Навукоўцы пашырылі “самую вялікую” карту зорнага неба

Мапа інтэрактыўная, дазваляе кіраваць маштабам, яркасцю і кантрастам, і цяпер паказвае палавіну ўсяго неба.

Даследнікі з Нацыянальнай абсерваторыі Кіт-Пік і Міжамерыканскай абсерваторыі Серра-Талала стварылі вялізную карту неба пад назвай DESI Legacy Imaging Survey – паведамляе legacysurvey. У ёй адлюстравана каля 20 000 квадратных градусаў, гэта значыць прыкладна ½ неба.

На карце знаходзяцца каля аднаго мільярда галактык, якія складаюць усяго толькі 1%  ад іх агульнай колькасці ў той частцы Сусвету, якая даступная для вывучэння. Першая версія карты, якая змяшчае дадзеныя аб 14 000 квадратных градусаў неба, была прадстаўлена крыху раней.

Пазней да яе дадалі дадзеныя тэлескопа Маяла і камеры тэлескопа Бока з Універсітэта Арызоны. Дзякуючы гэтаму атрымалася пашырыць поле зроку і дадаць дадзеныя аб назіраннях у інфрачырвоным дыяпазоне.

Нядаўна астраномы з ЗША сабралі найпадрабязную карту Млечнага Шляху. Навукоўцы параўноўваюць атрыманыя здымкі з групавым фота, на якім твар кожнага чалавека можна дэталёва разгледзець.

50 000 зорак можна ўбачыць на новым фотаздымку тэлескопа “Джэймс Уэб”

Касмічны тэлескоп «Джеймс Уэб» паказаў выяву навалы Пандоры, на якой бачна каля  50 000 зорак – паведамляе NASA.

Навала Пандоры, або Abell 2744 – гэта кластар (куст) галактык, які ўтвараецца з трох асобных галактычных комплексаў-навал. Яна дапамагае навукоўцам праз эфект гравітацыйнай лінзы разглядаць больш аддаленыя аб’екты космасу. Раней падрабязна было вывучана толькі “ядро” Пандоры.

Паводле падлікаў NASA, на атрыманым здымку бачна 50 000 асобных крыніц інфрачырвонага святла.

Каб атрымаць такую падрабязную выяву,  тэлескопу спатрэбілася каля 30 гадзін назіранняў з дапамогай камеры блізкага інфрачырвонага дыяпазону.

– Мы імкнемся дапамагчы астранамічнай супольнасці найлепшым чынам выкарыстаць фантастычны рэсурс, які мы маем у тэлескопе “Джэймс Уэб”. – пракаментаваў адзін з даследчыкаў, Габрыэль Брамер з Цэнтра касмічнага світанку Інстытута Нільса Бора пры Універсітэце Капенгагена – Гэта толькі пачатак усёй дзіўнай навукі Уэба, якая будзе наперадзе.