Дзень у гісторыі. 8 лютага

Дзень у гісторыі. 8 лютага. Дуэль Пушкіна і Дантэса. Нарадзіліся мастак Іван Хруцкі, гісторык Л. Лыч, экзарх А. Неманцэвіч, пісьменнік І. Мележ.

1810 год. У Уле нарадзіўся Іван Хруцкі. 

Беларускі мастак. Акадэмік Акадэміі мастацтваў. Заснавальнік жанру акадэмічнага нацюрморта ў беларускім жывапісе.

Скончыў факультэт вольных мастацтваў Полацкага ліцэя (піярскае вучылішча), Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў.

Узнагароджаны шматлікімі медалямі. З 1845 года жыў і працаваў у сваім маёнтку Захарнічы каля Полацка.

Аўтар соцень прац, у тым ліку па замове свайго заступніка – мітрапаліта І. Сямашкі. Майстар партрэта, рэлігійных твораў, але аддаваў перавагу нацюрмортам. Яго стыль нацюрморта меў шмат прыхільнікаў і паслядоўнікаў у Расійскай імперыі.

Памёр 13 студзеня 1885 года і пахаваны на родавх могілках ў Захарнічах. Разам з ім пахаваны жонка, сын Восіп, унучка Алена, праўнучка – украінская мастачка  Ядвіга Мацяеўская.

У яго гонар названы мясцовае возера, вуліцы ў Полацку, Мінску, Уле, дзіцячая мастацкая школа ў Наваполацку. У в. Палата працуе музей “Жыццё і творчасць дынастыі Хруцкіх”, у Наваполацку ўстаноўлены помнік.  Яго імя ўнесена ў Пералік памятных дат ЮНЕСКА 2010 года.

Фрагмент карціны Хруцкага “Партрэт жонкі з кветкамі і садавінай”, 1838 выкарыстаны ў якасці выяўленчага элемента абаротнага бока купюры ў 1000 беларускіх рублёў 2000 года выпуска.

1837 год. Адбыўся двубой паміж А. Пушкіным і Ж. Дантэсам. 

Двубой на пісталетах паміж вялікім рускім паэтам, камер-юнкерам Аляксандрам Пушкіным і паручнікам баронам Жоржам дэ Гекернам (Дантэсам) – адбыўся на ўскраіне Пецярбурга, у раёне Чорнай рэчкі. Справакаваны ананімнымі лістамі з намёкамі на нявернасць жонкі Пушкіна.

Пушкін быў смяротна паранены ў жывот. З месца дуэлі яго прывезлі дадому, на набярэжную Мыйкі, дзе ў пакутах ён пражыў два дні. І, нягледзячы на намаганні ўрачоў, сканаў 10 лютага 1837 года ад перытаніту.

1886 год. Нарадзіўся Васіль Дружчыц. 

Беларускі гісторык. Правадзейны член Інбелкульта.

Скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, Літоўскую духоўную семінарыю, Юр’еўскі (Тартускі) універсітэт. 

Выкладаў гісторыю ў Літве, Рэчыцы, Бабруйску, удзельнічаў у рабоце Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Бабруйску. Працаваў прафесарам кафедры гісторыі Беларусі БДУ, кафедры гісторыі народаў СССР маскоўскага Літаратурнага інстытута, старшынёй камісіі Інбелкульта па гісторыі гарадоў, супрацоўнікам Інстытута гісторыі акадэміі навук. Даследаваў беларускае сярэднявечча, магдэбургскае права на Беларусі, гісторыю кнігадрукавання.

Арыштаваны, 19 снежня 1937 года асуджаны на расстрэл і расстраляны ў ноч на 20 снежня разам з Я. Афанасьевым, І. Валадзько, І. Суртам і іншымі  – усяго больш за 200 чалавек)

1889 год. Нарадзіўся Фёдар Турук. 

Беларускі гісторык і грамадскі дзеяч. Адзін з заснавальнікаў БДУ.

Скончыў Петраградскія гісторыка-філалагічны і археалагічны інстытуты.

Выкладаў у гімназіях Масквы, Мінска, загадваў аддзелам Белнацкама, беларускім пададдзелам у Наркамаце асветы РСФСР, удзельнічаў ў арганізацыі БДУ, Беларускага навуковага таварыства ў Маскве. Працаваў прафесарам БДУ, Камуністычнага ўніверсітэта нацыянальных меншасцяў Захаду ў Маскве, у 1923-1955 гадах – прафесар розных ВНУ Масквы.

Садзейнічаў выхаду ў свет першага зборніка Янкі Купалы на рускай мове (1919).

Аўтар прац па гісторыі Беларусі. У кнізе «Беларускі рух» (1921) гісторыю Беларусі разглядаў з аб’ектывісцкіх пазіцый. Аўтар прадмовы і складальнік «Курса беларусазнаўства» (1918-1920).

Памёр 20 жніўня 1960 года.

1893 год. Нарадзіўся Антон Неманцэвіч. 

Каталіцкі святар, беларускі рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, выдавец, педагог, публіцыст. Адзін з ініцыятараў беларускага ўніяцкага руху ў Заходняй Беларусі. Беларускі экзарх.

Душпастырскую дзейнасць з 1915 года веў у Колпіне каля Петраграда, Маскве. 

Неаднароза пераследаваўся бальшавікамі за рэлігійную дзейнасць: арыштоўваўся ў 1919, 1921 гадах. 

Пасля дэпартацыі ў Польшчу абараніў доктарскую дысертацыю, служыў святаром, выкладаў у якасці прафесара ў розных каталіцкіх установах, займаўся аднаўленнем помніка абарончай архітэктуры – царквы ў Сынкавічах. 

Выдаваў, рэдагаваў беларускія ўніяцкія часопісы «Да злучэння», «Злучэнне». З верасня 1939 года з’яўляўся Беларускім экзархам Грэка-Каталіцкай Царквы. Увёў беларускую мову ў царкоўнае справаводства і рэлігійнае жыццё.

4 ліпеня 1942 года арыштаваны гестапа ў сваёй рэзідэнцыі ў Альбярціне і дастаўлены ў вязніцу ў Мінск, дзе і памёр 6 студзеня 1943 года.

Беларуская Грэка-каталіцкая царква намагаецца распачаць працэс беатыфікацыі ў Каталіцкай Царкве айца Антона Неманцэвіча як пакутніка.

1909 год. Загінуў Мечыслаў Карловіч. 

Беларускі і польскі кампазітар і дырыжор, вядомы сімфанічнымі кампазіцыямі, альпініст, аматар Татраў, фатограф, публіцыст і журналіст.

Нарадзіўся ў Вішневе (зараз Смаргонскі раён). Жыў, вучыўся і займаўся творчасцю ў Гайдэльбергу, Празе, Дрэздэне, Варшаве, Берліне, Закапанэ.

Аўтар 22 песень і розных аркестравых п’ес, у тым ліку 6 сімфанічных паэм, сімфоній, канцэртаў. Прадстаўнік пост-рамантычнага кірунку.

Яго імя носяць Шчэцінская філармонія, Дзяржаўны комплекс музычнай школы ў Кракаве, Шчэп Гарцэрскі ZHP «Orogen» у Кракаве – Новая Гута і Дзяржаўная музычная школа 1-й і 2-й ступені ў Катавіцах, вуліцы ў Быдгашчы, Гданьску, Шчэціне, Любліне і Закапанэ.

У памяць аб ім ўстаноўлены помнік ў Быдгашчы, каля Паморскай філармоніі.

Загінуў у Татрах пад снежнай лавінай падчас адзіночнай паездкі на горных лыжах, каля падножжа Малы Касцелец. Зараз там стаіць мемарыяльная дошка.

1920 год. Памёр ураджэнец в. Казелле (зараз Краснапольскі раён) Міхаіл Курака. 

Металург, заснавальнік школы доменшчыкаў.

Працаваў на металургічных заводах Бранска, Данбаса, Сібіры. Удасканаліў канструкцыю доменных печаў і тэхналогіі працэсаў. На Юзаўскім заводзе (Данецк) стварыў школу доменшчыкаў – «куракінскую акадэмію», з якой выйшлі буйныя інжынеры, прафесары і акадэмікі.

У 1917 годзе пераехаў ў Сібір, на будаўніцтва металургічнага завода ў Кузбасе – пабудаваў першы ў Расіі доменны цэх з поўнай механізацыяй. У Томску напісаў кнігу па канструяванню доменных печаў.

Яго імем названы праспект у Навакузнецку, вуліцы у Данецку, Енакіева, Краматорску, Магнітагорску, Марыупале, Магілёве, Ліпецку, Гурьеўскі металургічны завод Кемераўскай вобласці. Устаноўлены помнікі ў Енакіева, Краснаполлі, мемарыяльныя дошкі ў Навакузнецку, Магілёве, Краматорску, Данецку.

1921 год. Нарадзіўся Іван Мележ. 

Народны пісьменнік Беларусі, Лаўрэат Ленінскай прэміі за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», Дзяржаўнай і Літаратурнай прэмій імя Якуба Коласа. Старшыня Беларускага камітэта абароны Міру.

Аўтар вершаў, 9 зборнікі апавяданняў, шэрагу раманаў пра жыццё Палесся, п’ес. Выйшлі Зборы твораў у 6-ці і ў 10 тамах.

Беларускім тэлебачаннем пастаўлены спектакль «Людзі на балоце», тэлепастаноўкі «Сустрэчы і развітанні» (тэлефільм «Завеі, снежань») і «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»), купалаўскім тэатрам пастаўлены спектаклі «Людзі на балоце», Гомельскім тэатрам – «Подых навальніцы», «Страсці эпохі». Рэжысёрам В. Туравым зняты кінафільмы па яго творах «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы».

Яго імем названы Мазырскі драматычны тэатр, цеплаход, вуліцы ў Мінску, Гомелі, Хойніках, Лельчыцах. У Хойніцкім раёне працуе літаратурны музей і ўсталяваны бюст І. Мележа.

Памёр 9 жніўня 1976 года.

1929 год. Нарадзіўся Леанід Лыч. 

Беларускі гісторык, публіцыст. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Працаваў у Інстытуце гісторыі акадэміі навук, старшынёй Тапанімічнай камісіі пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета Беларусі.

Даследваў пытанні сацыяльна-класавых адносін у савецкі час, гісторыю беларускай культуры, моўную палітыку ў Беларусі ў XIX—XX стагоддзях, міжнацыянальныя адносіны.

Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», нязменны сябра Рады  аб’яднання.

Суаўтар шэрагу кніг па гісторыі Мінска, Беларусі, культуры Беларусі, аўтар кніг «Беларуская нацыянальная ідэя: тэарэтычны і практычны аспекты», «Нацыянальна культурнае жыццё Беларусі на тэрыторыі функцыянавання нямецкага акупацыйнага рэжыму (чэрвень 1941 ― ліпень 1944 г.)»,  «Краязнаўства ў кантэксце сучаснага нацыянальна-культурнага жыцця Беларусі» «Беларусы на мяжы нацыянальнай катастрофы», манаграфій, сярод якіх «Беларуская нацыя і мова», «Назвы зямлі беларускай».

Памёр 17 студзеня 2021 года.

1938 год. Расстраляны НКУС Мікалай Гуткоўскі. 

Беларуск  юрыст, публіцыст. Брат графіка Паўла Гуткоўскага.

Скончыў юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта.

Удзельнічаў у стварэнні беларускіх арганізацый у Адэсе.

З 1921 года працаваў у Наркамаце асветы БССР, у Інбелкульце, у БДУ, у Пастаянным прадстаўніцтве БССР пры ўрадзе СССР, у СНК БССР. У 1934-1937 гадах працаваў загадчыкам Фундамэнтальнай бібліятэкі БДУ, бібліятэкі Маскоўскага інжынерна-эканамічнага інстытута.

Даследаваў крыніцы заканадаўства БССР, функцыянаванне цэнтральных органаў улады. Удзельнічаў у распрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі. Аўтар успамінаў і артыкулаў па гісторыі беларускай культуры.

Арыштоўваўся ДПУ у 1930, 1937 гадах. Расстраляны ў Маскве на палігоне «Камунарка».

1947 год. Нарадзіўся Міхась Кенька. 

Беларускі літаратуразнавец, перакладчык. Кандыдат філалагічных навук.

Закончыў Магілёўскі педагагічны інстытут. Працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы акадэміі навук, у выдавецтве «Юнацтва», дацэнт кафедры беларускай літаратуры БДУ.

Даследуе сучасную беларускую прозу і паэзію, тэорыю і практыку мастацкіх перакладаў, творчасць беларускіх пісьменнікаў. Аўтар кніг «Майстэрства Аркадзя Куляшова – перакладчыка», «Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці». 

Пераклаў з польскай мовы раман «Крыжакі» Г. Сянкевіча, апавяданні С. Гродзенскай, аповесці Ю. Крашэўскага, з чэшскай – «Клапзубава каманда» Э. Баса, апавяданні І. Кліма і іншых.