Вайна ва Ўкраіне. Харкаў зноў атакаваны. Забітыя людзі. Горад без электрычнасці і вады

Два чалавекі загінулы і шасцёра атрымалі раненні. У выніку абстрэлу горад апынуўся без электраэнергіі і водазабеспячэння.

«Паўтараецца сітуацыя ўчорашняга вечара. З-за абстрэлаў выведзены са строю аб’екты крытычнай інфраструктуры, з прычыны чаго ў Харкаве зніклі святло і спынена водазабеспячэнне», – піша мэр Харкава Ігар Церахаў.

Ён адзначае, што энергетыкі, ратавальнікі і камунальнікі ліквідуюць наступствы абстрэлаў.

Кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў у тэлеграм-канале паведаміў аб двух двух загінулых.

«Паводле Цэнтру экстранай медычнай дапамогі, раненні атрымалі 6 чалавек, у тым ліку дзяўчына 18 гадоў. Яна разам з 33-гадовай жанчынай атрымалі лёгкія раненні, якія не вымагалі шпіталізацыі. Стан яшчэ 4 параненых медыкі ацэньваюць як сярэдняй цяжкасці. У лячэбных установах ім аказваецца неабходная дапамога», – паведаміў ён.

Увечары, 11 верасня расійская ракета пацэліла ў Харкаўскую ЦЭЦ. У многіх раёнах гораду знікла электра і водазабеспячэнне. Двое працаўнікоў прадпрыемства загінулі.

Раніцай, 12 верасня электразабеспячэнне ў Харкаве аднавілі практычна ва ўсіх раёнах, нагадвае інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

Тым часам, Алег Сінягубаў паведаміў, што на Харкаўшчыне на асобных участках фронту ўкраінскія войскі выйшлі да дзяржаўнай граніцы з Расіяй.

Вайна ва Ўкраіне. Вызваленыя больш за 3000 квадратных кіламетраў акупаваных Расіяй тэрыторыяў

Пра тое кажа галоўнакамандуючы Ўзброеных сіл Украіны Валерый Залужны.

Паводле яго, да дзяржаўнай мяжы засталося 50 км.

«Узброеныя Сілы Украіны працягваюць вызваленне акупаваных Расіяй тэрыторый. З пачатку верасня больш за 3000 кв. км вернутыя пад кантроль Украіны. На Харкаўскім напрамку мы пачалі прасоўвацца не толькі на поўдзень і ўсход, але і на поўнач. Да выхаду на дзяржаўную мяжу застаецца 50 км», – адзначае на сваёй фэсбукавай старонцы Залужны.

scontent-frt3-2.xx.fbcdn.net

У Фэйсбуку ён апублікаваў фота з вынікамі працы некалькіх падраздзяленняў узброеных сілаў Украіны. Яны, па яго словах, вызвалілі пасёлкі Байрак, Новая Гусараўка, Шчураўка і Альхаватка.

«Авалоданне дужа ўмацаванымі раёнамі расійскіх войскаў, якія яны ганарліва назвалі «Масква», «Омск» і «Піцер», дазволіла разгарнуць контрнаступленне на Балаклею, Разынкі і Купянск. Ганаруся і ўдзячны кожнаму ўкраінскаму вайскоўцу. Маю за гонар змагацца бок аб бок з вамі. Вечная памяць загінулым у баях за Украіну!» – піша галоўнакамандуючы.

scontent-frt3-2.xx.fbcdn.net

Тым часам, з-пад расійскай акупацыі вызваленае паселішча Чкалаўскае, што ў Харкаўскай вобласці, перадае  інфармацыйнае агенцтва «УНІАН», спасылаючыся на заяву прэзідэнта Ўладзіміра Зяленскага.

Выданне нагадвае, што, паводле дадзеных Генеральнага штабу, у апошнія дні ўзброеныя сілы Ўкраіны вызвалілі або ўзялі пад кантроль больш за 30 паселішчаў, часова захопленых расійскімі войскамі ў Харкаўскай вобласці, у тым ліку і горад Балаклея.

10 верасня прэзідэнт Уладзімір Зяленскі аб’явіў, што з пачатку верасня ўзброеныя сілы Ўкраіны вызвалілі каля 2 тыс. км тэрыторыі і рушэнне вайскоўцаў на розных напрамках фронту працягваецца.