Гарады-пабрацімы: навіны

Мэр Мікалаева просіць жыхароў пакінуць горад. У Латвію не пускаюць грузавікі з беларускімі і расейскімі нумарамі


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна

(Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. Горад месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расейцаў. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой»).


Мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч звярнуўся да грамадзян з просьбай «па магчымасці пакінуць горад». Паводле яго ён «у небяспечнай зоне, усе раёны абстрэльваюць».

«Гэта не экстраная эвакуацыя, – цытуе Сянкевіча інфармацыйнае агенства «УНІАН». – Але мы просім вас пакінуць горад, каб вы былі ў бяспецы».

У інтэрв’ю тэлекампаніі НІС-ТВ Аляксандр Сянкевіч дапусціў, што расейскія войскі, якія канцэнтруюцца ў Херсонскай вобласці, могуць рушыць на Мікалаеў.

«Зразумелая справа, што ў нас могуць быць розныя здагадкі, як будуць развівацца падзеі, але мы разумеем, што ўсход Украіны, луганскі кірунак будзе атакавацца і далей, таму што Пуціну патрэбныя хоць нейкія перамогі», – адзначыў ён.

На думку старшыні Мікалаеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Віталя Кіма расейцы не збіраюцца захопліваць Мікалаеў. У інтэрвʼю інфармацыйнай кампаніі «РБК-Украіна» ён адзначыў: абстрэльваючы Мікалаеў, расейцы «могуць прыкрыць любыя ваенныя дзеянні».

Паводле яго яны пойдуць на мірнае пагадненне, калі ім стане нявыгадна працягваць вайну.

«Мы зацікаўленыя, каб спыніць агонь хоць сёння, бо ў на гінуць людзі, нашы цывільныя», – кажа Віталь Кім.

У Мікалаеве за 44 дні вайны распісаліся 110 закаханых пар. Мінюст спрасціў працэдуру рэгістрацыі для вайскоўцаў. Зʼявілася паслуга «вяселле за дзень». Рэгіструюцца адначасова і па некалькі пар, піша інтэрнэт-рэсурс «Николаевские новости».

У Мікалаеўскім заапарку расцвілі магноліі – рэліктавая расліна даледавіковай эпохі, якая бачыла дыназаўраў.

«Магнолія зачароўвае сваёй прыгажосцю і вытанчанасцю формы«, – адзначана на старонцы ўстановы.


Каменскае, Украіна

(Пабрацім Бабруйску ад 2000 году. Горад абласнога падпарадкавання ў Днепрапятроўскай вобласці. Насельніцтва 250 тысяч чалавек. Паселішчы Днепрапятроўшчыны расейцы абстрэльваюць, але разбурэнняў такіх, як у прыфрантавых гарадах няма. Мясцовыя прадпрыемствы працуюць. Да вайны культурны абмен між гарадамі пабрацімамі бабруйскія чыноўнікі лічылі актыўным).


У больніцах Днепрапятроўскай вобласці ратуюць 15 дзяцей, пацярпелых падчас ракетнага ўдару па вакзалу Краматорска. Расейцы атакавалі яго 8 красавіка. Загінула 57 чалавек і 109 атрымалі параненьні.

«Яны (дзеці, 6TV.by) не трымалі ў руках зброю. Яны хацелі выжыць, проста ўцякалі ад вайны, ехалі туды, дзе не страляюць» – цытуе кіраўніка Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Вадзіма Рэзьнічэнкі інтэрнэт-рэсурс «Событие».

На вакзале знаходзіліся тысячы чалавек, якія спрабавалі пакінуць горад. На абломках ракеты «Точка-У застаўся надпіс «За дзяцей». Паводле ваенных экспертаў Украіны атака расейцамі была загадзя падрыхтаваная.


Улацлавек, Польшча

(Дамова аб сяброўскіх адносінах падпісаная з Магілёвам 8 снежня 1995 года. Горад у Куяўска-Паморскім ваяводстве (цэнтральная Польшча). Насельніцтва – 115 тысяч чалавек).


Ва Ўлацлавеку сёлета абышліся без традыцыйнай сірэны да гадавіны трагедыі пад Смаленскам. 10 красавіка 2010 году ў авіякатастрофе загінула прадстаўнічая дэлегацыя вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў начале з прэзідэнтам Польшчы Лехам Качыньскім. 

Пастанову не ўключаць гукавых сігналаў прэзідэнт гораду Марэк Вайткоўскі патлумачыў тым, што не хоча траўмаваць украінскіх уцекачоў.

«Смаленская катастрофа, несумненна, была вялікай трагедыяй. Аднак нельга забываць пра цяперашнюю сітуацыю… 2,5 мільёна бежанцаў з Украіны знаходзяцца ў Польшчы. 2,5 мільёна чалавек, для якіх гук сірэн – траўматычны вопыт», – напісаў ён у адной з сацыяльных сетак.

Самалётам Ту-154М польскія ўрадоўцы ляцелі на гадавіну расстрэлу польскіх жаўнераў, захопленых савецкай арміяй у верасні 1939 году. Тады Савецкі Саюз і нацысцкая Нямеччына напалі на Польшчу і падзялілі яе.

У 1940 годзе паблізу мястэчка Катынь супрацоўнікі НКВД забілі больш за 2 тысячы палонных вайскоўцаў. На месцы расстрэлу цяпер мемарыял. 

Да яго і кіравала дэлегацыя, узначаленая Качыньскім. Разам з ім і ўрадоўцамі загінула ягоная жонка. Штогод 10 красавіка ў польскіх гарадах уключаюць сірэны, каб згадаць трагедыю і яе ахвяраў.


Айзенах, Германія

(Дамова аб пабрацімстве з Магілёвам падпісаная ў снежні 1996 году. Горад з насельніцтвам у 42 тысячы чалавек месціцца ў Цюрынгіі (адной з самых эканамічна развітых федэральных земляў на ўсходзе краіны). Дабрачынныя арганізацыі гораду дапамагалі пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС беларусам. Арганізоўвалі аздараўляльныя паездкі для дзяцей, якія жылі на забруджаных радыяцыяй раёнах Магілёўшчыны).


Эканамічныя цяжкасці ад вайны ва Ўкраіне зазнае гандаль Цюрынгіі, кажа прэзідэнт Цюрынгійскага Дня рамёстваў Стэфана Лабенштэйна інфармацыйнаму рэсурсу «MDR THÜRINGEN».

Паводле яго кампаніі занепакоеныя, што не могуць прыняць або апрацаваць заказы з-за праблем з дастаўкай матэрыялаў. Рост коштаў на энерганосьбіты і матэрыялы не дазваляе зрабіць надзейную ацэнку выдаткаў. 

Ён заклікае федэральны ўрад знізіць падатак на нафту, каб зняць нагрузку на эканоміку і спажыўцоў.


Даўгаўпілс, Латвія

(Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгалія, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск).


Калі мяжа з Беларуссю і Расеяй будзе зачынена поўнасцю, то многія перавозчыкі збанкрутуюць, і гэта паўплывае не толькі на кіроўцаў, але і на звязаныя прадпрыемствы – аўтасэрвісы, склады, мяркуе старшыня асацыяцыі грузавых перавозчыкаў »Latvijas auto« Аляксандр Пацалуйко, каментуючы санкцыі Еўрапейскага саюзу. Паводле яго праблемы закрануць ад 200 000 да 250 000 чалавек.

Ён лічыць, што сытуацыю цяжка спрагназаваць, бо пакуль не вядома, якой быдзе рэакцыя ў адказ на санкцыі Расеі і Беларусі.

Раней Пацалуйко адзначыў, што многія перавозчыкі пакідаюць расейскі, беларускі і ўкраінскі рынкі, і большасць кіроўцаў не жадаюць ездзіць у гэтыя краіны, піша інтэрнэт-рэсурс «Наш горад».

ЕС увёў санкцыі супраць Расеі і Беларусі, якія ў транспартнай сферы прадугледжваюць забарону аўтатранспартным прадпрыемствам гэтых краін ажыццяўляць грузавыя аўтаперавозкі ў ЕС і заходзіць у парты ЕС судам пад расейскім флагам.

Тым часам, паводле кіраўніка ўпраўлення Службы дзяржаўных даходаў Андрэя Вайварса 10 красавіка супрацоўнікі Мытнага ўпраўлення не прапусцілі ў Латвію 152 грузавікі з расейскімі і беларускімі нумарамі, піша  інтэрнэт-рэсурс «Press».

фота: sobitie.com.ua

 

 

 

Апошнія навіны

Магілёўскае упраўленне капітальнага будаўніцтва злавілі на маніпуляцыях пры закупках

Буйнейшы забудоўшчык у Магілёўскім рэгіёне, абласное упраўленне капітальнага будаўніцтва сістэматычна парушала заканадаўства аб дзяржаўных закупках…

22 кастрычніка, 2024

Магия черная и белая – как депутат Дьяченко принимал граждан в Осиповичах

Депутат Олег Дьяченко во время приема граждан в Осиповичах внезапно собрал вокруг себя много людей…

22 кастрычніка, 2024

Два пенсіянеры за адзін дзень загінулі на пажарах у Клічаўскім раёне

Адразу два чалавекі сталі ахвярамі пажараў у Клічаўскім раёне 21 кастрычніка. Раніцай каля 5 гадзін…

22 кастрычніка, 2024

В Могилеве заработала партийная школа, где готовят фальсификаторов выборов

Члены пролукашенковской партии «Белая Русь» будут пачками повышать квалификацию в Могилеве. Кривая благосостояния народа растет,…

21 кастрычніка, 2024

У “цёплай і душэўнай абстаноўцы”, але з пустымі кубкамі віншавалі ў Горках з Днём маці

Кіраўніцтва Горацкага райвыканкама правяло ўрачысты прыём для шматдзетных маці блізнятак, двайнятак і трайнятак. Жанчыны былі…

15 кастрычніка, 2024

У Магілёве апячаталі кватэру былой палітзняволенай Анастасіі Булыбенка

Кватэра засталася ёй у спадчыну ад бацькі, які прапаў без вестак. У былой палітзняволенай, што…

14 кастрычніка, 2024