У Свеце

Дзень у гісторыі. 16 кастрычніка. Пачатак уніяцкай царквы. Пакаранне Нюрнбергскім трыбуналам вярхушкі гітлераўскага рэжыма. Дзень нараджэння барда Сокалава-Воюша. Першы паказ “Рабыні Ізауры” ў СССР

Сусветны дзень харчавання (з 1999). Устаноўлены ў гонар даты ўтварэння Арганізацыі харчавання і сельскай гаспадаркі ААН 16 кастрычніка 1945 года, калі ўпершыню краіны свету афіцыйна абвясцілі адной з найважнейшых задач выкараненне голаду на планеце.

У цэлым 2,3 мільярды жыхароў планеты – каля траціны ўсяго насельніцтва – сутыкаюцца з недахопам прадуктаў харчавання. 

Гэта на 350 мільёнаў больш, чым да пандэміі. Каля 924 мільёнаў жывуць ва ўмовах вострага дэфіцыту харчавання – на 207 больш, чым у 2020 годзе. 

Ужо зараз становіцца зразумела, што перамагчы праблему голаду да 2030 года ўжо немагчыма.

Сітуацыя з харчовым забеспячэннем у свеце значна пагоршылася ў сувязі з нападам Расіі на Украіну, з вайной паміж гэтымі найбуйнейшымі сусветнымі пастаўшчыкамі збожжа, алейных культур і ўгнаенняў.

Сусветны дзень анэстэзіі. 

Анэстэзія – страта адчувальнасці нерваў. Штучная анэстэзія прымяняецца для абязбольвання пры хірургічных аперацыях.

16 кастрычніка 1846 года зубны лекар Томас Мортан правёў першую ў гісторыі аперацыю пад эфірным наркозам. Гісторыя новай вобласці медыцыны анэстэзіялогіі звязана са з’яўленнем наркозу ў 1846 годзе.

1596 год. У Берасці ў кафедральнай Свята-Мікалаеўскай царкве пачаўся царкоўны Сабор. 

Працаваў 16-20 кастрычніка. 

У Брэст на запрашэнне мітрапаліта Кіеўскага Міхаіла Рагозы з’ехаліся ўсе епіскапы, кіраўнікі найбольш значных манастыроў, прадстаўнікі духавенства і манаства, а таксама прыхільнікі і праціўнікі уніі з ліку свецкіх асоб.

У выніку працы Сабора Кіеўская мітраполія 18 кастрычніка афіцыйна абвясціла аб’яднанне Праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай з Каталіцкай царквой пад уладай Папы Рымскага. 

Унія зацверджана каралём Рэчы Паспалітай Жыгімонтам III Вазам.

У 1839 годзе ўніяцтва на беларускіх землях было забаронена. Да 1874 – 1875 гадоў уніяцкія парафіі (некалькі дзясяткаў тысячаў вернікаў) яшчэ існавалі на невялікай тэрыторыі – у Сапоцкінскім краі і на Падляшшы.

1894 год. У в. Міхалёва Бабруйскага раёна нарадзіўся Феафан Шырокі.

Генерал-маёр авіяцыі. Удзельнік  Першай сусветнай, Грамадзянскай, Вялікай Айчыннай войн.

Калі быў камандзірам 20 авіябрыгады у Прымор’і, у 1938 годзе быў арыштаваны ДПУ і знаходзіўся каля года пад следствам.

У вайну камандаваў дывізіяй дальняй бамбардзіровачнай авіяцыі. Удзельнік баёў за Маскву, Ленінград, Сталінград, Курск, па вызваленні Украіны, Беларусі, Венгрыі, Польшчы, Усходняй Прусіі.

Памёр у 1979 годзе ў Кіеве.

1925 год. У Берліне завяршылася Другая Ўсебеларуская канфэрэнцыя – нарада беларускіх палітычных дзеячоў у эміграцыі. 

Працавала 12-16 кастрычніка 1925 года. 

Склікана А. Цвікевічам у выніку расколу ў беларускім эмігранцкім асяроддзі, пераменаў  у БССР і Заходняй Беларусі пасля Першай Усебеларускай канфэрэнцыі ў Празе (1921).

Канферэнцыя прызнала Менск “адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі», БССР, савецкую уладу, абвясціла «ўсялякія спробы актыўнай барацьбы» супраць Менску “здрадай справе вызваленчага беларускага руху”, ліквідавала ў Берліне палітычны эмігранцкі цэнтр БНР.

Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі, яго намеснік В. Захарка, Прэзідыум Рады БНР не прызналі рашэнняў канфэрэнцыі.

1935 год. Нарадзіўся Барыс Забораў

Беларускі і францускі жывапісец і графік. 

З 1979 года жыў у Францыі.

Працаваў у галіне кніжнай графікі і ў розных жанрах станковага жывапісу.

Займаўся мастацкім афармленнем кніг балгарскіх паэтаў,  Я. Райніса, У. Шэкспіра, Я. Купалы, Р. Барадуліна, Я. Корчака, Ф. Дастаеўскага, А. Пушкіна, О. Уайльда.

У Нацыянальным мастацкім музэі  Беларусі захоўваецца каля 50 яго графічных прац. 

Яго палотно «Аўтапартрэт з мадэллю” захоўваецца ў галерэі Уфіцы ў Фларэнцыі.

Памёр у 2021 годзе.

1946 год. Па прыгаворы Нюрнбергскага трыбунала пакараныя дзесяць нацысцкіх верхаводаў. 

Былі павешаны: Іаахім фон Рыбентроп, Вільгельм Кейтэль, Эрнст Кальтэнбрунэр, Альфрэд Розенберг, Ганс Франк, Вільгельм Фрык, Юліус Штрэйхер, Фрыц Заукель, Альфрэд Ёдль, Артур Зэйс-Інкварт. 

Сярод павешаных абавязкова апынуліся б таксама Адольф Гітлер і Герман Герынг. Але Герынг за дзень да прывядзення прысуду ў выкананне пакончыў з сабой, а Гітлер зрабіў гэта яшчэ раней. 

Марцін Борман – быў прысуджаны да смяротнага пакарання завочна, бо здолеў уцячы. Найверагодней, мяркуюць сучасныя даследчыкі, ён загінуў у баях у 1945 годзе пры спробе ўцёкаў з Германіі інкогніта.

Нюрнбергскі суд – напамін сучасным дыктатарам і распальшчыкам вайны, што іх злачынствы не застануцца беспакаранымі.

13 кастрычніка 2022 года ПАСЕ прызнала сучасны расійскі рэжым тэрарыстычным. “За” прагаласавалі 99 дэлегатаў, адзін устрымаўся. Прыняцце рэзалюцыі ПАСЕ прадугледжвае стварэнне трыбунала. У рэзалюцыі таксама адзначаецца, што знаходжанне Расіі ў Савеце Бяспекі ААН – нелегальнае.

1948 год. Нарадзіўся Яўген Сямашка. Беларускі журналіст, гісторык.

Працаваў журналістам ў Ашмянах, Гродне, Мінску. Галоўны рэдактар газеты «Белорусская нива».

Даследуе дзейнасць польскага антысавецкага падполля на Беларусі ў 1940-я гады. Аўтар кнігі “Армія Краёва на Беларусі” (1994).

1957 год. Нарадзіўся Сяржук Сокалаў-Воюш

Беларускі бард, журналіст, пісьменнік.

Працаваў ў школе, навуковым супрацоўнікам філіяла музея Якуба Коласа ў Мікалаеўшчыне, загадчыкам літаратурнай часткі лялечнай трупы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа, на радыё “Свабода”.

З 1991 года на эміграцыі.

Аўтар зборніка «Кроў на сумётах», кнігі «Крывавы памол», паэмы «Мяккі знак», пастаноўшчык  п’есы-казкі «Свецяць, свецяць зорачкі».

Перакладчык на беларускую мову твораў рускіх, польскіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў.

У ЗША і Канадзе выйші  альбомы з яго песнямі.

1978 год. Караль Вайтыла (1920-2005) абраны 264-м папам рымскім і ўзяў сабе імя Ян Павел ІІ. 

Кананізаваны (у 2014). 

Першы Папа неітальянскага паходжання за апошнія 455 гадоў, першы са славян. 

Антыкамуніст, антысталініст, міратворац. 

Першы Папа, які кантактаваў з іерархамі іншых канфесій і веравызнанняў. 

Прем’ер-міністр Ізраіля А. Шарон назваў Яна Паўла ІІ “чалавекам міру, сябрам габрэйскага народа”. 

Першы пантыфік, які пачаў звяртацца да беларускіх вернікаў па-беларуску ў сваіх святочных віншаваннях, падчас сустрэч з дэлегацыямі беларусаў.

1983 год. Створана група “Мумі Троль”. 

Стваральнік – Ілля Лаценка, унук архітэктара, аўтара “лагуценкавак” або “хрушчовак”, ураджэнца Магілёва  Віталя Лагуценкі. 

Сам лідар групы мае запісы песень на беларускай мове, у тым ліку песні «Кантрабанды» у перакладзе А. Хадановіча для праекта «Перазагрузка-2».

1988 год. Пачаўся паказ бразільскага серыяла “Рабыня Ізаура” на Цэнтральным тэлебачанні СССР. 

Пачатак эры мыльных опер у СССР. 

Сам раман Бернарда Гімарайнша “Рабыня Ізаура” (1875) налічвае каля 50 старонак. 

Для пракату серыяла ў СССР тэленавела была перамантавана ў больш звыклы для савецкага тэлегледача фармат: 15 серый па 60-70 хвілін. 

Першыя 5 серый тэлесерыяла былі прадэманстраваны 16-20 кастрычніка 1988 года, наступныя – з 26 лютага па 7 сакавіка 1989 года. У верасні 1990 года тэлесерыял быў прадэманстраваны паўторна.

Пасля паказу фільма ва ўжыванне трывала ўвайшло слова “фазенда”, у асноўным для іранічнага абазначэння ўчасткаў на лецішчах, з’явіліся шматлікія кошкі, кабылы, каровы Ізаўры.

Апошнія навіны

Дзесяць магілёўскіх аўтобусаў памяняюць расклад і маршрут на Радуніцу

Дзеля падвозу людзей да могілак дзесяць аўтобусных маршрутаў Магілёва памяняюць свой расклад і схему праезду…

13 мая, 2024

Пад Бабруйскам шукаюць метэарыт

Калі бабруйскі метэарыт будзе знойдзены, ён стане шостым на тэрыторыі Беларусі. Падзенне нябеснага цела было…

13 мая, 2024

На Магілёўшчыну прывезлі дзяцей з “ДНР”, іх суправаджае чыноўніца пад санкцыямі

Пра незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей на санаторнае лячэнне ў наш рэгіён паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”. Ахвяры…

12 мая, 2024

Чатыры чалавекі загінулі на пажары ў Мсціславе

Дзве сям'і сталі ахвярамі пажару ў прыватным доме па вуліцы Энгельса ў Мсціславе. Мужчына 1957…

12 мая, 2024

Дзеля любімага занятку бабруйскі наркаман кінуў працу, але бізнэс працягваўся толькі дзесяць дзён

Бабруйскі наркакантроль затрымаў мясцовага 31-гадовага жыхара, які працаваў закладчыкам. За дзесяць дзён да гэтага мужчына…

11 мая, 2024

Як выраслі кошты з пачатку года ў Беларусі – у лідарах гародніна

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў справаздачу па росце коштаў на спажывецкім рынку ў краіне за…

11 мая, 2024