Кампаніі беларусаў у Літве выраслі за год у тры разы

Зараз у Літве больш за 50 000 беларусаў. Літва ўваходзіць у ТОП-3 самых папулярных лакацый для беларускіх айцішнікаў.
За мінулы год штат ІТ-кампаній з беларускімі каранямі, якія зарэгістраваны ў Літве, вырас больш як у 3 разы, паведамляе devby.io .

Сёння ў суседняй краіне зарэгістравана 30 кампаній з беларускімі каранямі. У іх занята больш за 4 700 супрацоўнікаў, а яшчэ год назад іх было менш за 1 500.

Самы вялікі штат у EPAM. За год адбыўся рост супрацоўнікаў у 450%. Асабліва інтэнсіўна каманда расла ў чэрвені-ліпені 2022 года – на 750 чалавек за два месяцы.
EPAM працуе ў Вільні і Каўнасе. Зараз адкрыта яшчэ больш за 100 вакансій на працу.

За 1-3 кварталы 2022 года EPAM увайшоў у ТОП-3 ІТ-бізнэсаў у Літве па суме выплачаных падаткаў – больш за 6 000 000 еўра.

Каманда літоўскага офіса Wargaming за мінулы вырасла на 250% да 988 спецыялістаў. Асабліва інтэнсіўны рост адбыўся пасля нападу Расіі на Ўкраіну – у красавіку-жніўні, з 450 да 900 спецыялістаў, за кошт супрацоўнікаў мінскага офіса, пасля таго як кампанія закрыла бізнес у Беларусі.

У офіс патрабуецца яшчэ 50 спецыялістаў. Wargaming таксама у тройцы лідараў па суме выплачаных падаткаў: за 3 кварталы 5 200 000 еўра.

Штат распрацоўшчыка гульняў Melsoft з красавіка 2022 года вырас у 4,3 раза да 320 супрацоўнікаў.

Вытворца лічбавай оптыкі Yukon Advanced Optics Worldwide павялічыў свой штат у Літве да 275 чалавек і увайшоў у ТОП-5 па колькасці супрацоўнікаў сярод кампаній з беларускімі каранямі.

Распрацоўшчык дадатку для жаночага здароўя Flo (Flo Health) павялічыў за год свой штат у Вільні і Каўнасе з 70 чалавек да 245 супрацоўнікаў (400%).

Значны рост штатаў паказалі і такія кампаніі з беларускімі каранямі, як ITAG LT, Softeq Development (у 5 разоў), Coherent Solutions (у 3 разы), Gurtam (у 2,5 разы), EIS Group Lietuva (130%) і іншыя.

Усе тыя сумы, якія ў выглядзе падаткаў кампаніі з беларускімі каранямі пералічваюць у літоўскі бюджэт, адпаведна не атрымлівае беларускі бюджэт, а значную частку ганарараў і заробкаў супрацоўнікі пакідаюць у літоўскіх гандлёвых сетках.

Flo ліквідуе бізнэс у Беларусі

Распрацоўшчык папулярнага дадатка ў сегменце жаночага здароўя Flo заявіў пра ліквідацыю бізнэсу ў Беларусі. 

Рашэнне аб закрыцці прадстаўніцтва было прынята ў канцы верасня, хаця чуткі пра гэта распаўсюджваліся яшчэ вясной 2022 года. Кампанія не жадае мець справу з саўдзельнікамі краіны-агрэсара.

У сакавіку, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, у ТАА “Фло Хелс Бел” змяніўся ўладальнік – усе акцыі падраздзялення перайшлі ад амерыканскай Flo Health Inc да фізічнай асобы. У той жа час, у самой кампаніі інфармацыю аб выхадзе з Беларусі ніяк не каментавалі.

Увесну гэтага года супрацоўнікаў Flo ў Беларусі папрасілі вырашыць пытанне ўласнай рэлакацыі з лімітавым тэрмінам да 14 сакавіка. Тым, хто працягваў заставацца ў Беларусі, кампанія адключыла доступ да карпаратыўных рэсурсаў.

Адзначым, што на сайце Flo ўжо даўно няма згадак пра офіс у Мінску, а таксама не публікуюцца вакансіі з прапановамі працы ў Беларусі. 

Разам з тым, кампанія за апошнія некалькі месяцаў актыўна пашырае каманду ў суседняй Літве. За чэрвень – верасень бягучага года штат літоўскага офіса вырас удвая, да 245 чалавек.

Што вядома пра Flo Health

Кампанія з беларускімі каранямі, якая займаецца папулярным дадаткам у сегменце жаночага здароўя. Штаб-кватэра размяшчаецца ў Лондане, а прадстаўніцтвы знаходзяцца таксама ў Нідэрландах і ЗША. У той жа час, у Вільнюсе размяшчаецца офіс распрацоўкі Flo.

Дададзім, што на канец 2021 года кампанія налічвала 400 супрацоўнікаў, каля 200 з якіх тады яшчэ працавалі ў офісе распрацоўкі ў Мінску. 

Увосень 2021 года Flo ацэньвалі ў 800 мільёнаў даляраў, і аналітыкі прагназавалі кампаніі статут адзінарога на рынках ўжо ў найблізкай будучыні.

Характэрна, што дадатак Flo тры гады запар з’яўляецца самым папулярным у катэгорыі Health&Fintess у AppStore. Па дадзеных кампаніі, у яе прадукта ўжо больш за 250 мільёнаў унікальных карыстальнікаў у свеце.

фота: 24tv.ua