Дарога да пантоннай пераправы ў Чэрыкаве ператварылася ў кашу – як і разлічвалі праекціроўшчыкі

Праект адзінай дарогі, што звязвае Чэрыкаў з вёскамі за ракой Сож наогул не прадугледжваў вясновай паводкі, зімы і буйных машын. Планы памяняліся, а праект – не. 

Рамонт маста праз Сож абрастае новымі праблемамі. Першапачаткова праект будаўніцтва прадугледжваў, што ўсю зіму жыхары горада і раёна будуць і без маста, і без пантоннай пераправы – пісалі mogilev.media. Пры гэтым дзяцей з вёскі Гронава на левым беразе Сожа планавалася вазіць на вучобу праз радыёактыўна забруджаную зону ў вёску Майскае ў 25 кіламетрах.

У лістападзе 2022 года было ўсё ж вырашана пабудаваць пантонную пераправу яшчэ да зімы. Але, як высветлілася, “першапачаткова праектам рух транспарту па дадзеным аб’екце ў зімовы і паводкавы перыяды не прадугледжваўся” – паведаміў “Весніку Чэрыкаўшчыны” начальнік будаўнічага трэста №3 Крычава Дзяніс Шатуха. І, як вынікае, гэты праект не быў зменены пасля таго, як было прынятае рашэнне будаваць пантонны мост усё ж да зімы.

У выніку частка дарогі да пантона – гэта гравійка, якая пад веснавой распуціцай перыядычна ператвараецца ў кашу. 

“Прыйдзецца пацярпець”

Акрамя адзначанага, першапачаткова планавалася, што па дарозе будзе хадзіць толькі легкавы аўтамабільны транспарт. Сыходзячы з гэтага, была запраектавана пэўная канструкцыя дарожнага “адзення” – кажа Дзяніс Шатуха. Цяпер жа дарога натуральным чынам не вытрымлівае той нагрузкі, якая на яе прыходзіцца.

Чаму будаўнічай арганізацыяй быў рэалізаваны праект, які не ўлічваў змены ў рэжыме эксплуатацыі пантоннай пераправы, чыноўнік не патлумачыў.

У якасці кампенсацыйнай меры зараз на тым участку дарогі, які не мае цвёрдага пакрыцця, кожны дзень працуе грэйдар. Часткова гэта дапамагае вырашыць праблему, часткова не – аўтатранспарт пастаянна рызыкуе загвазнуць у каляіне. На гэта начальнік трэста заўважае: “Прыйдзецца нямнога пацярпець.”

Зрабіць больш трывалую дарогу будаўнікі змогуць толькі пасля поўнага падсыхання праблемнага ўчастка.

Фота: “Веснік Чэрыкаўшчыны”

Дзяцей у школу прапанавалі вазіць праз забруджаную зону – з-за рамонту маста пад Чэрыкавам наспявае крызіс

Усю зіму жыхары будуць без маста і без пантоннай пераправы, а судна на паветрранай падушцы можа перавезці максімум дзесяць чалавек.

Вёска Гронаў знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад Чэрыкава на левым беразе ракі Сож. Вёска не малая, апошнія перапісы паказвалі каля 300 жыхароў у населеным пункце. Рамонт чэрыкаўскага маста праз Сож, пра які пісалі Магілёў.media, стварыў цэлы шэраг праблем для вяскоўцаў. Днямі прайшоў сельскі сход грамадзян па гэтых праблемах – паведамляюць cherikovnews.by.

Найперш са складанасцямі сутыкнуліся бацькі, дзеці якіх выхоўваюцца альбо вучацца ў раённым цэнтры. На працягу ўсяго перыяду, калі праз раку не будзе функцыянаваць пераправа, яны не змогуць ездзіць у Чэрыкаў у дзіцячы садок альбо школу. Аб’езд праз Слаўгарад альбо Крычаў займае дзве гадзіны ў адзін бок. Адным са спосабаў вырашэння гэтай назручнасці вяскоўцам было прапанавана на час зімніх рамонтных работ перавесці дзетак на выхаванне і вучобу ў найбліжэйшую ўстанову – «Майскі КПК яслі-сад-базавая школа». Адлегласць ад Гронава да Майскага складае 25,5 кіламетра.

Дарога да Майскага, аднак, пралягае праз забруджаныя тэрыторыі з адселенымі вёскамі, на некаторых участках дарогі адсутнічае мабільная сувязь.

Іншай праблемай стала забеспячэнне Гронава работай экстрэнных служб. Не зразумела, як да вяскоўцаў будзе дабірацца хуткая дапамога альбо пажарная машына. З моманту, калі па мосце праз Сож спыніцца пешаходны рух, на пераправе будзе працаваць судна на паветранай падушцы. Аднак яго грузапад’ёмнасць абмяжоўваецца 8–10 чалавекамі. Пантонны мост жа мясцовыя ўлады абяцаюць узвесці толькі ўвесну.

Сход грамадзян завяршыўся нявызначанасцю для грамадзян – піша пра пасяджэнне раённая газета –  якія хацелі б пачуць больш дакладныя адказы на пытанне аб тым, як не адчуць сябе адрэзанымі ад жыцця пустэльнікамі на іншым беразе Сожа.

 

Мост праз Сож у Чэрыкаве закрыюць на рэканструкцыю на два гады

Грошы на рамонт выдзяляў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, але з-за санкцый прыйшлося перайсці на бюджэтнае фінансаванне.

15 кастрычніка мост цераз Сож у Чэрыкаве будзе цалкам закрыты для транспарту. Вялікагрузным і легкавым аўтамабілям прыйдзецца карыстацца мастамі ў Крычаве і Слаўгарадзе – да таго часу, пакуль у Чэрыкаве не пабудуюць пантонную пераправу. Але часовы наплыўны мост дазволіць перабрацца на другі бераг ракі толькі транспарту вагой да 10 тон. Больш важкім прыйдзецца шукаць іншыя шляхі. Рамонтныя работы разлічаныя на два гады – да кастрычніка 2024 года.

Пантонную пераправу плануецца ўзвесці ў Чэрыкаве да канца 2022 года. Зараз вядуцца працы па пракладцы пад’яздных дарог да пераправы. У самім Чэрыкаве аб’яздная дарога на час рамонту маста пройдзе па вуліцах Карла Маркса, Чырвонарэвалюцыйнай, Пралетарскай і Міра. На гэтым участку ўжо праведзена пашырэнне праезжай часткі, чакаюць матэрыялаў, каб пакласці асфальт. 

Аб’яздная дарога на левым беразе Сожа будзе гравійнай. У перыяд, калі мост праз раку будзе ўжо зачынены, а пантонная переправа яшчэ не ўзведзеная, паміж берагамі будзе курсіраваць судна на паветранай падушцы для транспарціроўкі аўтамашын.

Рамонт маста быў запланаваны яшчэ на летні перыяд 2022 года – паведамляе Cherikovnews.by. Грошы на гэта былі выдзелены Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. Аднак санкцыі ЕС замарозілі паступленне гэтых сродкаў. Пазней на рэканструкцыю маста сродкі былі выдаткаваны з рэспубліканскага бюджэту.