Беларускія землі – прытулак для стараабраднікаў

У лістападзе адбыліся дзве падзеі, якія тычацца гісторыі стараабраднікаў Беларусі.  30 лістапада 1978 года заснаваны, а 1 лістапада 1987 пачаў працаваць Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярова. Гэта адзіны ў краіне музей стараабраднікаў.

Стараабраднікі ў Беларусі – гэта этнакультурная група, якая пачала фарміравацца з XVII стагоддзя. Стараабрадцы жывуць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Найбольш значныя іх цэнтры – Ветка Гомельскай вобласці, Браслаў і Відзы Браслаўскага раёна, Капусціна Кіраўскага раёна.

Стараабраднікі (стараверы) ў сярэдзіне XVII стагодзя, у праўленне царэўны Соф’і, уцякалі з Маскоўскай дзяржавы пасля раскола Рускай праваслаўнай царквы. Супраць тых, хто прытрымліваўся традыцый у веры, улада праводзіла палітыку рэпрэсій, якая падахвочвала да эміграцыі.

Значная частка тых, хто не прыняў царкоўную рэформу, адразу ж накіравалася ў Рэч Паспалітую. Стараабраднікі заснавалі на беларускіх землях два буйныя цэнтры – вакол Браслава і Відз (Падзвінне) і вакол Веткі (Палессе).

Спецыяльная камісія ўраду Рэчы Паспалітай на чале з А. Пацеем была накіравана ў 1690 годзе ў Ветку для азнаямлення са слабодамі (іх хутка узнікла 14 пад агульнай назвай Ветка) старавераў. Камісія прыйшла да высновы, што мігранты не ствараюць пагрозы для дзяржавы. Каталіцкая царква разглядала стараабраднікаў, як групу адыходзячых ад праваслаўя. Таму кароль Рэчы Паспалітай Ян III Сабескі ў 1691 годзе дазволіў праціўнікам рэлігійнай рэформы праваслаўнай царквы свабодна жыць у дзяржаве.

Сённяшні горад Ветка – цэнтр раёна Гомельскай вобласці. Заснаваны стараабраднікамі ці то ў 1685, ці то ў 1667 годзе на землях мазырскага старосты Карла Халецкага (каля Веткі – іх маёнтак Хальч). Вядома, што ў Ветцы бываў Емяльян Пугачоў – пазней кіраўнік сялянскага паўстання. У 1764 годзе ён удзельнічаў у карнай экспедыцыі расійскіх войскаў на Веткаўшчыну, каб прымусіць старавераў вярнуцца на радзіму.

Гэта быў не першы падобны выпадак. Маскоўская дзяржава варожа аднеслася да ідэі ўзнікнення пасяленняў стараабраднікаў на тэрыторыі Беларусі.Упершыню расійскія войскі перайшлі дзяржаўную мяжу і ўварваліся на тэрыторыю іншай дзяржавы яшчэ ў 1735 годзе. Былі спустошаны веткаўскія слабоды, большасць насельніцтва, па розных крыніцах ад 14 да 40 тысяч стараабраднікаў была выселена ў Расійскую імперыю. 

Поўнасцю была вынішчана Ветка, якая мела амаль 40 000 насельнікаў (для параўнання, у Гомелі жыло 5 000). Трагічныя падзеі паўтарыліся ў 1764 годзе, «другая выганка», калі была выселена 20 000, галоўным чынам, у Сібір. Тыя, хто выратаваўся ад гвалтоўнай дэпартацыі, рассялілася па ўсім Мінскім ваяводстве, патрапілі на тэрыторыю сённяшніх Бабрусйкага, Кіраўскага і некаторых іншых раёнаў.

Колькасць стараабраднікаў на Беларусі да 1914 года дасягнула 100 000  чалавек. Стараабраднікі мелі драўляныя храмы. Толькі ў Відзах, дзе існавалі каталіцкая, праваслаўная, стараверская, мусульманская, юдзейская і пратэстанцкая абшчыны, быў пабудаваны першы стараабадніцкі мураваны храм Успення Прасвятой Багародзіцы. Ён быў узведзены ў 1907-1910 гадах па праекце ўраджэнца Мсціслаўшчыны Лявона Вітана-Дубейкаўскага.

царква ў Відзах

Зараз на тэрыторыі Магілёўскай вобласці вядомы 7 стараабрадніцкіх абшчын: у Магілёве (1), Бабруйску (3), Бабруйскім (2, у тым ліку ў в. Багушоўка), Кіраўскім (в. Капусціна, маецца царква) раёнах.

У XVIII стагоддзі сфарміравалася асобная рэлігійная традыцыя стараабраднікаў, вылучалася веткаўская школа кніжнай графікі і арнаменту. Для яе характэрны спалучэнне “старадрукаванага” стылю са стылем “маскоўскага барока”, шырокае выкарыстанне расліннага арнаменту. У застаўках і буквіцах выкарыстоўваліся выявы жывёл, птушак і насякомых. Кнігі мелі багатую каляровую гаму.

Набыла вядомасць веткаўская школа іканапісу («веткаўскі абраз»), для якой характэрна спалучэнне старажытных традыцый з новымі элементамі ў тэхніцы. Асаблівую ўвагу даследчыкаў прыцягвае іканаграфія Міколы Агіднага. Спалучэнне канонаў візантыйскай і рускай праваслаўных цэркваў з тэхнікай маскоўскіх, наўгародскіх, украінскіх і беларускіх майстроў тлумачыцца тым, што Ветка мела статус рэлігійнага цэнтра стараверства, да якога імкнуліся ўсе выдатныя майстры.

Склалася самабытная школа веткаўскай разьбы.

Адзіны на тэрыторыі краіны музей, дзе можна азнаёміцца з унікальнымі помнікамі веткаўскай разьбы, кніжнай графікі і арнаменту, «веткаўскімі абразамі» – Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый. Музей носіць імя выхадца са стараабрадніцкага асяродку, ураджэнца і жыхара Веткі, гарачага прыхільніка і прапагандыста мясцовай культуры, збіральніка прадметаў даўніны, заснавальніка музея Фёдара Рыгоравіча Шклярова (1925-1988).