Крымскі мост узарваны, рух па ім цалкам спынены

Быў падарваны грузавы аўтамабіль. Першапачаткова афіцыйныя крыніцы заяўлялі пра пажар чыгуначных цыстэрн.

“Крымская чыгунка” заявіла, што 8 кастрычніка ў 06:05 на Крымскім мосце ў Керчанскім праліве адбыўся пажар. 

– Адбылося ўзгаранне паліўнай цыстэрны ў хвасце грузавога цягніка. Лакаматыў з часткай вагонаў выведзены на станцыю Керч. – паведаміў тэлеканал Крым24. 

Іншыя крыніцы, у тым ліку расійскія інфармацыйныя Тэлеграм-каналы і крымскі інфармацыйны партал kerch.fm паведамляюць пра выбух на мосце – са словаў відавочцаў. 

На фота, размешчаных у тым ліку на афіцыйным акаўнце “Крымскай чыгункі” ў соцстцы ВКонтакце бачна, што значная частка пралётаў аўтамабільнага адгалінавання маста абрынутыя. 

“Рух па Крымскім мосце цалкам закрыты, рыхтуецца запуск паромнай пераправы праз праліў” – гаворыцца ў паведамленні “Крымскай чыгункі”.

Украінскі бок афіцыйна яшчэ ніяк не каментаваў падзею. Папярэдне, пацярпелых у выніку інцыдэнта няма – гаворыцца ў паведамленнях крымскіх інфармацыйных агенцтваў.

“РИА-новости” паведамляе, што паводле заявы Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэта на Крымскім мосце быў падарваны грузавы аўтамабіль. У выніку выбуху былі часткова абрушаны два аўтамабільныя пралёты пераправы. Верагодна, у выніку падрыва аўтамабіля адбыўся пажар на чыгуначным адгалінаванні маста, па якім адначасова праяжджаў цягнік з паліўнымі цыстэрнамі.

Таксама з’явілася відэа, на якім бачны падрыў грузавіка падчас руху па Крымскім мосце.