А. Луцкевіча, М. Запольскага, Н. Арсенневай, У. Дубоўкі, Якуба Коласа і іншых.

Пасля яе закрыцця, выдаваліся газеты «Наша Жыццё» і «Вольны Сцяг».

Фота: Леапольд Родзевіч

 

1935 год. Нарадзіўся Эдуард Скобелеў. 

Беларускі рускамоўны дзіцячы пісьменнік, паэт, грамадскі і палітычны дзеяч. Заслужаны дзеяч культуры.

Знаходзіўся на дыпламатычнай службе, працаваў у апараце ЦК КПБ, галоўным рэдактарам часопіса «Інфармацыйны бюлетэнь адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры за кнігі для дзяцей «Новыя незвычайныя прыгоды Арбузіка і Бябешкі» і «Дзіўныя прыгоды пана Дылі…».

Аўтар прыгодніцкіх кніг для дзяцей.

Памёр 15 кастрычніка 2017 года.

 

1937 год. Памер у ГУЛАГУ Антон Грыневіч. 

Збіральнік беларускага музычнага фальклору, выдавец.

Заснавальнік «Выдавецтва Антона Грыневіча» (1910) у Санкт-Пецярбургу, удзельнік суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца».

Да рэвалюцыі выдаў сваім коштам два тамы «Беларускія песні з нотамі», зборнікі паэзіі Янкі Купалы  «Гусляр», «Адвечная песня», тры зборнікі апавяданняў Якуба  Коласа, першую кнігу У. Галубка «Апавяданні», зборнікі навел Таўруса і Гвазда.

Выдавец чатырох кніг па спевах, падрыхтаваў да друку зборнікі «Аднагалосыя, двухгалосыя і шматгалосыя народныя песні», «Дзіцячыя гульні» і іншыя. Аўтар «Праграмы-інструкцыі для збіральнікаў беларускай музычна-этнаграфічнай творчасці» (часопіс «Наш край»).

Загадчык мастацкай падсекцыі Белнацкому, Беларускага народнага дому, сакратар музычнай падсекцыі Інбелкульту, супрацоўнік Акадэміі навук БССР. Удзельнік этнаграфічных экспедыцый на Палессі, на Полаччыне, у паўночных раёнах Беларусі.

Арыштаваны ў 1933 годзе. Вязень ГУЛАГу.

 

1937 год. Расстраляны НКУС Ігнат Дварчанін. 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, скарыназнаўца, паэт, пісьменнік, доктар філасофіі.

Удзельнік Першай сусветнай вайны, падпаручнік, член Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, сакратар культурна-асветніцкага аддзелу Белнацкаму ў Маскве, Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта, Цэнтральнай беларускай школьнай рады.

Укладальнік “Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры” (1927).

У 1930 годзе рэпрэсаваны польскімі ўладамі  (8 год турмы), але ў 1932 годзе трапіў пад абмен палітвязнямі паміж СССР і Польшчай. Працаваў у АН БССР у камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі, выконваў абавязкі дырэктара Інстытуту мовазнаўства.

Арыштаваны ў 1933 г., сасланы на Салаўкі.

Загінуў у лагерах і ягоны родны брат Іларыён Дварчанін, беларускі грамадскі дзеяч.

Ігнат Дварчанін

 

1937 год. Расстраляны НКУС Язэп Гаўрылік. 

Дзеяч беларускага руху ў Заходняй Беларусі.

Адзін з заснавальнікаў Радашковіцкай беларускай гімназіі ім. Ф. Скарыны, актыўны дзеяч Таварыства беларускай школы.

Абіраўся паслом у сойм Другой Рэчы Паспалітай па спісе Рабоча-сялянскага адзінства.

Адзін са стваральнікаў і старшыня рэвалюцыйна-дэмакратычнай і нацыянальна-вызваленчай арганізацыі «Змаганне».

У 1931 годзе асуджаны польскімі ўладамі. У 1932 годзе абменены на палітычных вязняў з СССР. Працаваў у Наркаме асветы БССР.

Арыштаваны ДПУ ў 1933 годдзе, у 1934 годзе прыгавораны да расстрэлу, які замянілі на 10 гадоў высылкі. Вязень ГУЛАГу ў Салавецкім лагеры і лагерах Беламорска-Балтыйскага каналу.

У 1937 годзе прыгавораны да расстрэлу.

1955 год.  Парламенцкая асамблея Савета Еўропы зацвердзіла афіцыйны сцяг гэтай арганізацыі, які пасля перайшоў у спадчыну да Еўрасаюза.

Сцяг уяўляе сабой блакітнае прастакутнае палотнішча, у цэнтры якога па крузе размешчаныя 12 пяціканцовых залатых зорак. 12 сімвалізуе дасканаласць і паўнату, як 12 знакаў задыяку прадстаўляюць увесь сусвет.

Аўтар сцяга Хейтц прызнаўся ў 1990-я гады, што ён узяў ідэю з іконы Маці Божай з зорным вянком на блакітным фоне.

 

1980 год. У Нью-Ёрку забіты лідар “The Beatles” Джон Ленан. 

Яго забіў псіхічна неўраўнаважаны 25-гадовы фанат Марк Чэпмэн. У 22:50 Джон разам з жонкай Ёка Она, вярнуўшыся са студыі гуказапісу, каля свайго дома сустрэў натоўп фанатаў, якія прагнулі аўтографа. Сярод іх быў і Чэпмэн. Ён зрабіў пяць стрэлаў з рэвальвера 38-га калібру, з якіх чатыры дасягнулі мэты.

Забойца прагнуў прыцягнуць ўвагу да сябе, самазацвердзіцца. Суд прыгаварыў яго да пажыццёвага зняволення.

Апошняе фота Ленана: ён дае аўтограф свайму забойцу М. Чэпмэну
Апошняе фота Ленана: ён дае аўтограф свайму забойцу М. Чэпмэну

 

1991 год. У Белавежскай пушчы кіраўнікамі БССР, РСФСР і УССР дэнансаваны дагавор аб стварэнні СССР. 

Кіраўнікі Расіі Барыс Ельцын, Украіны Леанід Краўчук і Беларусі Станіслаў Шушкевіч падпісалі ў рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы пагадненне аб дэнансацыі дагавора аб стварэнні Саюза ССР ад 1922 года і дамову аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якое павінна было стаць прынцыпова іншым, у параўнанні з Савецкім Саюзам, аб’яднаннем рэспублік.

Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў Пагадненне аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў 10 снежня 1991 года.

Кіраўнікі іншых рэспублік СССР, акрамя Латвіі, Літвы, Эстоніі, Грузіі, выказалі жаданне, каб іх дзяржавы сталі раўнапраўнымі членамі – заснавальнікамі СНД.

 

1999 год.  Утварэнне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. 

У Маскве адбылося падпісанне Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, была прынята Праграма дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Саюзная Дзяржава – саюз Расіі і Беларусі з патэнцыйна адзінай палітычнай, эканамічнай, ваеннай, мытнай, валютнай, юрыдычнай, гуманітарнай, культурнай прасторай.

Кожная дзяржава захоўвае суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, дзяржаўны лад, Канстытуцыю, дзяржаўны сцяг, герб.

Вышэйшы орган Саюзнай дзяржавы — Вышэйшая Дзяржаўны Савет, у склад якой уваходзяць кіраўнікі дзяржаў, кіраўнікі ўрадаў, кіраўнікі палат парламентаў дзяржаў-удзельніц.

Выканаўчы орган Саюзнай дзяржавы — Савет Міністраў.

Прадстаўнічы і заканадаўчы орган — Парламент.