Магілёў ушаноўвае свайго нябеснага заступніка – святога Антонія. Напярэдадні некалькі сот мясцовых каталікоў узялі ўдзел у працэсіі Божага Цела

Вернікі традыцыйнае шэсьце зладзілі ад катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава да капліцы святога Антонія, што на каталіцкіх могілках. Імпрэза адбылася 12 чэрвеня. 

13 чэрвеня магілёўскія каталікі ўшаноўваюць нябеснага заступніка гораду – святога Антонія. У ягоны гонар раней таксама ладзіліся хросныя хады ў цэнтры гораду.

Святы Антоні стаў апекуном Магілёва ў канцы XVI стагоддзя. Ягоны цудатворны абраз прынеслі ў горад францішканскія прапаведнікі. Сцвярджаецца, што абраз знік у часе Другой сусветнай вайны.

Учорашняя працэсія рушыла па адной з цэнтральных гарадскіх магістраляў – вуліцы імя Лазарэнкі. Інцыдэнтаў падчас шэсьця не было зафіксавана.

У святочнай імшы ўдзельнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, а таксама Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі ды Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек.

«Эўхарыстыя – гэта адзінства, супакой і прабачэнне, якіх так не хапае сучаснаму свету», – падае словы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, багаслаўляючы працэсію каталіцкі рэсурс Catholic.by.

фота:catholic.by