1 чэрвеня – дзень, багаты на святы

У шэрагу славянскіх краін першы летні месяц называецца “чэрвень” і Беларусь не выключэнне. На першы дзень чэрвеня прыпадае шэраг міжнародных і нацыянальных святаў у розных частках свету. 

Адкуль паходзіць назва месяца

Назва месяца паходзіць ад слова «чэрвец» – жамяра, якая з’яўляецца акурат у гэты час. З яе некалі даўней здабывалі чырвоную фарбу, якой фарбавалі сцягі. Да гэтага месяц называўся: крэсень, гедзень, чарвівы месяц, гнілец, ізок (конік).

Паводле іншае версіі, назва з’явілася таму, што ў гэтым месяцы чырванеюць ягады.

Назва месяца выкарыстоўвалася ў старабеаларускай мове: як у літаратурнай, так і простанародных гаворках. Што цікава, народная назва месяца сустракаецца ў выданнях Францыска Скарыны —«чирвець», а таксама ў творах паэта часоў ВКЛ Андрэя Рымшы, дзе згадваецца як «чырвецъ». 

Назва месяца, якая ўжываецца ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, узнікла ў асяроддзі дзеячоў газеты «Наша ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912, калі ў календары «Нашай нівы» былі пададзеныя прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі. Цікава, што дагэтуль у газеце ўжывалі не толькі «чэрвень», але і форму «юнь».  

Аналагічная назва месяца з ідэнтычным напісаннем ёсць і ва ўкраінскай мове. У чэшскай месяц пішацца як «červen» і гучыць амаль як у беларуска мове. У палякаў першы летні месяц гучыць як «czerwiec» – «чэрвец»

Згодна народным прыкметам, калі ў першы і другі дзень чэрвеня лье дождж, то ўвесь месяц будзе сухі.

Сусветны дзень бацькоў

Шмат хто ведае, што першага чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень дзяцей, але няшмат здагадваюцца пра яшчэ адну міжнародную падзею, якая прыпадае на гэтую дату. Дату 1 чэрвеня Арганізацыя Аб’яднаных Нацый абвясціла Сусветным днём бацькоў, каб падзякаваць усім бацькам ва ўсіх частках свету за іх самаахвярную адданасць і прыхільнасць дзецям, іх ахвяры на працягу ўсяго жыцця для падтрымання добрых адносін у сям’і. 

Пад эгідай ААН Сусветны дзень бацькоў адзначаецца штогод 1 чэрвеня з 2013 года, хоць у розных краінах Дзень бацькоў адзначаецца ў іншыя даты. Аднак міжнародны дзень ушанавання ролі бацькоў у выхаванні дзяцей прыпадае менавіта на першы летні дзень. 

Нацыянальныя святы

У гэты дзень некаторыя краіны адзначаюць нацыянальныя святы. Напрыклад, Туніс адзначае Дзень канстатуцыі, якая была прынята 1 чэрвеня 1959 года. Новая канстытуцыя Туніса сталася актам пацвярджэння незалежнасці паўночнаафрыканскай краіны, якую яна здабыла ў 1956 годзе. Папярэдняя канстытуцыя была напісана пад уплывам фаранцузскай каланіяльнай адміністрацыі, што не хацела прызнаваць суверэннасць Туніса. 

Таксама першага чэрвеня як Дзень Мадарака (Дзень свабоды) святкуецца яшчэ ў адной афрыканскай краіне – Кеніі. Гэтае свята прысвечана гадавіне фарміравання першага чорнага ўрада ў Кеніі ў 1964 годзе, калі Кенія дасягнула незалежнага самакіравання і стала суверэннай дзяржавай.

Больш за тое, гэта дата звязваецца з падзеямі барацьбы жыхароў гэтай краіны за незалежнасць ад Брытанскай імперыі. Менавіта 1 чэрвеня 1962 года лідар Кенійскага афрыканскага саюза Джома Кеніата (Джонстоун Камау Уа Нгенгі) стаў прэм’ер-міністрам аўтаномнага ўрада Кеніі, а ўжо ўзімку 1963 года Кенія здабывае незалежнасць.  

Мадарака на суахілі (дзяржаўная мова Кеніі) азначае «Свабода, Моц, Незалежнасць, Улада».

1 чэрвеня адзначаецца Дзень прэзідэнта ў Палау   маленькай астраўной дзяржавы ў Філіпінскім моры Ціхага акіяна, у склад якой уваходзіць 328 астравоў (плошчай 458 квадратных кіламетраў), а насельніцтва складае крыху болей за 21 тысячу чалавек. 

У гэты дзень па ўсёй краіне праходзяць розныя мерапрыемствы, сярод якіх выступленні ансамбляў народных песень і танцаў, фестывалі, усеагульныя гулянні. Часта ў гэты дзень праводзяцца спецыяльна падрыхтаваныя для турыстаў цырымоніі. 

Фота з адкрытых крыніц