На харчаванне беларусы трацяць 40% сваіх даходаў – статыстыка

6% насельніцтва Магілёўскай вобласці жыве ніжэй бюджэта пражытачнага мінімумума.

Белстат апублікаваў дадзеныя аб узроўні жыцця хатніх гаспадарак у IV квартале 2022 года па выніках выбарачнага абследавання.

У адпаведнасці з афіцыйнай статыстыкай, у краіне ў IV квартале 2022 г. наяўныя рэсурсы ў  разліку на хатнюю гаспадарку склалі 1849 рублёў у месяц, у тым ліку ў гарадах і пасёлках гарадскога тыпу – 1926,9 рублёў у месяц, у сельскіх населеных пунктах – 1596,3 рублі ў месяц.

Грашовыя выдаткі ў разліку на хатнюю гаспадарку склалі 1758,9 рублёў у месяц, з якіх 1309,8 рублёў (74,5%) прыпадае на спажывецкія расходы.

Дамашнія гаспадаркі (сям’я) трацяць на харчаванне 39,3%, на нехарчовыя тавары – 34,4%, на аплату паслуг (уключая жыллёва-камунальныя) – 23,8% месячных рэсурсаў. 

Такім чынам, у беларусаў застаецца ўсяго 2,6% ад усіх сродкаў на адпачынак, вандроўкі, набыццё транспартных сродкаў, нерухомасці.

Пры гэтым, у еўрапейскіх краінах, у агульных выдатках затраты на жыллё (у тым ліку за ацяпленне, электраэнергію, водазабеспячэнне, каналізацыю) складаюць ад 9% на Мальце да 29% у ФРГ, Швецыі. На харчаванне ў ЕС расходуецца 7-12%, на нехарчовыя тавары – да 15%. Нармальная з’ява ў Еўропе, калі набываецца аўтамабіль, які каштуе 3-5 месячных заробкаў, і гэта не б/у – проста заробкі іншыя.

Паводле складзенай інфаграфікі, самы гаротны стан па доле насельніцтва, якое жыве ніжэй бюджэта пражытачнага мінімумуму, назіраецца ўжо ў 4-х з 7-мі беларускіх рэгіёнаў: У Магілёўскай – 5,9%, у Брэсцкай – 5,6, у Гомельскай – 5,5, у Віцебскай – 5,1%.

Дзівосы статыстыкі

Трэба заўважыць, што прыведзеныя дадзеныя статыстыкі ні на што не ўплываюць, ні аб чым не сведчаць і нічога асабліва не тлумачаць. Беларуская статыстыка жыве сама па сабе, народ – сам па сабе.

Напрыклад, афіцыйная статыстыка кажа, што ў кастрычніку 2022 года  сярэдні заробак па краіне склаў 1636,4 рублі, у лістападзе – 1648,2, у снежні – 1915,6 рублі. То бок, у сярэднім у апошнім квартале мінулага года сярэдні заробак складаў 1733,4 рублі ў месяц. А наяўныя рэсурсы ў разліку на хатнюю гаспадарку склалі 1849 рублёў у месяц, што, верагодна, азначае, што ўсе хатнія гаспадаркі складаюцца толькі з 1,1 чалавека, які мае заробак, альбо толькі з аднаго працаўніка і пенсіянера, працаўніка і інваліда, працаўніка і дармаеда, двух працаўнікоў з заробкам па 925 рублёў.