Двухтысячагадовы старажытнагрэцкі алтар быў знойдзены падчас археалагічных раскопак на Сіцыліі

Старажытнагрэцкі алтар для сямейнага пакланення, якому больш за 2000 гадоў, быў знойдзены археалагамі падчас паскопак Сегесты на італьянскім востраве Сіцылія.

Па меркаванню даследчыкаў алтар, верагодна, выкарыстоўваўся на піку элінскага культурнага ўплыву, незадоўга да ўзнікнення Рымскай імперыі ў першым стагоддзі да нашай эры.Ён стагоддзямі быў пахаваны пад некалькімі сантыметрамі зямлі і расліннасці ў раёне Паўднёвага Акропаля на тэрыторыі горада Сегесты, што ў заходняй частцы вострава паведамляе інфармацыйнае агенства Reuters. 

Сегеста была старажытнагрэцкім горадам, размешчаным паміж гарамі, і вядомая сваім храмам V стагоддзя да нашай эры. Апроч алтара, археолагі таксама выкапалі рэліквію падобнай формы, якая, на іх думку, магла быць апорай для скульптуры.

Наогул раскопкі працягваюць даваць цікавыя знаходкі, якія дадаюць новыя перспектывы і інтэрпрэтацыі да месца, дзе расслаіліся некалькі цывілізацый.

Фота: Reuters

У Перу археолагі знайшлі мумію падлетка ўзростам больш за тысячу гадоў

На ўскраіне сталіцы Лімы перуанскія археолагі адшукалі мумію, загорнутую ў скрутак. Знаходка адносіцца да даінкскіх часоў.

Мумія была знойдзена ў падземнай грабніцы, загорнутай у пахавальны вузел разам з керамікай і вяроўкай, а таксама з кавалачкамі скуры і валос. Падлетак жыў паміж 1100 і 1200 гадоў таму і мог належаць да культур Лімы ці Ічмы. Па меркаванню мясцовых археолагаў, мумія была знойдзена ў добрым стане захаванасці – паведамляе інфармацыйнае агенства Reuters. 

У археалагічным комплексе Кахамаркілья паблізу Лімы гэта ўжо не першая знаходка падобнага кшталту. Сёлетняя мумія была знойдзена прыкладна ў 200 метрах ад муміі леташніх археалагічных даследаванняў. Наогул падчас сёлетніх раскопак археолагамі былі знойдзены парэшткі васьмі дзяцей і дванаццаці дарослых, якія былі прынесены ў ахвяру каля 800-1200 гадоў таму. 

Старадаўні комплекс Кахамаркілья складаецца не толькі з пахаванняў, але і руінаў чатырох пірамід і іншых збудаванняў, такіх як сцены, выкладзеныя ў выглядзе лабірынта. Паселішча з’яўляецца другім па велічыні старажытным горадам з сырцовай цэглы ў Перу пасля Чан-Чана на поўначы краіны і тысячу гадоў таму з’яўлялася буйным гандлёвым цэнтрам. 

Наогул на той час Перу была домам разнастайных індзейскіх культур, якія квітнелі за стагоддзя да таго, як імперыя інкаў захапіла шырокія тэрыторыі Андаў і ўзбярэжжа краіны. 

Фота Reuters