Што можа знайсці ў магілёўскім архіве звычайны магілёвец – расказваем у сусветны дзень архівіста

Дзейнасць архіваў цяжка пераацаніць. Яны – матэрыалізаваная памяць грамадства. Як чалавек без памяці, так і грамадства без архіваў не можа паўнацэнна функцыяваць. Архівы насамрэч даюць вялізныя аб’ёмы інфармацыі па запытах грамадзян і арганізацый. Апошнія гады адным з важных напрамкаў іх дзейнасці з’яўляецца аблічбоўка дакументаў архіўных фондаў, што не толькі спрашчае пошук звестак, але і забяспечвае захаванасць першакрыніц. Але што з таго звычайнаму чалавеку?

Што могуць даць архівы звычайнаму грамадзяніну?

У Магілёве і вобласці працуюць шэраг архіўных устаноў, якія маюць сваю спецыялізацыю. 

Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў знаходзіцца ў будынку гарвыканкама. Там знаходзяцца не толькі справы пра дзейнасць камсамольскіх і партыйных арганізацый у савецкі час, але і тысячы персанальных спраў камуністаў. Калі вашы сваякі імі былі, то вам сюды для вывучэння гісторыі сваёй сям’і. 

Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці знаходзіцца на Рабочым пасёлку па вуліцы Чалюскінцаў. Тут месцяцца справы арганізацый і ўстаноў усіх галін эканомікі і сацыяльнай сферы пераважна пасля 1917 году. Калі вы ведаеце, дзе працавалі вашы продкі, то можаце знайсці і інфу пра іх працу. Часцяком тут шукаюць інфармацыю пра гады працы для пенсій, нават пра прыналежнасць будынкаў для судовых спраў…

Магілёўскі гарадскі архіў размешчаны на вуліцы Маўчанскага д. 52 (былы будынак АТС). Калі арганізацыю, дзе вы працавалі закрылі, то вам сюды. Тут можна знайсці дадзеныя па асабістаму складу і зарплаце для пацверджання стажу працы і афармлення дакументаў для прызначэння пенсіі. 

Архіў Органаў ЗАГС – вул. Першамайская 71, Магілёў (Дом Саветаў). Тут інфармацыя па нараджэнню і датах смерці вашых продкаў. 

Яшчэ працуюць рэгіянальныя архівы ў Бабруйску і Крычаве, якія абслугоўваюць і суседнія раёны. 

Маюцца архівы юстыцыі і КДБ, дзе захоўваецца інфармацыя па крымінальных справах, але яны закрытыя для шараговых грамадзян. 

Кожнае дзейнае прадпрыемства ці ўстанова таксама мае свой архіў. 

А тым часам

100-годдзе дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі адзначылі магілёўскія архівісты.

Лепшымі архівістамі Магілёўшчыны з уручэннем дыпломаў прызнаны Аксана Каюшнікава і Марыя Мардэсава. Прынята рашэнне аб перадачы абласному архіву будынка па вуліцы Карла Маркса плошчай 6 тысяч кв.м. Будуць выдзелены сродкі і праведзена сур’ёзная рэканструкцыя будынка для пераезда туды архіва. Гэта доўгачаканая падзея. 

фота з адкрытых крыніц