Навіны пабрацімаў. Дзень незалежнасці Ўкраіны больш за 300 жыхароў Мікалаева адзначаюць у шпіталях. Не абышлося без расійскіх атак

У лякарні людзі трапілі праз раненні, атрыманыя пад абстрэламі расійскіх войск. 7 чалавек, з іх двое дзяцей, трапілі ў шпіталь за апошні дзень.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


У мясцовых шпіталях на 24 жніўня перабывала 315 грамадзян. Яшчэ 77 пацярпелых атрымаюць медычную дапамогу амбулаторна.

Прамінулы дзень не абышоўся без абстрэлаў Мікалаеўскай вобласці. Былі атакаваныя паселішчы ў чатырох раёнах. Ракеты пацэлілі ў жылыя будынкі. У выніку раненні атрымалі 7 чалавек. З іх двое дзяцей, паведаміла старшыня абласнога савету Ганна Замазеева.

У Мікалаеўскай вобласці за апошні дзень расіяне нанеслі ўдары па 33 грамадзянскіх аб’ектах.

З пачатку расійскага поўнамаштабнага ўварвання ў Мікалаеўскай вобласці пашкоджана часткова або поўнасцю 9852 інфраструктурныя аб’екты. Найбольшых стратаў зазнаў жылы фонд, сістэма адукацыі, аховы здароўя ды ўстановы культуры, пішуць «Николаевские новости».

У Мікалаеўскай вобласці 12 найбуйнейшых прадпрыемстваў з-за ўварвання ва Украіну расійскіх войскаў спынілі працу, кажа кіраўнік Мікалаеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Кім.

«Што тычыцца бізнесу, бізнес-актыўнасці і абаротных сродкаў, то ўсё вельмі дрэнна: не працуе вельмі шмат прадпрыемстваў, прынамсі, 12 найбуйнейшых, яны не працуюць», – цытуе яго выданне «Корабелов. инфо».


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».