Старшыня партыі БНФ у зняволенні другі раз адзначыў дзень народзінаў. Ён любіць цукеркі, не выносіць беспарадку. У школе не хацеў рабіць заданьні, а ганяў у футбол. Не пагадзіўся прадаваць бацькоўскую сядзібу і штогод засяваў агарод. Цяпер арыштаваную хату прыглядае жонка…
17 красавіка Рыгору Кастусёву споўнілася 65 гадоў. Летась, напярэдадні 64-х угодкаў, супрацоўнікі КДБ забралі яго з дому ў Шклове і адвезлі ў следчы ізалятар. Яму выстаўленае абвінавачванне ў «змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтаю захопу дзяржаўнай улады», нібыта, рыхтаваў замах на Лукашэнку. Праваабаронцамі прызнаны палітвязнем.
З допісаў палітыка вядома, што следчых дзеянняў з ім не праводзіцца. Тройчы яму працягвалі тэрмін утрымання пад вартай. Днямі родным стала вядома, што ён застанецца ў сьледчым ізалятары да 12 чэрвеня.
У турме ў Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем: выяўлена анкалагічнае захворванне. Родных запэўніваюць, што хваробу пільнуюць турэмныя лекары. Сам жа ён паведаміў, што ад вялікай колькасці лекаў у яго з’явіліся праблемы з ныркамі. Перахварэў на каранавірус. Просьбы аб змяненні ўмоваў зняволення пакінутыя без задавальнення.
Рыгор Кастусёў нарадзіўся ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну, што на Магілёўшчыне. Скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Рабіў на Бялыніччыне галоўным інжынерам саўгаса «Друць», дырэктарам саўгаса «Іскра». Быў дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Настаяў, каб на фэсце Беларускай пісьменнасці ў Шклове зʼявіліся беларускамоўныя шыльды назваў вуліц.
Па звальненні працаваў у прыватных камэрцыйных арганізацыях. Ужо быўшы звольненым яго хацелі пасадзіць за марнаванне сродкаў пры падрыхтоўцы фэсту Беларускай пісьменнасці, але доказаў віны не было.
Падчас вучобы ў акадэміі пазнаёміўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Дапамагаў яму стаць дэпутатам Вярхоўнага савету БССР. Пазней праз не супадзенне поглядаў на перспектывы развіцця Беларусі дарогі з ім разышліся. Кастусёў стаў сябрам Беларускага народнага фронту. Узначальваў шклоўскую суполку БНФ і Магілёўскую абласную арганізацыю БНФ.
У 2010 годзе балатаваўся ад Партыі БНФ на пасаду прэзідэнта Беларусі. Пасля разгону «Плошчы-2010» быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў следчым ізалятары КДБ. У 2017 абраны старшынём Партыі БНФ.
12 красавіка 2021 году яго затрымалі. Фігурантамі ў адной з Кастусёвым справы праходзяць Аляксандр Фядута, Юры Зянковіч, Вольга Галубовіч, Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
У адным з апошніх лістоў, падпісаным 29 сакавіка, Рыгор Кастусёў піша, што ад лістападу яго трымаюць у СІЗА №1. Паводле яго ўмовы зняволення ў параўнанні з СІЗА КДБ тут лепей: «койка ў яго з добрым матрацам».
У лютым, паведамляе ён родным, яго абследавалі. З высноваў даведаўся, што рабіць аперацыю яму не будуць, бо «пухліна занадта вялікая і могуць быць кепскія наступствы». Параілі лячэнне. Раз на месяц робяць уколы. Першы быў у лютым, а другі 25 сакавіка. Медыкаменты прыносіць дачка Кацярына. Паводле палітыка лекі задарагія.
Таксама паведамляе, што ў яго «раскрышыўся зуб» і цяпер чакае стаматолага з волі, бо ў турме свайго няма.
Тым не менш, піша Кастусёў, адчувае сябе «здаецца лепей» і няма як раней штодзённых боляў.
У допісе адзначае, што 8 месяцаў «проста сядзіць і штосьці даводзіцца чакаць, бо расследаваць няма чаго». Шкадуе, што марнуецца час. Спадзяецца, што хутка пабачыцца з роднымі. Просіць іх пераказваць вітанні знаёмым, сябрам, а таксама ўсіх хто пытаецца пра яго.
У Рыгора Кастусёва трое дарослых дзяцей. Сын і старэйшая дачка Галіна з сям’ёй вымушана зʼехалі з Беларусі. Галіна расказвае пра бацьку.
Тата прынцыповы чалавек, кажа яна. Адзін з ягоных галоўных прынцыпаў: ніколі нідзе не красці, не браць хабару.
«Часта нам казаў: затое сумленне чыстае і сплю спакойна», адзначае суразмоўніца і дадае: «як паказала жыццё не ўсе жывуць сумленна».
У школе вучыўся добра, хаця, як прызнаўся ўнукам, не рабіў хатнія заданні, – апавядае Галіна.
«Любіў паганяць у футбол» – кажа пра бацькавы шчыраванні яна.
Любіць Беларусь і сваю малую радзіму – вёску Цяхцін, кажа Галіна і дадае, што непадалёк ад Цяхцінна фальварак Крынкі – родныя мясціны мастака Бялыніцкага-Бірулі.
«Усё наша дзяцінства я, сястра і брат летавалі ў бабулі і дзядулі. Узімку таксама бывалі, але радзей», – згадвае Галіна.
Па іх смерці ў хаце гаспадараць маці і бацька, – працягвае яна.
«Яны не хочуць кідаць роднага кута. Штогод засаджваюць агарод. У такую пару абодва ўжо ў Цехціне. Як дазвалялі справы збіраліся разам, каб адзначыць бацькаў дзень народзінаў». Цяпер хата лічыцца арыштаванай па справе фігурантам якой зʼяўляецца бацька.
Бацька не пагадзіўся прадаць хату, калі былі пакупнікі, працягвае яна. Раней пры хаце было багата зямлі і даводзілася нямала папрацаваць, каб яе ўрабіць. А пасля такога занятку садзіліся за стол, каб смачна пад’есьці.
Гатавалі ў печы: бліны з мачанкай, яечня са скваркамі, бабка, або запечаная бульба. Цяпер бацьку ды і мне таксама пра гэта даводзіцца толькі мараць, заўважае дачка палітыка.
«Сярод дня мама пякла блінцы, ці дранікі», – апавядае далей Галіна.
«Тата зʼядаў вялікую іх колькасць, – згадвае яна. – а як садзіўся за кампʼютар балаваў сябе нечым салодкім. Мог зʼесці паўкіло цукерак, ці невялікі слоік мёду».
«Вельмі не любіць калі ў двары не прыбрана і рэчы ляжаць не на сваіх месцах», – падсумоўвае Галіна.
Буйнейшы забудоўшчык у Магілёўскім рэгіёне, абласное упраўленне капітальнага будаўніцтва сістэматычна парушала заканадаўства аб дзяржаўных закупках…
Депутат Олег Дьяченко во время приема граждан в Осиповичах внезапно собрал вокруг себя много людей…
Адразу два чалавекі сталі ахвярамі пажараў у Клічаўскім раёне 21 кастрычніка. Раніцай каля 5 гадзін…
Члены пролукашенковской партии «Белая Русь» будут пачками повышать квалификацию в Могилеве. Кривая благосостояния народа растет,…
Кіраўніцтва Горацкага райвыканкама правяло ўрачысты прыём для шматдзетных маці блізнятак, двайнятак і трайнятак. Жанчыны былі…
Кватэра засталася ёй у спадчыну ад бацькі, які прапаў без вестак. У былой палітзняволенай, што…