Навіны

Дзень у гісторыі. Віншуем нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч, слухаем творы Міхала Казіміра Агінскага і адмаўляемся ад курэння

31 мая – Сусветны дзень культуры.

У Беларусі каля 6 тысяч арганізацый культуры: клубаў, бібліятэк, музеяў, тэатраў, канцэртных установаў, цыркаў, паркаў ды заапаркаў. У сістэме міністэрства культуры 403 дзіцячыя школы мастацтваў, 20 устаноў сярэдняга спецыяльнага і 3 установы вышэйшай адукацыі.

З 2010 г. праводзіцца акцыя «Культурная сталіца года». У горадзе, які атрымлівае статус сталіцы, рэалізуюцца інавацыйныя праекты ў галіне нацыянальнай культуры. Першым званне культурнай сталіцы культуры атрымаў старажытны Полацк, потым працягнулі эстафету Гомель, Нясвіж, Магілёў, Гродна, Брэст, Маладзечна, Бабруйск, Наваполацк, Пінск, Ліда.

cis.minsk.by

У 2022 г. сталіцай абвешчана Ворша.


31 мая – Сусветны дзень без тытуню. Адзначаецца ад 1987 году.

У свеце 1,2 мільярдаў чалавек, якія кураць. За хвіліну прадаецца 10 мільён цыгарэт.

Штогод больш за 6 мільёнаў чалавек паміраюць ад звязанага з тытунём інфаркту міякарда, інсульту, раку, хваробы лёгкіх і іншых хвароб. Яшчэ 600 тысяч чалавек паміраюць ад пасіўнага курэння.

У Беларусі сярод насельніцтва ва ўзросце 18-69 гадоў паліць тытунь каля 26,7% (2021 г., крыху раней было 29,9%).

Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць, што да 2025 год колькасць спажыўцоў тытуню зменшыцца на траціну з прычыны актыўнай антынікатынавай прапаганды, прапаганды здаровага ладу жыцця, павышэння коштаў на цыгарэты і іншыя захады.

Тытунёвы дым атрымоўвае звыш 4 тысяч хімічных злучэнняў, большасць з якіх таксічныя, мутагенныя ці канцэрагенныя.

media.istockphoto.com

31 мая – Сусветны дзень бялянак.

Сярод беларусаў траціна бялявых. Але бялянак удвая больш, чым бялявых мужчын.

Колькасць людзей з натуральным светлым колерам валасоў імкліва скарачаецца, і да 2200 г. яны могуць канчаткова знікнуць, сцвярджаюць навукоўцы.

Расце колькасць змешаных шлюбаў, светлавалосыя нацыі нараджаюць значна радзей, чым насельнікі паўднёвых краін.

kolobok.ua


31 мая 1556 года нарадзіўся Юры Радзівіл (1556-1600).

Царкоўны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай і ВКЛ, першы каталіцкі кардынал (1583) з ВКЛ. У 1582 г. на ўласныя сродкі адкрыў Віленскую духоўную семінарыю. Дарадца караля, у 1596-1597 гг. вёў перамовы пра далучэнне Рэчы Паспалітай да антытурэцкай каталіцкай лігі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Брэсцкай уніі.

wikimedia.org


31 мая 1640 года нарадзіўся Міхал Вішнявецкі (1640-1673).

Кароль польскі і вялікі князь ВКЛ (1669-1673). У лістападзе 1663 году ўдзельнічаў у вайсковай кампаніі ва Украіне супраць маскоўскіх войскаў, камандаваў уласным палком пяхоты з 600 чалавек.

wikimedia.org


31 мая 1800 года памёр Міхал Казімір Агінскі (1730-1800).

Вялікі гетман літоўскі, мецэнат, кампазітар, генерал-маёр, сваяк кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага. Ініцыятар і фундатар будавання Агінскага канала, які злучаў басейны Балтыйскага і Чорнага мораў праз палескія балоты.

Заснаваў балетную школу «Дэпартамент балетных дзяцей», уладальнік уласнага тэатра, для якога сам пісаў оперы. Аўтар паланэзаў, опер і песень на ўласныя вершы, аўтар літаратурных твораў. Выдатна выконваў на розных інструментах свае скрыпічныя і іншыя музычныя творы, за што сярод сучаснікаў атрымаў мянушку «гетман-кларнэт».

У 1791 г. перадаў амаль усе свае маёнткі сваяку Міхалу Клеафасу Агінскаму.

wikimedia.org


31 мая 1863 года схоплены адзін з лідараў паўстання, вядомага як паўстанне Каліноўскага, Аляксандр Аскерка (1830-1911).

Расійскі ваенны суд прысудзіў за ўдзел у паўстанні да смяротнага пакарання, але яно было замененага на катаргу ў Сібіры. У 1868 атрымаў дазвол на вяртанне на радзіму.

Беларускі грамадскі дзеяч, афіцэр (1853-1857) грэнадзёрскага імя караля Фрыдрыха Вільгэльма палка, член Віленскай археалагічнай камісіі. У 1862 зладзіў у Варшаве выданне беларускага буквара-катэхізу для дзетак каталікоў.

wikimedia.org


31 мая 1892 года на Беларусі нарадзіўся Міхаіл Кікоін (1892-1968).

Беларускі і французскі мастак парыжскай школы. У экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музею Беларусі знаходзіцца адзін твор мастака, яшчэ 6 – у калекцыі «Белгазпрамбанк». Аб мастаку зняты фільм «Михаил Кикоин. Поэтический мир на холсте».

problr.by


31 мая 1948 года нарадзілася Святлана Алексіевіч, беларуская пісьменніца, Нобелеўскі лаўрэат у галіне літаратуры 2015 г. за «поліфанічную творчасць – помнік пакутам і мужнасці ў наш час».

Аўтарка кніг «У вайны не жаночае аблічча», «Апошнія сведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Зачараваныя смерцю», «Чарнобыльская малітва», «Час second-hand (Канец чырвонага чалавека)» (пра Вялікую Айчынную вайну, Аўганскую вайну, Чарнобыльскую катастрофу, час «перабудовы» і развал СССР; даследуюцца феномены мыслення савецкага чалавека, сацыялізму).

wikimedia.org


31 мая 1996 года ў Іркуцку (Расія) утварылася Таварыства беларускай культуры імя Івана Чэрскага.

У яго складзе 11 аддзяленняў. Да 2021 г. таварыства ачольваў ураджэнец Полаччыны Алег Рудакоў, які ў 2021 г. вярнуўся на радзіму.

haradok.info


31 мая 2020 года асвечана адноўленая Пакроўская царква Пустынскага манастыра.

Царква рэканструюецца ад 2010 году. Адноўлены будынак царквы – частка комплексу, заснаванага ў 1380 году мсціслаўскім князем Сімяонам Альгердавічам. Званіца манастыра мае вышыню 60 м (у першапачатковым варыянце – 74) са 6 званамі – вялікім і 5 малымі.

У XVI ст. Пустынскі манастыр быў адным з найбуйнейшых на беларускіх землях. У 1601-1839 гадах ім валодалі уніаты.

У 1925 г. савецкая ўлада зачыніла манастыр. У Пустынках працавалі школа-інтэрнат, школа. Манастыр стаў інтэнсіўна разбурацца з 1970 гадоў.

planetabelarus.by

 

Апошнія навіны

Прэпарат для зніжэння вагі стаў прарывам у медыцыне – ён зніжае рызыку інсультаў на 20%

Семаглутыд – прэпарат для зніжэння вагі і барацьбы з дыябетам – дэманструе выдатныя вынікі па…

14 мая, 2024

18 000 куранятак скраў з Шклоўскай птушкафабрыкі супрацоўнік прадпрыемства

39-гадовы інжынер птушкафабрыкі ў Шклове на працягу некалькіх месяцаў выкрадаў з інкубатарнай сутачных куранятак-бройлераў і…

14 мая, 2024

Частку Бабруйскай крэпасці прадаюць за адну базавую

Двухпавярховы склад з часткай абарончага вала Бабруйскай крэпасці выстаўлены на аўкцыён. Пасля продажу двух складоў…

14 мая, 2024

Дзевяцігадовы хлопчык атрымаў апёкі 10% цела – ўспыхнула бутэлька з бензінам

Падчас спальвання смецця жыхаром вёскі Лубнішча Магілёўскага раёна пацярпеў яго сын 2015 года нараджэння. Як…

14 мая, 2024

Магілёвец атрымаў два гады калоніі за слова “лукож.пый”

Магілёўскі прадпрымальнік Павел Макаранка атрымаў два гады зняволення па артыкуле за абразу Лукашэнкі – паведамляе…

13 мая, 2024

Дзесяць магілёўскіх аўтобусаў памяняюць расклад і маршрут на Радуніцу

Дзеля падвозу людзей да могілак дзесяць аўтобусных маршрутаў Магілёва памяняюць свой расклад і схему праезду…

13 мая, 2024