Платныя паркоўкі ў цэнтры Магілёва – ўсё?

Тэставы рэжым імкнецца да бясконцасці, SMS адпраўляць ужо нікуды не трэба. Выглядае, што эксперымент праваліўся.

Пілотны праект па стварэнні платных парковак на самых загружаных артэрыях горада стартаваў яшчэ ў верасні 2021 года. Магілёў павінен быў стаць першым горадам у краіне пасля Мінска, дзе планавалася ўкараніць гэтую практыку. Пад праект трапілі самыя “балявыя кропкі” транспартнай інфраструктуры – вуліца Міронава і бульвар Леніна. 

Першапачаткова меркавалася даць магілёўскім аўтамабілістам тэрмін да канца студзеня 2022 года, каб яны прызвычаіліся да практыкі адпраўкі SMS на кароткі нумар 2046. Пасля гэтага тэставага перыяду – і па яго выніках – планавалася ўвесці аплату за стаянку. 

У красавіку бягучага года тэрмін тэставага перыяду быў працягнены да ліпеня. Сістэма працавала наладжана, у адказ на адпраўленыя SMS спраўна прыходзілі паведамленні аб тым часе, колькі аўтамабіль можа заставацца на месцы стаянкі. Таксама быў запушчаны адмысловы сайт праекта. 

Але пасля наступлення ліпеня ніякіх змен у правілах паркоўкі не адбылося. Больш за тое, на інфармацыйных стэндах ужо знік і кароткі нумар 2046, на які трэба было адпраўляць SMS – яго заклеілі.

У Магілёўскім камунальным дарожна-маставым прадпрыемстве, што “тэставы рэжым працягваецца”. 

Але як доўга ён яшчэ будзе працягвацца, і ці скончыцца калі-небудзь наогул, нам паведаміць не змаглі. Таксама запэўнілі, што ўжо больш не трэба адпраўляць SMS альбо USSD-запыты. 

Атрымліваецца, сама сутнасць тэставага рэжыма пацярпела няўдачу. Кіроўцам больш не трэба вучыцца дысцыпліне правільнай паркоўкі ў вызначаных гарвыканкамам месцах. А калі так, то і пра ўвядзенне платнага рэжыму можна ўжо забыць.