Культура

Што ў Крычаве з помнікамі архітэктуры – адзін аднавілі, астатняе разбурылі

Адрэстаўравалі толькі палац Пацёмкіна-Галынскіх, і на гэтым клопат пра спадчыну палічылі завершаным. Стайні палаца, вінакурню, піўзавод знішчылі, плябанія ў занядбаным стане

Лёс крычаўскай архітэктурнай спадчыны яскрава сведчыць нам пра ўменне мясцовых чыноўнікаў пускаць пыл у вочы. Мясцовыя вертыкаль і прэса гадамі ўсхваляюць на сваіх старонках рэстаўрацыю палаца Пацёмкіна-Галынскіх – архітэктурнай перліны горада. Аднак гэта адзіны аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны ў старадаўнім Крычаве, які быў адноўлены ў часы незалежнай Беларусі. Што ж да астатняй архітэктурнай спадчыны горада, то яна як быццам бы ўжо і не патрэбная і нават лішняя. 

Што да палаца – ён быў пабудаваны на працягу 1778-1787 гг. па праекце Івана Старова ў стылі класіцызму, аднак змяніў архітэктурны выгляд пры Галынскіх.

У 1980-х гадах пачаліся работы па рэстаўрацыі палаца, але з-за недахопу фінансавання помнік быў закансерваваны на дваццаць год. Урэшце ў 2003 годзе будынак быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. З гэтага часу пачалося аднаўленне і рэстаўрацыя аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны, якое было завершана ў 2008 годзе. У гэты ж час у помнік архітэктуры пераехаў мясцовы краязнаўчы музей. Дарэчы, на сайце мясцовага райвыканкама можна прачытаць змястоўны матэрыял, прысвечаны падрабязнай гісторыі эклектычнага помніка і сучаснай музейнай экспазіцыі, што ў ім знаходзіцца. 

І гэта адзіны станоўчы прыклад. У той жа самы час страчаных і занядбаных гістарычных аб’ектаў у Крычаве – процьма. Яскравы прыклад, акрамя самога палаца Пацёмкіна-Галынскіх побач з ім захаванымі доўгі час заставаліся стайні, якія былі часткай палацава-паркавага комплексу.  Падчас рэстаўрацыі палаца ўнікальная гаспадарчая пабудова канца XVIII стагоддзя была практычна знішчана, засталіся толькі падмуркі, аб чым пісалі mogilev.media. Падмуркі ад былых стайняў, якія непасрэдным чынам адносіліся да палацава-паркавага комплексу, цяпер знаходзяцца за жалезным плотам музейнай тэрыторыі ў разбураным і занядбаным стане.

Пра стайні ў Крычаве зараз нагадвае толькі банер з выявай дваранскай карэты з рамізнікам на фоне палаца Пацёмкіна-Галынскіх. Выглядае такі банэр як сапраўдны здзек над знішчанай ўнікальнай гаспадарчай пабудовай.

Будынак вінакурні таксама аказаўся знішчаным. Узведзены ён быў яшчэ напрыканцы XVIII стагоддзя. Першы яго ўладальнік – «святлейшы» князь Рыгор Пацёмкін, які наладзіў там скураную вытворчасць. Але неўзабаве ўладальнікам стаў мясцовы шляхціц Іван Галынскі. Менавіта ён перапрафіляваў вытворчасць і наладзіў выпуск спірту. З канца XVIII стагоддзя і ажно да 1940-х гадоў у гэтым будынку была размешчана вінакурня, а пазней спіртзавод.

З пасляваеннага часу – піўны завод. Пасля таго, як напрыканцы 1990-х піўзавод быў закрыты мясцовымі ўладамі, будынак знаходзіўся ў занядбаным стане. Рэстаўрацыі гэтага цікавага помніка прамысловай архітэктуры, на вялікі жаль, так і не адбылася.

Гэты помнік прамысловай гісторыі Крычаў страціў назаўжды, бо на пачатку 2020 года яго зруйнавалі. Цяпер на месцы былой вінакурні знаходзяцца некалькі пагоркаў з будаўнічым смеццем, кавалкі сценаў са старой чырвонай цэглы, а таксама не да канца зруйнаваныя падмуркі, пра што паведамлялі mogilev.media.

У занядбаным стане на сённяшні дзень знаходзіцца будынак былой плябаніі. Нягледзячы на тое, што за савецкім часам яе перабудавалі ў двухпавярховы будынак пошты, аднак ён і дагэтуль ўяўляе сабой гістарычную каштоўнасць. Плябанія – адзінае, што захавалася ад касцёльнага комплексу, хоць і не захавалася ў аўтэнтычным выглядзе. Цяпер будынак плябаніі-пошты закінуты, з выбітамі вокнамі і дзвярыма, аб чым таксама пісалі mogilev.media. 

Фота з адкрытых крыніц

Апошнія навіны

Бабруйскі пенсіянер патануў у гаражнай яме

Яма для агляду аўтамабіля ў гаражы бабруйскага пенсінера па 4-тым Чарапічным завулку ў Бабруйску мае…

15 мая, 2024

Прэпарат для зніжэння вагі стаў прарывам у медыцыне – ён зніжае рызыку інсультаў на 20%

Семаглутыд – прэпарат для зніжэння вагі і барацьбы з дыябетам – дэманструе выдатныя вынікі па…

14 мая, 2024

18 000 куранятак скраў з Шклоўскай птушкафабрыкі супрацоўнік прадпрыемства

39-гадовы інжынер птушкафабрыкі ў Шклове на працягу некалькіх месяцаў выкрадаў з інкубатарнай сутачных куранятак-бройлераў і…

14 мая, 2024

Частку Бабруйскай крэпасці прадаюць за адну базавую

Двухпавярховы склад з часткай абарончага вала Бабруйскай крэпасці выстаўлены на аўкцыён. Пасля продажу двух складоў…

14 мая, 2024

Дзевяцігадовы хлопчык атрымаў апёкі 10% цела – ўспыхнула бутэлька з бензінам

Падчас спальвання смецця жыхаром вёскі Лубнішча Магілёўскага раёна пацярпеў яго сын 2015 года нараджэння. Як…

14 мая, 2024

Магілёвец атрымаў два гады калоніі за слова “лукож.пый”

Магілёўскі прадпрымальнік Павел Макаранка атрымаў два гады зняволення па артыкуле за абразу Лукашэнкі – паведамляе…

13 мая, 2024