Маёмасць медыцынскага цэнтра “Новы зрок” у Беларусі была канфіскаваная і цяпер распрадаецца па рашэнні суда. Заснавальніка папулярнай сеткі клінік абвінавацілі ў “экстрэмізме”, завочны суд прызначыў яму 12 гадоў турмы.
Па ўсёй Беларусі выстаўляецца на продаж маёмасць зачыненага медыцынскага цэнтра “Новы зрок”. Гандаль за памяшканне афтальмалагічнага цэнтра ў Магілёве будзе праходзіць 24 красавіка на пляцоўцы “БелЮрЗабеспячэнне”, стартавы кошт складае 734 тысячы рублёў. Раней будынак “Новага зроку” выставілі на продаж у Гомелі.
У лістападзе 2024 года заснавальніка гэтага цэнтра Алега Каўрыгіна абвінавацілі па дзевяці артыкулах Крымінальнага Кодэкса. Сярод іх – садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь, заклікі да санкцый. У выніку яго асудзілі завочна, да 12 гадоў турмы. Акрамя палітычных артыкулаў, яму выставілі таксама эканамічныя абвінавачванні, а яшчэ чатырох супрацоўнікаў цэнтра асудзілі да пазбаўлення волі тэрмінам да трох гадоў і шасці месяцаў калоніі з адтэрміноўкай.
Перад гэтым у паспяховага мэдыцынскага цэнтра Міністэрствам аховы здароўя была адабраная ліцэнзія на дзейнасць па аказанні афтальмалагічных паслуг. Прычынай пераследу з боку ўладаў, па меркаванні Алега Каўрыгіна, стала яго “недамоваздольнасць” – адмова плаціць хабар у 30 мільёнаў даляраў чыноўнікам, плюс 20 мільёнаў штрафу ў казну.
Медыцынскі цэнтр “Новы зрок” пачаў сваю працу ў Беларусі ў 1999 годзе. За два дзясяткі гадоў працы гэтая спецыялізаваная сетка клінік здабыла ў Беларусі добры імідж сярод кліентаў. Так, сярэдняя ацэнка магілёўскага філіяла гэтага медыцынскага цэнтра на сервісе Google.maps паказвае прыстойную лічбу ў 4,8 з пяці зорачак па выніках дзясяткаў адзнак. Для параўнання, іншыя прыватныя клінікі ў Магілёве, параўнальныя з “Новым зрокам” па маштабах, ацэньваюцца кліентамі больш сціпла. “Новамед”, напрыклад, мае ацэнку ў 3,4 зорачкі, “Элізабет” – 3,9, “А-Клінік” – 4,5.
Зараз у Магілёве зрабіць карэкцыю зроку можна ў дзяржаўных бальніцах і прыватных медыцынскіх цэнтрах. Аднак пасля закрыцця “Новага зроку” пацыенты пазбаўленыя магчымасці звярнуцца ў адзіную спецыялізаваную і прыватную ўстанову, з высокім узроўнем прафесіяналізму і даверу.
Суразмоўцы mogilev.media, жыхары Магілёва, якія планавалі паправіць свой зрок, расказваюць, што з закрыццём гэтага медцэнтра яны апынуліся ў разгубленасці. Незразумела, ці можна ў поўнай меры даверыцца спецыялістам іншых цэнтраў.
“Галіна мікрахірургіі проста разбураная. – падзяліўся сваімі ўражаннямі пра сітуацыю з лячэннем праблем зроку ў Беларусі Алег Каўрыгін у сваім інтэрв’ю “Радыё Свабодзе” – І калі б яны сказалі, што „зразумелі сваю памылку, акажам вам дапамогу“ і калі б у мяне з’явілася жаданне, дык нават спецыяліст добрага ўзроўню будзе аднаўляць гэта пяць гадоў.”
Фота: БелЮрЗабеспячэнне і Courtesy Photo
Экс-палітвязень з Магілёва Валянцін Лабачоў паведаміў аб спыненні ў адносінах да яго адміністрацыйнай справы, датычнай…
З тым, як магла выглядаць Алейная брама ў Магілёве, цяпер можна пазнаёміцца праз яе 3D-рэканструкцыю.…
Міхаіл (імя зменена) з Мінска, былы палітвязень, які адбыў пяць гадоў у бабруйскай калоніі №2…
Житель Могилева получил два года колонии за оружейный арсенал, который, по его словам, он собирал…
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Малашка, радуючыся Дню рускай мовы, сказіў рэчаіснасць адносна беларускай. Паводле яго,…
Павелічэнне пагалоўя птушкі і рост аб’ёмаў прадукцыі вымусілі магілёўскую кампанію шукаць новыя рашэнні – імі…