Не толькі кулакі, але і сераднякі ва Усходняй Беларусі (уключанай у склад РСФСР) добра зведалі палітыку “ваеннага камунізму” і асабліва “харчразвёрстку”, калі ў сялянаў адбіралі ўвесь хлеб, бульбу і іншыя прадукты. Гэта апустошвала вёску, выклікала голад. Эканамічны авантурызм бальшавікоў, гвалтоўнае стварэнне камун і саўгасаў, рабаўніцтва – гэтыя і іншыя прычыны прымушалі глядзець сялян у бок лесу, уздымаць хвалю паўстанняў. Іх саюзнікамі ў барацьбе з савецкай уладай былі 4 тысячы дэзэрціраў, якія былі ў аддзелах зялёных ва ўсходняй частцы Беларусі і не жадалі ваяваць за бальшавіцкі ўрад.
Адкуль звесткі пра паўстанне і яго прычыны
У савецкай гістарыяграфіі антыбальшавіцкі рух меў назву “бандытызм”, “банды”, “нацыяналісты” і г.д. Аднак гэта звычайная вёска, з дапамогай партызан (так званых “зялёных”) імкнулася адстойваць свае інтарэсы. У 1918-1919 гг. адбыўся цэлы шэраг антысавецкіх выступленняў на тэрыторыі Усходняй Беларусі. Сярод антысавецкіх паўстанняў на золку з’яўлення дзяржавы сялянаў і пралетарыяў належнае месца некалі зойме Прапойскае паўстанне, якое ахапіла тры чвэрці цяперашняга Слаўгарадскага раёна Магілеўскай вобласці. Звесткі пра Прапойскае паўстанне ўтрымліваюцца ў матэрыялах Прапойскага РК КПБ(б) за 1930 год, якія знаходзяцца ў дзяржаўным архіве Магілёўскай вобласці. Гэта старонка машынадрукаванага тэксту, якая з’яўляецца данясеннем мясцовага райаддзелу міліцыі ў райкам ад мая 1930 года аб “Палітстановішчы раёну”. Звязваючы тагачасны стан сялян (на 1930 год) з калектывізацыяй, у данясенні шмат кажыцца аб падзеях 1919-1920 гг. Прычым сама міліцыя ўжывае тэрмін “паўстанне”. У гэтым данясенні адзначаецца вёска Жалезінка Іванішчавіцкага сельсавету, у якой знаходзіўся штаб паўстання, што можа сведчыць аб добрай арганізацыі. Як было адзначана ў дакуменце яна была ўтворана за царскім часам. На думку органаў на 1930 год палову жыхароў вёскі складалі “кулакі” і моцныя сярэднякі, а другую палову – сярэднякі і беднякі.
Што цікава, то гэту вёску ў Прапойскім (сёння Слаўгарадскім) раёне заснавалі перасяленцы з Заходняй Беларусі і самі выкарчвалі лес, асушылі балоты і распрацавалі глебу. Пагэтаму невыпадкова, што менавіта ў Жалезінцы знаходзіўся штаб паўстання, бо жыхары катэгарычна не прымалі бальшавіцкіх рабункаў. Вось прозвішчы заснавальнікаў вёскі: Гоевы, Грамыкі, Грахоўскія, Іваноўскія, Пухоўскія. У большасці яны былі раскулачаны і высланы за межы Беларусі. На вялікі жаль гэта вёска сёння практычна знікла, бо ў ёй стала цяпер ніхто не жыве, хоць захавалася частка вёскі з хатамі і мясцовыя могілкі.
Паводле архіўнага дакумента паўстанне ахапіла тэрыторыю Прапойскага местачковага, Ржаўскага, Кульшыцкага, Іванішчавіцкага, Чэрнякоўскага, Васькавіцкага, Гайшынскага, Гіжэнскага сельсаветаў. Насельніцтва гэтых сельсаветаў падчас паўстання 1919-1920 гг. згодна з данясеннем “убівалі чырвонаармейцаў, адбіралі абмундзіраванне і снараджэнне”, але пры гэтым не наносілі ніякай шкоды мірнаму насельніцтву. Найбольш актыўнымі былі жыхары Кульшыцкага і Іванішчавіцкага сельсаветаў. Выступленні працягваліся да 1921 года, а ў Чэрняхоўскім, Іванішчавіцкім і Гайшынскім сельсаветах ажно да 1929 год.
Асноўнай прычынай паўстання быў пратэст супраць палітыкі “ваеннага камунізму” і гвалтоўных рэквізіцый харчавання, а таксама нацыянальны ўціск. У пачатку 1919 года рашэннем маскоўскіх бальшавіцкіх уладаў Віцебская, Смаленская, Магілёўская губерні былі вылучаныя з БССР і далучаныя да РСФСР. На гэтай тэрыторыі з боку мясцовага партыйнага і савецкага кіраўніцтва панавалі антыбеларускія настроі, непрыняцце беларушчыны.
Ці мог быць Аляксандр Вазіла ў авангардзе паўстанцаў?
На вялікі жаль пра Прапойскае паўстанне мала звестак і дагэтуль невядома хто кіраваў сялянскім выступленнем на тэрыторыі цэлага раёна. Паводле адной з версій краўніком паўстання мог быць, ураджэнец Прапойска, удзельнік рэвалюцыйнага руху, публіцыст і паэт Аляксандар Вазіла, але гэта вельмі спрэчна, тым больш што ніякіх прамых сведчанняў няма. Адметна, што Вазіла ўдзельнічаў на Першым Усебеларускім з’ездзе ў 1917 годзе, але выступіў супраць намеру абвясціць беларускую дзяржаўнасць. Ён адносіўся да так званых “абласнікоў”, якія анічога не мелі супраць нацыянальнага самавызначэння беларусаў, але толькі ў складзе Расійскай Фэдэрацыі. Менавіта Вазіла на Усебеларускім з’ездзе выступіў з палкай прамовай, у якой абгрунтоўваў сваю грамадска-палітычную пазіцыю наконт будучыні Беларусі. Вось яе фрагмент:
“Наш беларускі лёс занадта шчыльна пераплецены з лёсам усяе Расіі. Цэлыя стагоддзі мы жылі разам з усім рускім народам. Нашыя багацці, нашая праца і сіла блізка, вельмі блізка, спаяныя з усім рускім. І цяпер, калі непазбежная неабходнасць ставіць Беларусь у стан самавызначыцца, мы павінны ведаць – як і на якіх пачатках…
Выкарыстаўшы сапраўдную магчымасць, якая здараецца рэдка, Беларускі край мусіць самавызначыцца на пачатках шырокай аўтаноміі ў палітыка-адміністратыўных, эканамічных і культурна-нацыянальных адносінах – г.зн. стаць цэльнай вобласцю – з поўнымі правамі ў кіраванні сабою, у гаспадарчым жыцці і ў будаўніцтве сваёй беларускай культуры. І, будучы шырока аўтаномным народам, Беларусь павінна ўвайсці ў Вялікі Рускі Саюз, такімі чынам утварыўшы Фэдэратыўную Расійскую Рэспубліку…”.
З прадмовы бачна, што Аляксандр Вазіла не верыў да канца ў самастойнае існаванне беларускага народа, бо знаходзіўся пад уплывам “заходнерускай” ідэалогіі і Беларусь уяўляў як частку Расіі, але з пашыранай аўтаноміяй. Пры гэтым ён не адмаўляў праву беларусаў на самавызначэнне, бо сам быў часткай народа. Вазіла па-свойму таленавіты, бо паходзіў з простага народу, але змог атрымаць адукацыю і браў удзел у агульнарасійскім рэвалюцыйным руху, за што быў на некаторы час нават сасланы ў Сібір, маючы пры гэтым усяго крыху больш за 20 год.
Ён таксама далучыўся да літаратурнай працы і нават выдаў у 1914 годзе ў зборнік паэзіі «Хвалі» («Волны»), які быў канфіскаваны цэнзурай (у кнізе была і аўтабіяграфічная частка пра жыццё ссыльных у Сібіры), а супраць супраць аўтара распачата судовая справа. Аляксандр Вазіла вядомы таксама і як публіцыст, што публікаваў свае матэрыялы ў перыядычных выданнях “Белорусская криница” і “Белорусский вестник”. Публіцыстычныя матэрыялы, як і паэзію пісаў выключна на рускай мове і друкаваўся пад рознымі псеўданімамі і крыптанімамі: Алек де Вазиллини; Клим Злобич; Правдолюб; Антон Хатыня; Саша Косматый; Аль-Вэ.
Нягледзячы на тое, што Аляксандр Вазіла нарадзіўся ва Усходняй Беларусі ён хутчэй за ўсё быў чалавекам рускай культуры і выхавання. Ён пабадзяўся па Расіі, сядзеў у царскіх турмах, мроіў пра сусветную рэвалюцыю, і пры гэтым забываўся на Беларусь. Але Беларусь усё роўна яго клікала і ён зрабіў свой унёсак у лес свайго роднага краю. Драма гэтага беларускага дзеяча ў тым, што з аднаго боку, Вазіла ўсведамляў сябе этнічна, а з другога быў носьбітам чужой свядомасці. Пры гэтым варта падкрэсліць, што ў яго пакрысе адбываўся прагрэс развіцця нацыянальнай свядомасці ў далейшым. Нездарма ў 1918 годзе Вазіла становіцца загадчыкам агітацыйна-выдавецкага пададдзела Беларускага нацыянальнага камітэту (Белнацкаму) і паралельна рэдактарам беларускамоўнага перыядычнага выдання «Чырвоны шлях», з якім супрацоўнічалі Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны і нават этноглаф Аляксандр Сержпутоўскі. Дарэчы, менавіта Белнацкам вёў агітацыйную, культурна-асветніцкую, выдавецкую працу, прапагандуючы ідэю стварэння беларускай савецкай дзяржавы і таксама непасрэдна ўдзельнічаў у абвяшчэнні ССРБ. З 1919 года Аляксандр Вазіла адыходзіць ад палітычнай дзейнасці, вяртаецца ў родны Прапойск (сённяшні Слаўгарад). І менавіта ў 1919 годзе выбухнула антыбальшавіцкае паўстанне на Прапойшчыне.
Ці мог чалавек з прасавецкімі поглядамі ўзначальваць сялянскае антыбальшавіцкае выступленне? Пытанне застаецца адкрытым, але хутчэй адказ будзе адмоўным чымся станоўчым. Беларускі дзеяч, які марыў пра сацыялістычную рэвалюцыі і пабудаванне новага дзяржаўнага ладу, наўрадці мог пайсці супраць сваіх жа перакананняў. Хоць момант глыбокага расчаравання ў працэсах, што пачалі адбывацца ў маладой савецкай дзяржаве адкідаць нельга.
У 1932 годзе Вазілу арыштоўваюць у Маскве, пасля прывозяць у Беларусь і абвінавачваюць у арганізацыі контррэвалюцыйнай арганізацыі ў Прапойскім раёне. Пасля яго ссылаюць у Казахстан, дзе ў 1937 годзе ён зноў быў арыштаваны, абвінавачваны ў антысавецкай дзейнасці і прывезены ва Уладзімірскі палітычны ізаятар, дзе паўторна абвінавачаны ў стварэнні падпольнай антысавецкай арганізацыі ўжо ў ізалятары. Урэшце яго растралялі 4 снежня 1937 года. Нельга выключаць што Вазілу падчас абвінаваўчага працэсу проста неапраўдана прыпісалі дзейнасць у Прапойскім выступленні, каб арыштаваць як небяспечнага элемента. Таксама можна дапускаць, што ён пад маральнымі і фізічнымі здзекамі рэпрэсіўнай савецкай машыны вымушаны быў прызнацца ў тым, чаго ніколі не рабіў. Пагэтаму вельмі сумнеўна, каб Аляксандр Вазіла сапраўды знаходзіўся ў авангардзе падзеяў 1919-1920-х гг. на Прапойшчыне, хоць да канца выключаць гэтую магчымасць нельга. Але каб з дакладнасцю адказаць на гэта пытанне трэба дадатковыя дакументы і глубокае вывучэнне жыццяпісу беларускага дзеяча з Прапойску.
Гэта быў не адзіны выпадак, а антысавецкая барацьба працягвалася да сярэдзіны 1930-х
Прапойскае антыбальшавіцкае выступленне было ва Усходняй Беларусі неадзіным. На Магілёўшчыне вядомыя таксама паўстанні 1919 года ў Чавусах, Горках і іншых месцах. Паводле інфармацыі з архіваў, антысавецкая партызанская барацьба на Магілёўшчыне працягвалася да сярэдзіны 1930-х гг. У пэрыяд 1921-1928 гг. дзейнічалі ўзброеныя атрады Пруднікава, Новікава, Казановіча, Рыжыкава-Бестужава, Ступакова, Агароднікава на тэрыторыях Гарадзішчанскага, Дасовіцкага, Махаўскага, Амхоўскага, Шчажэрскага, Таранаўскага, Мастоцкага, Машанацкага, Гаранскага, Бракаўскага, Пашкаўскага сельсаветаў Магілёўскага раёна. У савецкіх дакументах адзначана, што супраціў працягваўся да 1935 года на абшарах Гаранскага, Пашкаўскага, Мастоцкага, Таранаўскага і Махаўскага сельсаветаў.
Досыць цікавы выпадак адбыўся з сялянскім выступленнем пад Воршай. Савецкія вайсковыя ўлады ў Смаленску атрымалі загад выслаць у Воршу полк пяхоты, які дыслакаваўся ў Смаленску. Мэтай быў удзел у падаўленні сялянскага паўстання, якое выбухла ў ваколіцах Воршы. Калі жаўнеры даведаліся, што павінны вырушыць супраць паўстанцаў, то адмовіліся падпарадкоўвацца і зладзілі мітынг, на якім выказвалі антысавецкія прамовы. Прыбыўшы ў казармы палітычны камісар палка Голдман быў забіты. Аддзел ДПУ раззброіў збунтаваных жаўнераў. Аднак, улады адмовіліся ад масавых рэпрэсій супраць бунтаўнікоў і абмежаваліся ліквідацыяй палка”.
Гэты выпадак стаў настолькі гучны, што пра яго нават напісала польская прэса. У верасні 1925 года ў адной з польскіх газет з’явілася інфармацыя пра антысавецкае паўстанне ў ваколіцах Воршы і бунт бальшавіцкіх вайскоўцаў, якія былі высланыя на яго падаўленне.
Між іншым звесткі пра антыбальшавіцкія выступленні яскрава абвяргаюць тэзу савецкай гістарыяграфіі аб усеагульнай падтрымцы беларускім народам камуністычнай партыі бальшавікоў і савецкай улады наогул. Шэраг беларускіх савецкіх гісторыкаў раней сцвярджалі, што ў цэлым з палітычным супрацівам было скончана да 1922 года, а цалкам да сярэдзіны 1926 года. Аднак прыведзеныя факты паказваюць, што гэта хлусня і супраціў простых беларускіх сялянаў савецкім парадкам трываў доўга, бо настолькі непрымальнымі яны былі для тутэйшых беларусаў.
Фота з адкрытых крыніц
Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў справаздачу па росце коштаў на спажывецкім рынку ў краіне за…
На Тагільскім завулку ў Магілёве вечарам 10 траўня кіроўца аўтамабіля Nissan не змог адрэагаваць на…
Выданне The New York Times апублікавала новыя матэрыялы пра вайсковую частку пад Асіповічамі, якая можа…
Калі жанчына ачуняла, жыхар Магілёўскага раёна папрасіў у яе прабачэння і дапамог апрацаваць рану. Здарэнне…
Истерию вокруг Дня Победы в Беларуси нагнетают те из чиновников и пропагандистов, кому следует помалкивать…
Мартынюк и Страхар выступили на собрании Могилевской ассоциации промышленников и предпринимателей. Советскую традицию показывать гостям…