МАК плануе стварыць Алімпійскія кіберспартыўныя гульні

Спецыяльная камісія Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) вывучыць пытанне стварэння Алімпійскіх кіберспартыўных гульняў. Аб гэтым падчас цырымоніі адкрыцця сесіі МАК у Індыі заявіў прэзідэнт арганізацыі Томас Бах.

“Я папрасіў нашу новую кіберспартыўную камісію МАК вывучыць пытанне стварэння Алімпійскіх кіберспартыўных гульняў”, – сказаў Бах.

Кіраўнік МАК адзначыў, што больш за 500 млн чалавек цікавяцца кіберспортам. “Каля 3 млрд чалавек гуляюць у кампутарныя гульні. З іх больш за 500 млн праяўляюць цікавасць да кіберспорту”, – дадаў ён.

Фота ілюстрацыйнае.

Расійская армія перайшла ў масіраванае наступленне пад Аўдзееўкай і панесла значныя страты

Пачынаючы з 9 кастрычніка ў раёне Аўдзееўкі Данецкай вобласці расійскія войскі перайшлі ў наступ на пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў адразу з некалькіх напрамкаў. Украінскі бок заяўляе пра знішчэнне “неверагоднай колькасці варожай тэхнікі”.

За суткі украінская армія знішчыла 34 танка і 91 баявую браніраваную машыну расіян – заявілі ў Генеральным штабе ЗСУ. Акрамя гэтага заяўляецца пра знішчэнне больш за 820 чалавек жывой сілы, самалёта СУ-25, дзясяткаў артылерыйскіх сістэм і аўтамашын. Значная частка з нанесенага ўрону адбылася ў раёне Аўдзееўкі Данецкай вобласці. Аналітыкі рэсурса DeepState ахарактарызавалі 10 кастрычніка як адзін з найцяжэйшых дзён падчас расійска-украінскай вайны.

“Праціўнік пайшоў некалькімі калонамі, таксама набітымі дэсантам. – піша рэсурс – Днём гэта ўсё суправаджалася артылерыяй, авіяцыяй і ракетамі. Калоны наступалі з Краснагораўкі, Наваселаўкі Другой, Вадзянога, Пескаў і Вясёлага. Вядома, [ім] удалося захапіць пэўныя пазіцыі, але з улікам колькасці задзейнічанага асабістага складу і тэхнікі вынікі для праціўніка проста жаласныя.

[Праціўнік] спадзяваўся на бліцкрыг. Страты тэхнікі каласальныя, хутка іх падлічаць аналітыкі. Сотні пехацінцаў высадзіліся і дагэтуль блукаюць па шэрай зоне. Баі працягваюцца. Сапраўды, усё магло быць значна горш, але зладжаная праца Сіл абароны дала вынік. Вядома, не абышлося без страт.” 

Аналітыкі з Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначаюць, што расіяне спрабуюць акружыць Аўдзееўку, але наўрад ці гэта ім удасца з наяўнымі ў гэтым раёне сіламі.

“Украінскі Генштаб пацвердзіў, што да трох расійскіх батальёнаў здзейснілі атаку ў напрамку Аўдзееўкі, і ISW назірала кадры баёў у гэтым раёне, але ISW не назірала ніякіх пацверджанняў расійскіх прасоўванняў на момант напісання гэтага артыкула” – гаворыцца ў справаздачы Амерыканскага інстытута вывучэння вайны.

Фота: DeepState, скрыншот

Ізраіль рыхтуецца да наземнай аперацыі ў сектары Газа, перамоваў пра лёс закладнікаў не вядзецца – СМІ

Прэм’ер-міністр Ізраіля Беньямін Нетаньяху рыхтуецца да наземнай аперацыі і пагражаае адказам, які зменіць увесь Бліжні Ўсход – піша Middle East Online.

Спасылаючыся на ізраільскі канал “А24” выданне паведамляе, што Нетаньяху патэлефанаваў прэзідэнту ЗША Джо Байдэну і заявіў, што ў Ізраіля не будзе іншага выбару, акрамя як пачаць наземную аперацыю ў Газе.

Размова паміж Нетаньяху і Байдэнам у нядзелю стала другой пасля нечаканай атакі ХАМАС на Ізраіль. Паводле крыніц, Нетаньяху праінфармаваў Байдэна падчас тэлефоннай размовы, што нельга праяўляць слабасць на Блізкім Усходзе, і гэта прымусіць Ізраіль дзейнічаць з вялікай сілай. 

Нагадаем, у суботу ХАМАС нанёс ракетны ўдар, і яго байцы праніклі праз сушу, мора і праз памежную агароджу ў населеныя пункты, якія атачаюць Газу. Гэта стала самым жорсткім нападам на Ізраіль за апошнія дзесяцігоддзі.

На фота: атака на музычны фестываль у Ізраілі баевікамі ХАМАС

Ізраільская армія адказала інтэнсіўнай бамбардзіроўкай сектара Газа, які кантралюецца ісламскім рухам ХАМАС і знаходзіцца ў аблозе Ізраіля з 2007 года.

У выніку эскалацыі з ізраільскага боку загінула больш за 800 чалавек, у сектары Газа – 560. З абодвух бакоў – тысячы параненых.

Крыніцы адзначылі, што прэзідэнт ЗША спытаў Нетаньяху аб дадатковых сцэнарах эскалацыі пазней, і Байдэн адзначыў, што паведамленні, якія дайшлі да ЗША з Лівана, заключаліся ў тым, што дадатковы фронт не будзе адкрыты. Нетаньяху адказаў Байдэну, што яго турбуе сцэнар адкрыцця дадатковага фронту на поўначы, і што Ізраіль рыхтуецца да гэтага.

Адносна пытання закладнікаў, якія знаходзяцца ў руках ХАМАС у Газе, Нетаньяху сказаў, што Ізраіль не зацікаўлены ў правядзенні якіх-небудзь перамоваў па гэтым пытанні на дадзеным этапе: «Ніякіх перамоў няма».

Як паведамляе ізраільскі канал, амерыканская крыніца, знаёмая са зместам размовы, заявіла, што Байдэн не спрабаваў пераканаць Нетаньяху не праводзіць наземную аперацыю ў Газе: «Мы не спрабуем пераканаць ізраільцян у гэтым пытанні, таму што мы падтрымліваем права Ізраіля абараняць сябе, і гэта адпавядае нашым уражанням. Мы лічым, што пераканаць ізраільцян у гэтым прама цяпер немагчыма».

Фота: nbcnews.com

Ізраіль – баі на поўдні краіны, мінамёты Хізбалы абстралялі спрэчныя тэрыторыі на поўначы

Сёння, у нядзелю, ліванская радыкальная групоўка Хізбала выйшла на лінію аперацыі “Паводка Аль-Акса”, распачатай байцамі ХАМАС у Ізраілі пасля раптоўнай атакі з сушы, паветра і мора, якая працягваецца другі дзень запар.

Мінамётамі Хізбалы былі абстраляныя тры ізраільскія пазіцыі на фермах Шэбаа – паведамляе Bloomberg. Гэтыя тэрыторыі з’яўляюцца спрэчнымі паміж Ізраілем і Ліванам. Аналітыкі заўважаюць, што адказ ізраільскай арміі на бстрэл быў стрыманым. Ізраільскія сілы абмежаваныя, і хочуць пазбегнуць адкрыцця новага фронту супрацьстаяння, пасля самай небяспечнай атакі за апошнія 50 гадоў. Аднак, ізраільцяне адказалі артылерыйскімі ўдарамі па Ліване і атакай беспілотнікаў на пост Хізбалы недалёка ад мяжы.

Тым часам Армія абароны Ізраіля працягвае аперацыю па ліквідацыі баевікоў ХАМАС на поўдні краіны. Раніцай у нядзелю ізраільскія вайскоўцы заявілі, што іх сілы ўсё яшчэ змагаюцца з уварваннямі ваяўнічай ісламісцкай групоўкі ў васьмі месцах, і што дзве сітуацыі з закладнікамі былі «вырашаныя», але не ўдакладнілі, ці былі ўсе закладнікі выратаваны жывымі.

Па дадзеных Цахала, за ноч Ізраіль паразіў 426 цэляў у сектары Газа, зраўняўшы з зямлёй жылыя дамы гіганцкімі выбухамі. Гэта ўключала 14-павярховую вежу, у якой размяшчаліся дзясяткі кватэр, а таксама офісы ХАМАС у цэнтры горада Газа і мячэці (на фота). У выніку ракетных удараў на тэрыторыі сектара Газа загінула больш за 230 чалавек. Колькасць ахвяр сярод жыхароў Ізраіля ў выніку атакі ХАМАС налічвае каля 300 чалавек, мяркуецца што яшчэ 50 застаюцца ў закладніках. 

Перад світаннем у нядзелю баевікі выпусцілі яшчэ некалькі ракет з сектара Газа, паразіўшы бальніцу ў ізраільскім прыбярэжным горадзе Ашкелон.

У тэлезвароце ў суботу ўвечары прэм’ер-міністр Ізраіля Беньямін Нетаньяху заявіў, што вайскоўцы будуць выкарыстоўваць усю сваю сілу, каб знішчыць магчымасці ХАМАСа і “адпомсціць за гэты чорны дзень”. Але ён папярэдзіў: «Гэтая вайна зойме час. Гэта будзе складана.”

Фота: Said Khatib/AFP

Баевікі ХАМАС пачалі найбуйнейшую атаку на Ізраіль

На Ізраіль былі выпушчаныя каля 5 000 ракет і снарадаў, яны дасягалі Іерусаліма. Дзясяткі мірных ізраільцян і салдат забітыя альбо патрапілі ў палон – сцвярджае ХАМАС. 

Найбуйнейшая ў гісторыі атака баевікоў палесцінскага ісламісцкага руху ХАМАС адбылася раніцай 7 кастрычніка. Масіраваны ракетны ўдар па ўсёй тэрыторыі Ізраіля, уключаючы Тэль-Авіў і Іерусалім, працягваўся каля паўгадзіны, пачынаючы з 06.28. З самай раніцы пачалі паступаць паведамленні пра інфільтрацыю на тэрыторыю Ізраіля груп баевікоў ХАМАС, якія захапілі паліцэйскі ўчастак у горадзе Сдэрот, заблакавалі мірных жыхароў у прымежных паселішчах, забілі і ўзялі ў палон ізраільскіх салдат.    

З горада Сдэрот пачалі паступаць паведамленні і відэаролікі, на якіх бачныя целы забітых мірных жыхароў, а таксама спалены ізраільскі танк. 

«Мы абвяшчаем аб пачатку аперацыі «Паводка Аль-Акса» і паведамляем, што першы ўдар па пазіцыях і ўмацаваннях праціўніка перавысіў 5000 ракет і снарадаў» – заяўляецца на афіцыйным сайце ХАМАС.

У адказ на напады, якія, гледзячы па ўсім, засталі Армію абароны Ізраілю знянацку, Ізраіль абвясціў стан вайны. 

Паводле ацэнак ізраільскай паліцыі, на дадзены момант у краіне знаходзяцца 60 баевікоў, паведамляе Haaretz. Баявыя дзеянні працягваюцца. Дадаецца, што жыхарам прылеглай да сектара Газа тэрыторыі было загадана заставацца ў сваіх дамах. “Армія абароны Ізраіля будзе абараняць ізраільскае грамадзянскае насельніцтва, а тэрарыстычная арганізацыя ХАМАС заплаціць высокую цану за свае дзеянні” – гаворыцца ў заяве ваенных.

Міністр абароны краіны Ёаў Галант абвясціў набор у войска рэзервістаў. Ізраільскія знішчальнікі наносяць удары па цэлях у сектары Газа, вайскоўцы перакрываюць дарогі вакол анклава. Армія Ізраіля аб’явіла аб пачатку «контртэрарыстычнай» аперацыі «Жалезныя мячы» у сектары Газа.

Фота з адкрытых крыніц

Індыйскі пасадачны комплекс “Чандраян-3” так і не змог прачнуцца ад месяцовай ночы

2 верасня пасадачны апарат Vikram і месяцаход Pragyan, якія складаюць місію высадкі на паўднёвым полюсе Месяца “Чандраян-3”  былі пераведзены ў «спячы рэжым», каб абараніць іх электрычныя кампаненты падчас жорсткай двухтыднёвай ночы.

Надзеі на «паўторнае абуджэнне» індыйскага пасадачнага апарата на Месяц знікаюць пасля таго, як індыйскія навукоўцы не змаглі ўсталяваць сувязь з касмічным караблём, паколькі ён перайшоў у рэжым адключэння, каб выжыць ва ўмовах халодных месяцовых начэй.

Індыйская місія “Чандраян-3” здзейсніла гістарычную пасадку на паўднёвым полюсе Месяца ў жніўні пасля 40-дзённага падарожжа. Пасля гэтага лунаход больш за тыдзень збіраў дадзеныя з паверхні Месяца. Ён прайшоў адлегласць у 100 метраў, перадаючы выявы і дадзеныя назад на Зямлю, і пацвердзіў наяўнасць на спадарожніку нашай планеты серы, жалеза, кіслароду і іншых элементаў.

2 верасня пасадачны апарат Vikram і ровер Pragyan былі пераведзены ў «спячы рэжым», каб абараніць электрычныя кампаненты падчас жорсткіх умоў месяцовай ночы, якая доўжыцца два тыдні, і тэмпература на паверхні падае да -250 градусаў Цэльсія.

Аднак з тых часоў навукоўцы ISRO не змаглі звязацца з робатамі і заявілі, што «надзеі на іх адраджэнне слабеюць». Па словах навукоўцаў, верагоднасць таго, што прылады вытрымаюць маразы, складае каля 50%.

«Намаганні па наладжванні сувязі з пасадачным апаратам Vikram і марсаходам Pragyaan будуць працягвацца» — заявілі навукоўцы з Індыйскай арганізацыі касмічных даследаванняў (ISRO) . Яны паведамілі, што ISRO будзе працягваць намаганні па ўстанаўленні сувязі з касмічным караблём да 30 верасня, калі запланаваны наступны заход Месяца, піша Guardian.

Фота з адкрытых крыніц

У Афрыцы знайшлі самую старажытную драўляную канструкцыю, ёй 476 тысяч гадоў

У Замбіі знайшлі рэшткі 476-тысячагадовай драўлянай пабудовы. Гэта найстаражытнае падобнае збудаванне ў свеце.

Археолагі знайшлі ў Замбіі рэшткі найстаражытнейшага драўлянага збудавання. Яны ўяўляюць сабой два апрацаваных бярвяна, выкладзеных адно над дркгім пад вуглом 75 градусаў. Узрост гэтай канструкцыі вучоныя ацэньваюць прыкладна ў 476 тысяч гадоў. Пра гэта паведамляецца ў артыкуле, апублікаваным у часопісе Nature.

Пра матэрыяльную культуру старажытных людзей, якія жылі сотні тысяч гадоў таму, навукоўцы ў асноўным ведаюць па каменных прыладах. Пры гэтым верагодна, што істотную частку артэфактаў нашы продкі рабілі з арганічных матэрыялаў, такіх як дрэва, косці ці скура, але яны рэдка захоўваюцца ў выкапнёвым выглядзе. 

На сённяшні дзень, відаць, найстаражытны драўляны прадмет са слядамі апрацоўкі, паходзіць з ашэльскага помніка Гешэр-Бенот-Яакаў, які знаходзіцца ў Ізраілі і датуецца прыкладна 780 000 гадоў таму. Больш добра захаваліся кідальныя палкі і драўляныя дзіды з нямецкага паселішча Шонінген, узрост якіх складае больш за 300 тысяч гадоў.

Лоўрэнс Бархам (Lawrence Barham) з Ліверпульскага ўніверсітэта сумесна з калегамі з Бельгіі, Вялікабрытаніі, Замбіі і Партугаліі прадставіў вынікі раскопак, якія праходзілі ў 2019 годзе ў мясцовасці, якая знаходзіцца побач з вадаспадам Каламба ў Афрыцы. Дзякуючы вільготнасці ў тутэйшых глебах дастаткова добра захоўваюцца арганічныя матэрыялы.

Археолагі выявілі чатыры ўчасткі, у якіх захаваліся пяць драўляных аб’ектаў са слядамі апрацоўкі і яшчэ адзін – без іх. На двух помніках побач з гэтымі знаходкамі таксама прысутнічалі ашэльскія каменныя прылады. З дапамогай аптычнага датавання навукоўцы ўстанавілі, што ўзрост двух помнікаў складае каля 476 ± 23 тысячы гадоў. Два іншых апынуліся маладзей, каля 390 000 гадоў.

Самую значную знаходку навукоўцы зрабілі на помніку BLB5. У адкладах, якія змяшчаюць таксама прылады на сколах, кліверы і ручныя рубілы, яны знайшлі рэшткі драўлянай канструкцыі. Яны ўяўляюць сабой два бервяна, выкладзеных адно на другое пад вуглом 75 градусаў. 

Даўжыня верхняга бервяна складае 141,3 сантыметра, а таўшчыня – не больш за 25,6 сантыметры. Прыкладна пасярэдзіне ў ім выразана U-абразная адтуліна, якая, відаць, выкарыстоўвалася для стыкоўкі з буйнейшым ніжэйлеглым бервяном. Навукоўцы выказалі здагадку, што гэтая канструкцыя можа ўяўляць сабой рэшткі платформы, насцілу ці жылля. Па іх дадзеных, гэта найстаражытная вядомая пабудова з дрэва.

Як і на бярвенні з BLB5, на чатырох драўляных артэфактах з іншых помнікаў прысутнічаюць сляды апрацоўкі. Адзін з іх – гэта прадмет даўжынёй 36,2 сантыметра, выраблены з кігеліі афрыканскай (Kigelia africana), які, на думку археолагаў, можа ўяўляць сабой клін. Яшчэ адзін цікавы артэфакт, зроблены таксама з кігеліі афрыканскай, эта прадмет даўжынёй 62,4 сантыметра, які мог выкарыстоўвацца ў якасці палкі-капалкі (на трохмернай рэканструкцыі вышэй).

Фота: Nature

Двух чалавек шпіталізавалі з батулізмам пасля ўжывання вось гэтага беларускага прадукта

У Маскве 21 верасня двое мужчын былі экстрана шпіталізаваны ў цяжкім стане з прыкметамі батулізму, паведамляюць “Известия”. Захварэлыя ніяк не звязаныя адзін з адным, акрамя таго, што абодва елі набыты ў супермаркетах селядзец галандскай засолкі брэнда “Матыяс” ад беларускага вытворцы “Санта Брэмар”. Медыкі змаглі своечасова выратаваць мужчын і прывесці іх у стабільны стан.

Фота з адкрытых крыніц

Заўтра – дзень без аўтамабіля

22 верасня ва ўсім свеце праводзіцца штогадовая акцыя – Сусветны дзень без аўтамабіля. Гэта міжнародная падзея, якая заклікае адмовіцца ад выкарыстання аўтамабіля хаця б на адзін дзень. ДАІ Магілёўскага РАУС адзначае, што мэта акцыі – скараціць колькасць аўтамашын на вуліцах і дарогах і падтрымаць іншыя віды ўстойлівага транспарту, уключаючы грамадскі і веласіпедны транспарт.

Лепшы спосаб адзначыць Сусветны дзень без аўтамабіля – проста не карыстацца сваім аўтатранспартам, заўважаюць спецыялісты. Калі вам трэба кудысьці пайсці, прагуляйцеся ці пракаціцеся на ровары. Калі ў вас ёсць электрасамакат, выкарыстоўвайце яго. Або ж проста скарыстайцеся грамадскім транспартам.

Для матывацыі аўтамабілістаў перасесці на грамадскі транспарт, у Мінску аб’явілі бясплатны праезд для аўтааматараў 22 верасня ў аўтобусах, тралейбусах, трамваях і метро пры прад’яўленні пасведчання кіроўцы. Пра падобную ініцыятыву ў гарадах Магілёўшчыны не паведамлялася.

Фота: mogilev.media

Магчыма, знойдзены прыкметы жыцця на планеце за 120 святлавых гадоў ад Зямлі

Навукоўцы NASA, якія працуюць на касмічным тэлескопе імя Джэймса Уэба, асцярожна заяўляюць, што, магчыма, знайшлі прыкмету жыцця на адной з экзапланет. Яны лічаць, што тэлескоп выявіў малекулу дыметылсульфід (DMS) у атмасферы планеты K2-18 b за 120 святлавых гадоў ад нас. На Зямлі такая малекула вырабляецца толькі жывымі арганізмамі піша ВВС.

Даследчыкі падкрэсліваюць, што выяўленне на планеце ў 120 светлавых гадах ад нас гэтай малекулы – “ненадзейнае”, і для пацверджання яе прысутнасці неабходна больш дадзеных. Навукоўцы таксама адзначылі, што выявілі метан і CO2 у атмасферы планеты. Выяўленне гэтых газаў можа азначаць, што планета пад назвай K2-18b мае водны акіян.

Прафесар Ніку Мадхусудхан з Кембрыджскага ўніверсітэта, які кіраваў даследаваннем, сказаў BBC News, што ўся яго каманда была «ў шоку», калі ўбачыла вынікі. “На Зямлі DMS выпрацоўваецца толькі жыццём. Асноўная частка яго ў атмасферы Зямлі выкідваецца з фітапланктону ў марскім асяроддзі” – сказаў ён.

Гэта першы раз, калі астраномы выявілі магчымасць DMS на планеце, якая круціцца вакол далёкай зоркі. Але яны ставяцца да вынікаў з асцярогай, нагадваючы, што сцвярджэнне, зробленае ў 2020 годзе аб наяўнасці іншай малекулы – фасфіна – якая можа вырабляцца жывымі арганізмамі ў аблоках Венеры, было аспрэчана праз год.

Планета K2-18 b круціцца вакол халоднай карлікавай зоркі (на фота паказанай чырвоным), на дастатковай адлегласці, каб яе тэмпература падтрымлівала жыццё.

Фота: ВВС