Галіна Вяліцкая з Магілёва – жонка іншага вядомага рамесніка Генадзя Вяліцкага. Але ў рамеснікі яна прыйшла ледзь не выпадкова. Усё жыццё яе як быццам бы разлучалі з мастацтвам, і толькі на пенсіі жанчына аддалася справе сваёй душы.
Любоў да малявання – і асабліва малявання коней – знайшла яе яшчэ ў дзяцінстве. Галіна Васільеўна вырасла ў магілёўскім Грабянёве і коней там бачыла ўсюды – у дварах, на вуліцы. Школьніцай, яна заўсёды малявала іх у сваім вучнёўскім сшытку.
– Яны мяне, маленькую, проста зачароўвалі. – успамінае жанчына ў інтэрв’ю “Вячэрняму Бабруйску”. – І нават у школе, на ўроках і перапынках, кожную вольную хвіліну я малявала ў сшытку то трапяткую конскую грыву, то пышны хвост, то конскую нагу. З-за гэтага мяне дзеці дражнілі то канём, то кабылкай, хоць я маленькая, худзенькая была, на «каня» не цягнула. Каб не смяяліся, я нават прыдумала свае знакі: зазірне хто-небудзь у сшытак да мяне і бачыць проста накрэмзана нешта, а я-та ведаю, што гэта конская грыва…
У юнацтве Галіна Васільеўна паступіла вучыцца ў мастацкую вучэльню ў Бабруйску – вырашыла пайсці па шляху бацькі, які быў вядомым у Магілве чырванадрэўшчыкам. Але давучыцца ёй не дазволіла старэйшая сястра – калі прыехала праведаць у інтэрнат, пабачыла там партрэты музыкантаў з “Бітлз”, хлопцаў з доўгімі валасамі. “І сама я ўся такая хіповая…” – узгадвае тую гісторыю Галіна Вяліцкая
– А сястра на 10 гадоў за мяне старэйшая, іншае пакаленне, пасляваеннае, ідэйнае. – распавядае рамесніца – Яна як узвілася: што гэта такое! Рэчы мае ў чамадан сабрала і павезла мяне ў Магілёў. Так мая “мастацкая кар’ера” і скончылася, яшчэ не пачаўшыся…
Пасля мастацкай вучэльні быў педагагічны факультэт Магілёўскага інстытута і амаль 40 гадоў стажу ў дзіцячых садках і мастацкай школе выкладчыкам лепкі.
– У прынцыпе мне мая праца падабалася, з дзецьмі вельмі цікава. Я заўжды нешта рукамі разам з імі рабіла, розныя творчыя праекты. Дзеці вельмі адметныя асобы, дарослыя не заўсёды такімі бываюць. А калі дзіця яшчэ і здольнае, у яго вочкі гараць, яму хочацца ўсяму навучыцца, усё сваімі рукамі паспрабаваць: вырабы, малюнкі. Колькі мяне за гэта потым бацькі лаялі, бо пасля заняткаў з Галінай Васільеўнай дзеці мурзатыя, усё ў фарбе. Я нават плакала, так крыўдна было! Мяне лаялі, я плакала-плакала і не ведаю цяпер, чаму адразу не зразумела, што гэта было сігналам: калі цябе такую не прымаюць, значыць сыходзь, няхай шукаюць, каму гэта ўсё трэба. Але ў мяне ж савецкае выхаванне было, атрымаў прафесію – працуй. Я проста не думала тады, што гэтым можна грошы зарабляць і пры гэтым атрымліваць задавальненне і быць вольнай, не раўняцца на нечыя патрабаванні. Зразумела, толькі калі на пенсію пайшла і задумалася аб тым, чым бы заняцца. Іншай ідэі, акрамя творчасці, у галаву неяк і не прыходзіла.
Кар’ера рамесніца ў жанчыны пачалася ўсяго каля трох гадоў таму. Аднойчы яна размясціла ў інтэрнэце фотаздымкі сваіх работ і пасыпаліся заказы – людзі сталі прасіць яе зрабіць жывёлу па фотаздымку, каб тая была “як жывая”.
Узгадвае жанчына адзін шчымлівы выпадак. Аднойчы да яе звярнулася сям’я з Расіі з просьбай вырабіць сабаку. Той у іх жыў, потым памёр, і дзіця вельмі цяжка перажывала яго смерць. Хацелі яго парадаваць.
– Сабака ў мяне атрымаўся як жывы, толькі што не бегае і не брэша. Адаслалі заказчыкам, яны дзякавалі. А праз некаторы час напісалі, што дзіця ад маёй працы псіхалагічны шок атрымала: не растаецца з гэтым цацачным сабакам ні на хвіліну, усюды яго з сабой носіць, возіць, спіць з ім, быццам спадзяецца, што яшчэ хвіліна – і сабака ажыве, З тых часоў я раз і назаўжды вырашыла, што буду рабіць свае працы толькі тады, калі “мадэль” заказчыка жывая. І ні ў якім разе не ў памяць аб загінуўшай жывёле! Але толькі коней, сабак больш не хачу, рука не паварочваецца.
Зараз у Галіны Вяліцкай заказчыкі ў асноўным расіяне. Некалькі прац паехалі ў Германію.
– Часцей за ўсё працы заказваюць уладальнікі ўласных ветэрынарных клінік, конных манежаў, у якасці свайго роду візуальнай рэкламы. Сярод маіх замоўцаў ёсць і вядомыя людзі. Напрыклад, піцерская спявачка і актрыса Ларыса Луста. Два гады таму яна пачала новы праект, конны тэатр, яго мае працы ўпрыгожваюць. Нехта проста любіць коней і хоча ў сябе ў двары такога каня паставіць. Тым больш, што яны функцыянальныя: могуць выступаць у ролі качалак, на іх можна пасядзець, калі захочацца. І пры гэтым яны як сапраўдныя, толькі меншыя ростам.
У справе Галіне Васільеўнай дапамагае муж. Ён вырабляе каркас з тоўстага дроту, а на яго ўжо рамесніца наносіць слой з пульпы – гэта дробнае бярозавае пілавінне. І ў нейкі момант пачынаецца магія.
– Яна ж вось з такіх сувеніраў пачынала, а цяпер гэта зусім іншы ўзровень. – расказвае муж – Там кожная мышца, жылка бачныя, усё, як жывое… Не разумею, як гэта зрабіць?
– Самы працяглы працэс – “ажыўленне” коніка. – дзеліцца Галіна Васільеўна – У яго павінны быць бачныя ўсе жылачкі і вены, як у жывога, быць уласны выраз «твару», вока. Для мяне вельмі важна, каб ён не быў мёртвай скульптурай, але на гэта вельмі шмат працы ідзе. Размаўляю з імі, расказваю, дзе і з кім яны будуць далей жыць. Кажу: «Цябе, Канфуцый, Ларыса вельмі чакае. Давай я табе пачытаю, што яна піша». Каб ён ведаў, чаму я яго іншаму чалавеку аддаю. Муж пасмейваецца, што я іх “ажыўляю”, але я даўно зразумела, каб праца была “жывая”, з ёй трэба гаварыць.
Фота: “Вячэрні Бабруйск” і з асабістага архіва Галіны Вяліцкай
Буйнейшы забудоўшчык у Магілёўскім рэгіёне, абласное упраўленне капітальнага будаўніцтва сістэматычна парушала заканадаўства аб дзяржаўных закупках…
Депутат Олег Дьяченко во время приема граждан в Осиповичах внезапно собрал вокруг себя много людей…
Адразу два чалавекі сталі ахвярамі пажараў у Клічаўскім раёне 21 кастрычніка. Раніцай каля 5 гадзін…
Члены пролукашенковской партии «Белая Русь» будут пачками повышать квалификацию в Могилеве. Кривая благосостояния народа растет,…
Кіраўніцтва Горацкага райвыканкама правяло ўрачысты прыём для шматдзетных маці блізнятак, двайнятак і трайнятак. Жанчыны былі…
Кватэра засталася ёй у спадчыну ад бацькі, які прапаў без вестак. У былой палітзняволенай, што…