Навіны

Нечаканыя відарысы чалавечага жыцця можна пабачыць вачамі магілёўскіх мастакоў

Новыя творы мастакоў Магілёўшчыны прадстаўлены на традыцыйнай сумеснай выставе.

Праект “Жыццё чалавека” ў Выставачнай зале Музея гісторыі Магілёва ўжо стаў культурнай падзеяй для тых гараджан, хто цэніць мастацтва. Адны працы магілёўскіх творцаў узвысяць і ўсхвалююць глядача, іншыя расчаруюць, але наведаць выставу варта, і таму ёсць шэраг прычын.  

“Выставачны праект “Жыццё чалавека” адкрые для наведвальнікаў новыя творы выяўленчага мастацтва і стане значнай з’явай у культурным жыцці Беларусі” – абяцала рэклама праекта і збольшага не падманула. Сапраўды, гэтым разам сябры Магілёўскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў прадставілі амаль выключна новыя працы, многія з якіх адкрылі вядомых мастакоў з нечакана боку. І гэта вялікі плюс праекта.

Урачыстая цырымонія адкрыцця выставы адбылася 21 верасня ў перапоўненай зале на Болдзіна. Багата моладзі і людзей сталага ўзросту прыйшлі паглядзець плён працы мясцовых мастакоў і паспрабаваць зразумець іх адносіны да “жыцця чалавека”. Афіцыёзу на адкрыцці гэтым разам амаль не было, а сяброўская сустрэча мастакоў са знаёмымі магілёўскімі прыхільнікамі іх творчасці заўжды пакідае цёплае адчування належнасці да вялікай супольнасці – практычна сям’і аматараў мастацтва. 

Большасць гасцей выставы доўга шпацыравала ўздоўж мастацкіх палотнаў і нешта выглядала, штосьці абмяркоўвала. І гэта зразумела, бо аўтары розных пакаленняў, якіх сабрала адна экспазіцыйная прастора, нібыта выклікаюць наведвальнікаў на разважанні і вядуць дыялог паміж сабой. 

Мастакам можна было задаць напрасткі свае пытанні. Базыль Камароў каментуе сваю задуму

Што зацікавіла і ўразіла аматараў мастацтва? 

Аляксандр, магілёўскі краязнаўца. 

– Першае ўражанне вельмі пазітыўнае. Заходзіш і вока радуецца. Што адразу ўзняла настрой, я не адкажу. Гэтае пытанне да псіхолагаў, але цёплая нейкая атмасфера, праўда… Баяўся, што зноўку будуць выстаўлены старыя творы пад новай назвай праекта. Але амаль усе працы новыя… Камароў і Несцярук зноўку прыемна здзівілі. Дзякуй Богу, не бяруць іх гады. 

Галіна, сталая наведвальніца выстаў. Яна сышла з адкрыцця досыць хутка.

– Чаму сыходжу? Выстава неблагая. Я нават неяк супакоілася, адыйшла ад працы. Але каб нешта перавярнула душу, то не, такога не было. Сёння багата людзей, трэба прыйсці яшчэ раз і больш уважліва паглядзець.

Алена, аматар-культуролаг.

– Задаволеная, што прыйшла. Мастакі парадавалі. Дарэчы, я ведала, што Несцярукі – гэта мастацкая сям’я, а аказваецца, і сын іх малюе. Прыглядзіцеся, рэкамендую.

Не хапае маладых творцаў

Работы калектыўнага праекта, як і абяцала назва выставы, аб’яднала тэма лёсу чалавека і яго жыцця. Безумоўна, у розных аўтараў рознае разуменне чалавечага лёсу і сэнсу чалавечага жыцця. Затое ёсць магчымасць выбраць карціну бліжэйшую да твайго светаадчування. 

Магілёўскія жывапісцы належаць да розных пакаленняў. Аднак кідаецца ў вочы, што пераважаюць асобы старэйшага веку. Падаецца, што магілёўскай суполцы хранічна не хапае моладзі. 

Сябры Магілёўскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў на выставе.

Што расчаравала на выставе? Слабыя працы, калі верыць рэплікам саміх мастакоў, маюцца. Кожны можа пашукаць іх сам і зрабіць свае высновы. 

Увогуле вядома, што на выставе кожны знойдзе тое, што захоча знайсці: асалоду ці расчараванне, узрушэнне ці скепсіс. А многія наведвальнікі атрымаюць некалькі моцных эмоцый адразу… У любым выпадку тым, хто наведае яе, будзе пра што пагаманіць з блізкімі. 

Выстава адкрыта ў Выставачнай зале на вуліцы Болдзіна да 16 кастрычніка. Наведаць яе можна штодня з 11.00 да 19.00, за выключэннем панядзелка і аўторка.

 

Апошнія навіны

Альтэрнатыўная ноч музеяў – завітайце ў магілёўскія дворыкі (шмат фота)

18 траўня адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. Прымеркавана да гэтай даты, музеі ўсяго свету праводзяць адну…

18 мая, 2024

У Магілёве гарэў інтэрнат “Зеніта”, спрацаваў апавяшчальнік

17 траўня ў Магілёве адбыўся пажар у адным з пакояў інтэрната на вуліцы Кедравай. Там…

18 мая, 2024

Пад Бабруйскам зноў будуць шукаць метэарыт – самы яркі за гісторыю назіранняў

Першая экспедыцыя супрацоўнікаў Мінскага планетарыя завяршылася няўдала. Навукоўцы прайшлі 45 кіламетраў, пошукі працягваліся пяць дзён,…

18 мая, 2024

Смяротны сінтэз – жыхарка Магілёва памерла ад атручэння незамярзайкай

Канцэнтрацыя этыленгліколю ў арганізме аказалася ў два разы вышэйшай за смяротную дозу.  Пра гібель 50-гадовай…

17 мая, 2024

На Магілёўшчыне шукаюць родных Паўла Усава

Касцюковіцкая раённая газета абвясціла пошук родных старшага лейтэнанта Паўла Андрэевіча Усава, што нарадзіўся ў вёсцы…

17 мая, 2024

У Магілёве пабудуюць падземны пераход на Пушкінскай. Схема руху транспарту будзе мудрагелістая

На ўсё лета і пачатак восені закрываецца Пушкінскі праспект у Магілёве – насупраць гандлёвага цэнтра…

17 мая, 2024