Мікалаеў працягвалі абстрэльваць нягледзячы на “перамір’е”

У той час, калі расійскія і беларускія СМІ хлусліва пісалі пра абвешчанае Расіяй аднабаковае “спыненне агню” на Каляды, расійскія вайскоўцы працягвалі весці баявыя дзеянні. 

Так, у Мікалаеве за суткі  абстрэламі акупантаў пашкоджана 18 грамадзянскіх аб’ектаў – паведамляе inshe.tv. 

Усяго станам на 7 студзеня 2023 года з пачатку расійскага нападу на Ўкраіну на Мікалаеўшчыне пашкоджана часткова або поўнасцю 14 726 грамадзянскіх аб’ектаў.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

108 гадоў назад ў Мікалаеве пусцілі трамвай. Сёння даўжыня трамвайных ліній складае 73 км. У 1897-1925 гадах трамвай працаваў на коннай цяге, потым быў пераведзены на электрычную. А вось яго пабрацім Магілёў так і не дачакаўся электрычнага трамвая.

Нягледзячы на расійскія абстрэлы, у Мікалаеўскай вобласці працягваецца аднаўленне транспартнай інфраструктуры. 

Напярэдадні Раства сёлы Архангельскае і Зарэчнае былі злучаны пераправай праз раку Інгулец. Пераправа мае даўжыню 122 метра і шырыню  8 метраў.

У Мікалаеўскай вобласці і самім Мікалаеве ўвесь час назіраюцца перабоі з энергазабеспячэннем. Выключэннем не стала і святочная субота, 7 студзеня. Магчымы і далейшыя адключэнні электрычнасці пры перавышэнні лімітаў – паведамляе “Мікалаеўаблэнерга”.

«Калі ласка, эканомна расходуйце электраэнергію, каб не выкарыстоўваць пагадзінныя графікі адключэння» – прызываюць энергетыкі.

У мэтах стабілізацыі падачы электрычнай энергіі да спажыўцоў, Вялікабрытанія паставіла ў Мікалаеў 280 генератараў.

Генератары гарантуюць надзейную працу медыцынскіх устаноў, аб’ектаў крытычнай інфраструктуры. “Ва ўмовах пастаянных абстрэлаў энергасістэмы генератары гарантуюць надзейную працу медыцынскіх устаноў, аб’ектаў крытычнай інфраструктуры і пунктаў нязломнасці”, – гаворыцца ў паведамленні bykvu.com.

З марской акваторыі Мікалаева зніклі расійскія ваенныя караблі – Расія прыбрала з баявога дзяжурства караблі ў Чорным моры. 

Аднак расійцы трымаюць свае судны ў акваторыях Азоўскага і Міжземнага мораў, – паведамляе ВМС ЗСУ. 

Так, у Азоўскім моры вораг працягвае кантраляваць марскія камунікацыі, утрымліваючы на баявым дзяжурстве 2 караблі.

Пры гэтым у Міжземным моры знаходзіцца 9 расійскіх караблёў, з іх 5 носьбітаў крылатых ракет “Калібр”, агульны залп якіх складае 72 ракеты.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».