Навіны

Кіраўск, Качэрычы/Старцы – малады горад з забытай гісторыяй і страчанай аўтэнтыкай

Расказваем пра Кіраўск – даволі малады населены пункт, які быў доўгі час вядомы як паселішча Качэрычы. Новаўтвораны за савецкім часам пад назвай Кіраўск горад, на месцы маёнтка Качэрычы і вёскі Старцы, пахаваў пад сабой старадаўнія тапанімічныя рарытэты.

Упершыню паселішча згадваецца ў XVI стагоддзі як вялікакняскае сяло Качэрычы ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства. На 1560 год тут было 30 двароў. Пасля ператварыліся ў фальварак, а ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Качэрычы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталіся цэнтрам воласці Бабруйскага павету. 

На 1844 год у склад маёнтку Качэрычы ўваходзіла вёска Старцы, дзе ў 1845 годзе заснавалі гуту. Адзначым, што маёнтак і вёска былі рознымі паселішчамі, якія проста недалёка знаходзіліся. З інвентарнага апісання Качэрычаў 1854 года вядома, што да маёнтка адносіліся слабоды: Капусціна, Язаўка, Падлешчанка, Скрыпліца, Негаўля, Камерава, Аляксандраўка, Цейкавічы, Буда, Хамічы, Стараселле і інш. 

Выпіска з інвентара, складзенага ў 1844 годзе, сведчыць аб тым, што ў памешчыкаў Качэрычаў налічвалася 17 436 дзесяцін зямлі. З іх 15 243 належалі асабіста ім, астатнія 2 193 дзесяціны былі размеркаваны паміж 1 130 душамі сялян.

Па звестках 1880-х гадоў беларускага гісторыка і публіцыста Аляксандра Ельскага, Качэрычы – сяло, цэнтр Качэрыцкай воласці, паштовая станцыя ў Бабруйскмі павеце, пры шляху з Бабруйска на Магілёў, за 23 вярсты ад Бабруйска, над ракой Алай, спадчына фон Гоера.

Традыцыйная гістарычная назва паселішча Качэрычы хутчэй за ўсё ўтварылася ад мянушкі, або дахрысціянскага беларускага імя Ка́чар.

Паводле Аляксандра Ельскага ў 2-й палове XIX стагоддзя Качэрычы таксама называлі Старасёламі. 

Радзіма Тэфі

Маёнтак Качэрычы на мяжы XVIII-XIX стагоддзя належаў Мікалаю Самойлавічу Ланеўскаму-Ваўку – надворнаму саветніку, павятоваму маршалку Рагачова. Дарэчы, Ваўкі-Ланеўскія – старажытны польска-беларускі род герба “Корчак”. Пасля смерці Мікалая Самойлавіча вотчыннае ўладанне перайшло да яго брата Феліцыяна – павятовага маршалка ў земскім судзе г. Быхава. У сваю чаргу пасля смерці Феліцыяна маёнтак перайшоў да яго жонкі Настассі Сямёнаўны Ланеўскай-Воўк і іх дачкі Назеі ў пажыццёвае валоданне. 

А вось ужо Надзея Феліцыянаўна Ланеўская-Воўк пабралася шлюбам з карнетам Інгерманландскага палка Адольфам Готфрыдам фон Гоерам (Аляксандрам Мікалаевічам на рускі капыл). Фон Гоер – абруселы нямецкі род ваеннага дваранства. У Надзеі Феліцыянаўны і Адольфа Готфрыда нарадзілася сямёра дзяцей. Якраз самая старшая з іх (дачка Варвара) у будучыні стане маці таленавітых сясцёр Лохвіцкіх (усе сталіся пісьменніцамі). 

Найбольш вядомыя з чатырох пісьменніц Надзея Тэфі і яе сястра Марыя Лохвіцкая-Жыбер. Тэфі – руская пісьменніца і паэтка, мемуарыст, перакладчыца, аўтар такіх вядомых апавяданняў, як «Дэманічная жанчына» і «Ке Фер». Марыя Лохвіцкая — руская паэтэса, якая падпісвалася псеўданімам Міра Лохвіцкая. З’яўляецца заснавальніцай жаночай паэзіі “Срэбранага стагоддзя”, уладальніцай трох Пушкінскіх прэмій. 

Што ж да маёнтка Качэрычы, то ў далейшым ім валодалі спачатку Віктар Аляксандравіч фон Гоер (сын Адольфа-Аляксандра), а пасля ён перайшоў да яго сыноў Уладзіміра і Льва. Усе яны праявілі сябе на розных дзяржаўных пастах у Расійскай імперыі, кожны дасягнуўшы пэўных кра’ерных поспехаў. 

Фон Гоеры на тэрыторыі свайго ўладання адкрывалі невялікія прадпрыемствы, якія перапрацоўвалі сельскагаспадарчую і мінеральную сыравіну. Спачатку ў маёнтку была адчынена гута з прыбыткам у 6250 рублёў. З 1872 года пачаў дзейнічаць бровар, на якім у 1895 годзе працавала 8 працоўных. У 1895 годзе быў уведзены паравы рухавік. Даход з яго складаў 4 тыс. рублёў. 

Такім чынам, многія з нашчадкаў родаў Ланеўскіх-Ваўкоў і фон Гоераў пакінулі след у гісторыі, праявілі сябе ў розных сферах дзейнасці: у ваеннай сферы, у фінансах, літаратуры і дзяржаўнай службе. Менавіта гэтых два рода амаль паўтары стагоддзя валодалі маёнткам Качэрычамі, паўплываўшы на гісторыю навакольных земляў. 

Непасрэдна сам фальварак меў каля 6,5 гектар зямлі, глеба тут пясчаная, а лясы былі знішчаны. Паводле плана Качэрычаў 1904 года, маёнтак складаўся з жылога дома, флігеля, двух халодных адрынаў і скотнага двара, дома рабочых і двух стайняў, свірана, вядзянога млына, двух хлявоў, саладоўні, склепа, сукнавальні, бровара.

Па ўспамінах старажылаў, сядзіба была маляўнічая. Тут раслі ліпы, каштаны, лістоўніцы, коркавае дрэва. Працякала рэчка Ала, прабіваліся ключы і крынічкі. Былі сад, гароды, ворныя землі, сенакосы. З архіўных крыніц вядома, што мясцовасць была роўная, з правільнымі схіламі, без камянёў. У пачатку ХХ стагоддзя дзве дзесяціны зямлі былі заняты англійскім паркам, які часткова захаваўся да нашых дзён і сёння з’яўляецца помнікам садова-паркавай архітэктуры Кіраўска.

У 2000 годзе яго цалкам рэканструявалі: пабудавалі фантан, зоны адпачынку, невялікі заапарк.

Тэатр тапанімічнага абсурду

Пасля ўсталявання савецкай улады на беларускіх землях, Качэрычы з 1924 года ўваходзяць у склад Старцаўскага сельсавета Бабруйскага раёна. 

12 лютага 1935 года ўтвараецца Кіраўскі раён, што названы ў гонар застрэленага камуністычнага дзеяча Сяргея Кірава (які да таго ў сваю чаргу масава расстрэльваў так званых контррэвалюцыянэраў, у тым ліку святароў і вернікаў). 

Цэнтр раёна знаходзіцца ў вёсцы Старцы, якая 20 красавіка 1939 года была перайменавана ў вёску Кірава. Пры гэтым Кіраў не мае абсалютна ніякіх адносінаў да дадзенай мясцовасці і наогул да Беларусі. У гэты ж час каля вёскі Старцы-Кірава на месцы фальварака Качэрычы быў пабудаваны пасёлак Кіраўск, куды пазней быў перанесены раённы цэнтр. Вось такі тэатр тапанімічнага абсурду. 

Толькі ў 1955 годзе вёска Кірава (былыя Старцы) злілася з пасёлкам Кіраўск, што паўстала на месцы былога маёнтку Качэрычы. Яшчэ пазней 17 лістапада 1959 года раённаму цэнтру Кіраўску быў нададзены статус гарадскога пасёлка. Па перапісе насельніцтва 1959 года ў новаствораным Кіраўску налічвалася 2 980 жыхароў, а ўжо ў 1971 годзе пражывала ўжо 4,7 тыс. чалавек. У 1977 годзе ў склад гарадскога пасёлка была ўключана вёска Селішча. 

У 1972 і 1980 гадах былі распрацаваны генеральныя планы пасёлка, у адпаведнасці з імі цэнтральная частка забудоўвалася 2-3-павярховымі дамамі. 

Непасрэдна на месцы былога фальварку Ланеўскіх-Ваўкоў і фон Гоераў быў адкрыты санаторый ў гонар ураджэнца гэтых мясцінаў героя Савецкага Саюза і героя сацыялістычнай працы Кірыла Пракопавіча Арлоўскага. Санаторый знаходзіцца якраз у самым цэнтры маляўнічага і велічнага парку былога маёнтка Качэрычы. 

Такім чынам, сённяшні раённы цэнтр Кіраўск як адзінае паселішча паўстаў толькі ў пасляваенны час, калі вёска Старцы злілася з былым фальваркам Качэрычы, у выніку чаго ўтварылася мястэчка. Аднак на гэтым не спыніўся працэс зліцця з навакольнымі паселішчамі і пазней у склад Кіраўска ўвайшла яшчэ вёска Селішча. 

Адзначым, што найменне райцэнтра абумовіла знаходжанне на цэнтральнай плошчы паселішча помніка Сяргея Кірава, які знаходзіцца каля будынка мясцовага райвыканкама, і замяняе звыклы манумент Леніна. 

Па-харошаму, каб аднавіць гістарычную справядлівасць, раённы цэнтр павінен мець іншую назву: Качэрычы – назва маёнтка, на грунце якога ўзнікла сённяшняе паселішча або Старцы – вёскі, што сталася асновай сучаснага раённага цэнтра. Галасы гучаць розныя, аднак вырашаць мясцовым жыхарам, якая назва ім больш даспадобы. 

Фота з адкрытых крыніц

Апошнія навіны

Магілёўскае упраўленне капітальнага будаўніцтва злавілі на маніпуляцыях пры закупках

Буйнейшы забудоўшчык у Магілёўскім рэгіёне, абласное упраўленне капітальнага будаўніцтва сістэматычна парушала заканадаўства аб дзяржаўных закупках…

22 кастрычніка, 2024

Магия черная и белая – как депутат Дьяченко принимал граждан в Осиповичах

Депутат Олег Дьяченко во время приема граждан в Осиповичах внезапно собрал вокруг себя много людей…

22 кастрычніка, 2024

Два пенсіянеры за адзін дзень загінулі на пажарах у Клічаўскім раёне

Адразу два чалавекі сталі ахвярамі пажараў у Клічаўскім раёне 21 кастрычніка. Раніцай каля 5 гадзін…

22 кастрычніка, 2024

В Могилеве заработала партийная школа, где готовят фальсификаторов выборов

Члены пролукашенковской партии «Белая Русь» будут пачками повышать квалификацию в Могилеве. Кривая благосостояния народа растет,…

21 кастрычніка, 2024

У “цёплай і душэўнай абстаноўцы”, але з пустымі кубкамі віншавалі ў Горках з Днём маці

Кіраўніцтва Горацкага райвыканкама правяло ўрачысты прыём для шматдзетных маці блізнятак, двайнятак і трайнятак. Жанчыны былі…

15 кастрычніка, 2024

У Магілёве апячаталі кватэру былой палітзняволенай Анастасіі Булыбенка

Кватэра засталася ёй у спадчыну ад бацькі, які прапаў без вестак. У былой палітзняволенай, што…

14 кастрычніка, 2024