навіна дня

Колькі гадоў Магілёву – 644, 757, 1000 ці 1422? Вялікі разбор

У дні святкавання Магілёвам Дня горада – разбіраем асноўныя версіі пра яго паходжанне. Спойлер – у Магілёва насамрэч цэлая куча дат на любы густ, з якіх можна было б з поўным правам адлічваць храналогію.

Афіцыйная дата заснавання Магілёва – 1267 год. Але калі звярнуцца да гісторыкаў з просьбай патлумачыць, адкуль узялася і наколькі справядлівая гэтая дата, то можна пачуць вельмі шмат розных складаных разважанняў. Напрыклад, мы пачуем, што насамрэч няма ніякай гістарычнай крыніцы XІІІ стагоддзя, дзе была б запісаная гэтая дата. Таксама мы пачуем, што паводле археалагічных крыніц горад нашмат старэйшы, і мог бы смела адзначаць сваё 1000-годдзе. І нават больш дакладную дату сёлета – 1422-годдзе. Альбо, мы пачуем, што наогул няма ніякіх летапісных доказаў існавання Магілёва ў перыяд, ранейшы за 1380-я гады.

Што не так з датай 1267

Многія гісторыкі лічаць, што ўпершыню дата заснавання Магілёва ў 1267 годзе паявілася ў выданні “Хроніка беларускага горада Магілёва”, якое было падрыхтавана магілёўскім гісторыкам Мікалаем Гартынскім і пабачыла свет у 1887 годзе. Выданне Гартынскага – гэта пераклад магілёўскай хронікі Трафіма Сурты з польскай мовы на рускую, са скарачэннямі і невялікімі зменамі. Дык вось, у арыгінальным тэксце хронікі Сурты гэтай даты – 1267 год –  няма.

Адсюль і распаўсюджаная ў колах аматараў гісторыі Магілёва думка, што ўзятая немаведама адкуль, ледзь не выдуманая Гартынскім дата ніяк не можа лічыцца падставай для адліку гарадской храналогіі. Але гэта не зусім так – чаму, патлумачым ніжэй. 

Трэба адразу агаварыцца, што самай ранняй летапіснай крыніцай, у якой згадваецца горад Магілёў, з’яўляецца гістарычна-геаграфічны твор канца XIV стагоддзя “Спіс рускіх гарадоў блізкіх і далёкіх”, час напісання якога даследчыкі адносяць да 1380-х гадоў.

Папярэдняя выснова, якую неабходна зрабіць у гэтым месцы – любая дата існавання Магілёва, старэйшая за 1380-я гады, з’яўляецца гіпатэтычнай і была сфармуляваная ці прапанаваная ў пазнейшыя часы. А з гэтага вынікае, што калі б адміністрацыя горада Магілёва адлічвала храналогію абласнога цэнтра абапіраючыся выключна на дакладныя крыніцы, то самай старажытнай і бясспрэчнай была б даціроўка прыблізна пад 1380-м годам, а значыць, сёлета наш горад адзначаў бы не 757, а 644 гады сваёй гісторыі.

Але ж, падставы для святкавання Дня горада мы прадстаўляем не ў судзе, таму тут можна дапускаць некаторыя вольнасці, абапірацца на легенды і гіпотэзы, альбо наогул, як у нашым выпадку – проста на традыцыю. Гісторыкаў жа ніхто ўжо даўно не слухае.

А што гісторыкі маглі б прапанаваць яшчэ?

Знішчанае гарадзішча антаў

 Першай і самай старажытнай гіпатэтычнай датай, якая з дакладнасцю да канкрэтнага года рэгіструе магілёўскія старажытнасці, можа быць не тое што 1267-мы, і нават не 1001-1003-ці гады, а канкрэтна 602 год нашай эры. А гэта значыць, што сёлета Магілёў меў бы поўнае права святкаваць 1422-годдзе.

Гэтая дата, 602 год – гэта верагодная дата знішчэння (верагодна аварамі, верагодна антскага) гарадзішча Змяёўка, ці Пелагееўскага гарадзішча – аднаго з двух захаваўшыхся ў Магілёве гарадзішчаў. 

Як маглі выглядаць анты па версіі нейрасеткі midjourney.co

Паводле дадзеных археалогіі, гэтае гарадзішча існавала на беразе Дубравенкі ў першай палове І тысячагоддзя нашай эры, і адносіцца да кіеўскай і калочынскай культур. Кіеўская культура існавала на украінскіх, беларускіх і сумежных расійскіх землях у II – V стагоддзях, а калочынская лічыцца разнавіднасцю кіеўскай, якая існавала на землях Магілёўшчыны і Гомельшчыны ў V – VII стст. Гэтыя культуры сучаснымі даследчыкамі звязваюцца з такім старажытным славянскім народам, як анты.

З пісьмовых крыніц вядома, што ў 602 годзе аварскі каган зладзіў ваенны паход супраць антаў, хаўруснікаў Візантыі, дзеля помсты за напад візантыйскіх войскаў на аварскія землі. Пра тое, што гэты паход быў паспяховым для авараў сведчыць факт, што з гэтага часу анты знікаюць з гістарычнай арэны.

У сваёй супольнай працы “Гарадзішча Змяёўка (Пелагееўскае гарадзішча) у Магілёве” дактары гістарычных навук, прафесары І.А. Марзалюк і Я.Р. Рыер выказваюць меркаванне, што ў выніку дадзенага пахода было знішчана ў тым ліку і гарадзішча Змяёўка.

Гарадзішча Змяёўка на фотаздымку 1980-х гг.

На карысць гэтай гіпотэзы гаворыць слой попелу, якім завяршаецца культурны слой на гарадзішчы. Такі самы фінальны слой попелу знаходзяць археолагі і на іншых помніках калочынскай культуры. Наогул, у VII стагоддзі абрываецца існаванне ўсёй калочынскай культуры. 

Старажытныя авары вачыма сучаснага мастака. Крыніца: pikabu.ru

Такім чынам, існуе пэўны лагічны ланцуг у разважаннях, які дапускае, што самай старажытнай датай, якая можа быць прапанаваная сучаснымі гісторыкамі дзеля адліку магілёўскай храналогіі – можна лічыць 602 год. Аднак, канечне, спробы прывязаць падзеі, зафіксаваныя археалагічна з канкрэтнымі гістарычнымі звесткамі заўсёды маюць умоўны характар.

Тысячагоддзе, якое не адбылося

Наступнай гіпатэтычнай даціроўкай, на якую магла б абапірацца гарадская храналогія, з’яўляецца кароткі перыяд княжання ўнука Рагнеды, полацкага князя Усяслава Ізяславіча, 1001 – 1003 гады. Ён быў, верагодна, старэйшым сынам Ізяслава – сына Рагнеды і Уладзіміра Святаславіча, і пражыў вельмі кароткае жыццё. Гісторыкі мяркуюць, што ён яшчэ дзіцём быў абраны на полацкае княжанне і памёр у зусім юным узросце. Яго княскае кляймо выяўлена на фрагменце керамічнага вырабу, знойдзеным І.А. Марзалюком падчас раскопак у Магілёве. 

Кляймо з выявай “Трызуба” Усяслава Ізяславіча з Магілёва.

Кароткі перыяд княжання Усяслава Ізяславіча, а таксама геральдычная адметнасць выявы “Трызуба” (раздвоены правы верхні кут “Трызуба” – унікальны элемент асабістага княскага знака) даюць падставы ўпэўнена абапірацца на дадзеную даціроўку. 

Не хапае, аднак, яе засваення грамадствам. Гістарычны шанец для гэтага быў згублены ў 2001-2003 гадах, калі горад меў усе падставы адзначыць 1000-годдзе сваёй гісторыі, але адной ініцыятывы з боку гісторыкаў для гэтага аказалася мала. Ні кіраўніцтва горада, ні шырокія колы грамадскасці не праявілі адпаведных ініцыятыў.

Канечне, мы зноўку маем справу з археалагічным артэфактам, які зноўку надае пэўную долю ўмоўнасці нашым высновам, але ў дадзеным выпадку гэта надзвычай інфарматыўны артэфакт, і яго пераканаўчая база даволі вялікая.

І зноў 1267-мы

 Але, вернемся да той даты, якая зараз з’яўляецца афіцыйнай для пачатку адліку магілёўскай гісторыі. Мы казалі, што гісторыкі часам наракаюць на Мікалая Гартынскага, што гэта быццам бы менавіта ён адвольна размясціў у сваім перакладзе “Хронікі Магілёва” 1267-мы год, як год заснавання горада.

У 2017 годзе ў газеце Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта “Універсітэцкі веснік” вядомы магілёўскі гісторык Васіль Набелахаў размясціў фундаментальны артыкул, у якім пераканаўча патлумачыў прычыну паяўлення даты 1267 у выданні Мікалая Гартынскага.

Як вядома, “Хроніка Магілёва” была распачатая магілёўскім лаўнікам і старастай купецкім Трафімам Суртой у канцы XVII стагоддзя. Пасля яго смерці запісы ў хроніку стаў рабіць рэгент магілёўскай магдэбургіі Юрый Трубніцкі, а пасля яго – яшчэ тры пакаленні Трубніцкіх, давёўшы хроніку да пачатку ХІХ стагоддзя. Але акрамя Трубніцкіх у канцы XVIIІ – пачатку ХІХ стагоддзяў над рукапісам працаваў яшчэ нехта – гісторыкі пакуль не ведаюць, хто, а толькі дапускаюць меркаванне, што рукапіс на некаторы час пакідаў сям’ю Трубніцкіх, а потым зноў вярнуўся да гаспадароў.

У гэты ж час, у прамежку з 1798 па 1820 гг. на падставе хронікі Сурты і Трубніцкіх у Магілёве быў зроблены скарочаны варыянт хронікі, так званы кароткі спіс, у які ўвайшлі толькі звесткі, якія непасрэдна адносіліся да магілёўскіх падзей. У выніку скарочаны варыянт складае ўсяго ¼ ад тэкста першапачатковага рукапісу. Аўтар гэтага скарочанага варыянта таксама застаецца невядомым. 

Але самае галоўнае для нас вось што: скарочаны варыянт хронікі атрымаў яшчэ і шэраг дапаўненняў. Так, у ім паявілася ўступленне, якое павінна было пазнаёміць чытача з кароткім аглядам гісторыі ўзнікнення горада – гэта частка, якой у паршапачатковай “Хроніцы” не было.

Менавіта тут, ва ўступленні, невядомым аўтарам упершыню было адзначана, што “Замак Магілёўскі мае назву ад рускага кіеўскага князя Льва Данілавіча, які заснаваў яго ў 1267 годзе ад Нараджэння Хрыстова”.

Першая старонка кароткага спіса “Хронікі Магілёва”з даціроўкай заснавання горада пад 1267-м годам.

Ці абапіраўся аўтар кароткага варыянта “Хронікі” на нейкія дакументы – застаецца невядомым, і наўрадці будзе высветлена.

Заснавальнік Магілёва – Леў Данілавіч?

Таксама, неабходна выказаць некалькі разважанняў пра ўказанага ў гэтай кароткай “Хроніцы” заснавальніка Магілёва. Ці мог Леў Данілавіч (больш вядомы як князь галіцкі, а не кіеўскі) апынуцца ў нашым рэгіёне ў адзначаны час? Тэарэтычна мог, гэтаксама як мог на кароткі час быць успрынятым як князь кіеўскі – так што моцнага супярэчання гістарычным фактам тут мы не знойдзем. 

Справа ў тым, што назадоўга да гэтага, у 1264 годзе памёр яго бацька, Данііл Раманавіч, вялікі князь кіеўскі, і ў адным з пазнейшых тэкстаў – “Сінапсісе” 1674 года Леў Данілавіч называецца кіеўскім князем на 1266 год. 

Леў Данілавіч на фоне сваёй сталіцы, г. Львова (карціна XVII ст.)

У 1267 годзе Леў Данілавіч прэтэндаваў на тытул вялікага князя ВКЛ і ўступіў у канфлікт з тагачасным вялікім князем Войшалкам, які рыхтаваўся адысці ад улады. Войшалк вырашыў перадаць кираванне ў дзяржаве не Льву Данілавічу, а яго брату, Шварну Данілавічу. 18 альбо 23 красавіка 1267 года Леў Данілавіч забіў Войшалка ў манастыры горада Уладзіміра-Валынскага. 

Леў Данілавіч так і не стане вялікім князем ВКЛ, але і пазіцыі Шварна пасля смерці Войшалка былі пахіснутыя. Мы можам зноў жа тэарэтычна дапусціць, што некаторыя беларускія землі маглі стаць арэнай актыўнасці Льва Данілавіча ў адзначаны час. Але гэта, зноўку, дапушчэнне.

Такім чынам, мы знаходзімся перад фактам, што рэгістрацыя даты 1267-мы год, як даты заснавання Магілёва, мае рэтраспектыўны характар, упершыню паявілася ў канцы XVIII – пачатку ХІХ стст., а дакументы, блізкія да ХІІІ ст., якія б яе пацвярджалі, застаюцца невядомымі сучаснай навуцы. Адначасова, хада гістарычных падзей на тэрыторыі Беларусі ў гэты час падштурхоўвае нас да высновы, што да гісторыі горада Магілёва сапраўды мог спрычыніцца князь Леў Данілавіч і адбыцца гэта магло менавіта ў раёне 1267 года.

І гэта ўсё? Не!

У 1847 годзе ў Лейпцыгу выдавец Іахім Лялевель надрукаваў гістарычны атлас Польшчы, на адной з мап у якім, пазначанай як мапа на 1279 год, быў указаны Магілёў.

Як бачым, сама мапа адносіцца да сярэдзіны ХІХ ст., і ў які раз для нас застаецца невядомым, на якія крыніцы абапіраўся выдавец, размяшчаючы на ёй Магілёў – у яго былі на гэта дакументальныя падставы, ці ён выкарыстаў наш горад проста дзеля геаграфічнай прывязкі? 

Што характэрна – на іншых, пазнейшых картах з гэтага атласа Магілёў знікае, і паяўляецца зноў толькі на мапе на 1572 год.

Мапа “Польшча ў часы Баляслава”, на 1279 год.
З Выдання J. LELEWEL, Historischer Atlas von Polen, Leipzig 1847.

Што з гэтага вынікае? Што тэарэтычна, маглі існаваць крыніцы ХІІІ стагоддзя, у якіх рэгіструецца горад Магілёў – прычым храналагічна вельмі блізка ад нашай легендарнай даты 1267, што ўскосна грае на карысць гэтай традыцыйнай даціроўкі.

Магілёў на мапе на 1279 год.

Асоба аўтара артыкула высвятляецца

Загалоўнае фота: midjourney.co

Апошнія навіны

Магілёўскае упраўленне капітальнага будаўніцтва злавілі на маніпуляцыях пры закупках

Буйнейшы забудоўшчык у Магілёўскім рэгіёне, абласное упраўленне капітальнага будаўніцтва сістэматычна парушала заканадаўства аб дзяржаўных закупках…

22 кастрычніка, 2024

Магия черная и белая – как депутат Дьяченко принимал граждан в Осиповичах

Депутат Олег Дьяченко во время приема граждан в Осиповичах внезапно собрал вокруг себя много людей…

22 кастрычніка, 2024

Два пенсіянеры за адзін дзень загінулі на пажарах у Клічаўскім раёне

Адразу два чалавекі сталі ахвярамі пажараў у Клічаўскім раёне 21 кастрычніка. Раніцай каля 5 гадзін…

22 кастрычніка, 2024

В Могилеве заработала партийная школа, где готовят фальсификаторов выборов

Члены пролукашенковской партии «Белая Русь» будут пачками повышать квалификацию в Могилеве. Кривая благосостояния народа растет,…

21 кастрычніка, 2024

У “цёплай і душэўнай абстаноўцы”, але з пустымі кубкамі віншавалі ў Горках з Днём маці

Кіраўніцтва Горацкага райвыканкама правяло ўрачысты прыём для шматдзетных маці блізнятак, двайнятак і трайнятак. Жанчыны былі…

15 кастрычніка, 2024

У Магілёве апячаталі кватэру былой палітзняволенай Анастасіі Булыбенка

Кватэра засталася ёй у спадчыну ад бацькі, які прапаў без вестак. У былой палітзняволенай, што…

14 кастрычніка, 2024